ЗРАБІ КРОК НАСУСТРАЧ, СТАНЬ НА ШЛЯХ ВЫПРАЎЛЕННЯ



Актуальнай на Дзятлаўшчыне застаецца праблема ўчынення злачынстваў асобамі раней судзімымі, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Супрацоўнікі аддзела вядуць з гэтай катэгорыяй грамадзян прафілактычную работу, якая ўключае меры прэвентыўнай накіраванасці: ізаляцыю ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, замену пакарання на больш строгае. Ужо сёлета ў ЛПП накіраваны 5 чалавек, прызнаных хранічнымі алкаголікамі. Усе яны знаходзіліся на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Вялікую ўвагу праваахоўнікі надаюць вяртанню раней судзімых да нармальнага жыцця. З гэтай мэтай і для прафілактыкі злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, у тым ліку ў сямейна-бытавой сферы, 17 -- 21 чэрвеня 2013 года ў раёне праводзілася спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Быт". На яго пачатку на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі знаходзіліся 29 раней судзімых за бытавыя злачынствы (забойствы, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў) грамадзян .

У выніку іх дзеянняў загінулі або сталі інвалідамі іх самыя блізкія людзі. Праваахоўнікі наведалі "групу рызыкі" па месцы жыхарства, правялі прафілактычныя размовы, прапанавалі дапамагчы ў пошуках работы тым, хто яшчэ не паспеў працаўладкавацца пасля адбыцця пакарання. За час мерапрыемства супрацоўнікі аддзела пабылі ў 49 судзімых, праверылі 18 асобаў, для якіх судом устаноўлены абмежаванні і забароны, 9 кантрольных праверак праходзілі ў начны час.

19 чэрвеня ў Дзятлаўскім райаддзеле міліцыі прайшлі акцыі "Крок насустрач" і "Добравест". Іх галоўная мэта -- сацыяльная рэабілітацыя грамадзян, якія раней учынілі злачынства, аказанне ім гуманітарнай, псіхалагічнай, юрыдычнай дапамогі, а таксама дапамогі ў працаўладкаванні. У акцыях прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама П. Чырко, пракурор раёна В. Заяц, начальнік райаддзела міліцыі А. Жалнерчык, суддзя суда Дзятлаўскага раёна С. Лабар, намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Т. Богдан, Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель прыходу храма Прэабражэння Гасподня пратаіерэй М. Пінчук.

Такія мерапрыемствы плануецца праводзіць штомесяц.

А. ЛАМАКА, старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/