ЗНАЧНАЯ ПАДЗЕЯ Ў ЖЫЦЦІ МАЛЕНЬКАЙ ВЁСКІ



Кожная маленькая вёска жыве сваім спакойным жыццём. Але і невялікіх вёсачках часам адбываюцца важныя падзеі, якія закранаюць інтарэсы кожнага жыхара, выклікаюць станоўчыя эмоцыі, пачуццё ўдзячнасці і павагі да раённай улады.

Станоўчыя змены ў жыцці нашай вёскі Чырвоны Бор пачаліся ў 2013 годзе, калі праходзіў Дзень Парэцкага сельсавета. Удзельнікі семінара наведаліся і да нас. Мы падзяліліся з імі вопытам па добраўпарадкаванні вясковых могілак. Справа ў тым, што добрай традыцыяй, якую на працягу многіх гадоў падтрымліваюць жыхары Чырвонага Бору і Яблынькі, стала навядзенне парадку на могілках напярэдадні такіх святаў, як Радаўніца і Дзяды. Вяскоўцы прыбіраюць ля магіл родных, рамантуюць агароджу, упрыгожваюць помнікі. Такі калектыўны клопат не застаўся па-за ўвагай удзельнікаў семінара, ды і людзі, якія наведваюць месцы пахавання сваіх памерлых родных, заўважаюць дагледжанасць і чысціню нашых могілак. Апошнім часам толькі адна праблема хвалявала вяскоўцаў -- высокія дрэвы. Яны маглі ўпасці або ад іх ветрам магло адламаць вялікія галіны і пашкодзіць помнікі.

Па дапамогу мы звярнуліся да старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчыка, і ён не застаўся раўнадушным. Як толькі растаў снег, сышла вада, у вёску была накіравана спецыяльная тэхніка Дзятлаўскага РУП ЖКГ (мы ўдзячны дырэктару С. М. Луню) для спільвання вялікіх соснаў, якія густа раслі на могілках.

Пачалася зладжаная работа. Шчыравалі машыніст аўтавышкі Я. А. Альшэўскі, рабочы зялёнага будаўніцтва С. П. Мацко, рабочы па добраўпарадкаванні А. М. Латушка, прыйшлі і многія жыхары Чырвонага Бору і Яблынькі. Тут жа, на агульным сходзе вяскоўцаў з удзелам старшыні Парэцкага сельвыканкама А. А. Ядэйкі, было прынята рашэнне аб правядзенні 4 красавіка суботніка па навядзенні парадку на могілках.

Сёння вясковыя могілкі сталі больш светлыя і чыстыя, радуюць вока мясцовых жыхароў і прыезжых. Яшчэ доўга ў вёсках будзе абмяркоўвацца зладжаная работа спецыялістаў Дзятлаўскага РУП ЖКГ, будуць гучаць словы шчырай падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта Івану Іосіфавічу Крахмальчыку за аператыўнае вырашэнне праблем жыхароў маленькіх вёсак.

Я. ФІЛІДОВІЧ, стараста вёскі Чырвоны Бор

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/