ЗВЯРТАЙЦЕСЯ ПА ДАПАМОГУ ДА СПЕЦЫЯЛІСТАЎ



Уладальнікам прыватных дамоў, дачаў, катэджаў і іншых загарадных пабудоваў часта даводзіцца самастойна вырашаць праблемы з правядзеннем будаўнічых і рамонтных работ паблізу ліній электраперадачы.

Правядзенне работ паблізу ўводу у дом часта прыводзіць да няшчасных выпадкаў. Так, непрацуючы жыхар вёскі Яцвезь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці па просьбе суседкі фарбаваў франтон яе дома. Калі мужчына падымаўся па лесвіцы, яна зламалася. Пры падзенні ён дакрануўся да правадоў адгалінавання ўводу ў дом. У выніку пацярпелы атрымаў электрычныя апёкі 1-2 ступеняў.

Выпадак, які адбыўся ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці, меў трагічныя наступствы. Па просьбе знаёмай мужчына імкнуўся адрэгуляваць тэлевізійную антэну, якая была зманціравана на металічнай трубе. Калі мужчына паспрабаваў павярнуць трубу, яна адарвалася і ўпала на неізаляваныя правады ўводу. У выніку мужчына быў смяротна паражоны электрычным токам.

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Памятайце, што для выканання мантажу, рамонту электраўстановак вашага домаўладання неабходна звяртацца па дапамогу да кваліфікаванага электратэхнічнага персаналу. Для правядзення рамонтных работ звонку дома паблізу лініі электраперадачы неабходна адключыць напружанне на аголеных правадах уводу. Для гэтага неабходна звярнуцца ў Дзятлаўскі РЭС на адрас: г. Дзятлава, вул. Энергетычная, 7.

В. КАСЦЮКЕВІЧ, дзяржаўны інспектар па энергетычным наглядзе

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/