Змяненні ў правілах дарожнага руху



25 лістапада 2010 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Указ №611 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Правілы дарожнага руху". Згодна з гэтым дакументам удакладняюцца некаторыя паняцці і трактоўкі правілаў.

Так, удакладняецца паняцце "пакіданне месца дарожна-транспартнага здарэння". Зараз пад гэта вызначэнне падпадаюць дзеянні ўдзельніка ДТЗ, накіраваныя на ўтойванне факта такога здарэння або абставінаў яго ўчынення, якія прымусілі супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі да неабходнасці правядзення мерапрыемстваў па ўстанаўленні (пошуку) дадзенага ўдзельніка і (або) пошуку транспартнага сродку.

Ёсць удакладненні, якія датычацца працэдуры асведчання вадзіцеля на прадмет наяўнасці ў яго арганізме алкаголю і наркотыкаў. Згодна з Указам вадзіцелю забаронена ўжываць алкагольныя напіткі, наркатычныя сродкі, псіхатропныя, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы пасля спынення яго супрацоўнікам органаў унутраных спраў да праходжання асведчання.

Акрамя таго, вадзіцель зараз не можа перадаваць кіраванне транспартным сродкам іншай асобе, не ўпэўніўшыся ў тым, што дадзены чалавек не знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.

Супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі дазволена блакіраваць колы аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў вагою да 3,5 тоны, калі яны прыпаркаваны не па правілах.

Таксама змяненні закранулі ідэнтыфікацыі тыпаў транспарту. Да прыкладу, аўтааматары змогуць рэгістраваць квадрацыклы. Да квадрацыклаў будуць аднесены чатырохколавыя транспартныя сродкі як мінімум з кіраваннем аўтамабільнага тыпу (з круглым рулём) і вагою не больш за 550 кілаграмаў. Садзіцца за руль квадрацыкла будзе дазволена вадзіцелям з катэгорыяй В.

Скутарыстам папраўкі ў правілах абяцаюць дазвол на перавозку пасажыра, калі тэхніка аснашчана для яго спецыяльна адведзеным месцам, а таксама калі пасажыр старэйшы за 12 гадоў. Для ваджэння падобнай тэхнікі, якая класіфікуецца як мапеды, з аб'ёмам рухавіка да 50 куб. сантыметраў будуць неабходны правы катэгорыі АМ.

Атрымаць іх можна пасля паспяховай здачы тэарэтычнага экзамена. Аб'ём рухавіка звыш 50 куб. сантыметраў кваліфікуе транспарт як матацыкл, для выкарыстання якога неабходны правы катэгорыі А1 (аб'ём да 120 куб. сантыметраў) або катэгорыі А.

А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ АУС Дзятлаўскага райвыканкама.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/