Злачынца затрыманы. Маёмасць вярнулі пацярпеламу.



12 студзеня ў 11 гадзін 30 хвілін у аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама паступіла паведамленне аб тым, што ў хату да аднаго з жыхароў вёскі Дварэц праз незачыненую фортку залез злодзей.

Ён скраў буйную суму грошай, золата, іншую маёмасць. На месца здарэння выехала следча-аператыўная група ў складзе следчага камітэта А. М. Лазуты, оперупаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку В. В. Жамойдзіка, старшага эксперта М. М. Мікуліча, эксперта Г. А. Касянкова, участковага інспектара міліцыі С. В. Ігнаціка. У сувязі з тым, што было ўчынена рэзананснае злачынства, у Дварэц прыбыў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама В. У. Міхневіч.

Следча-аператыўная група хутка сарыентавалася ў абстаноўцы. У час агляду месца здарэння былі выяўлены важкія доказы і арганізавана работа па вышуку зламысніка. У хуткім часе оперупаўнаважаным В. В. Жамойдзікам і інспектарам С. В. Ігнацікам быў затрыманы мясцовы жыхар, які падазраваўся ва ўчыненні крадзяжу.

У далейшым у яго былі знойдзены і адабраны скрадзеныя грошы і рэчы. Затрыманы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Вядуцца аператыўна-следчыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне ўсіх абставін злачынства.

Галоўнымі фактарамі, якія дапамаглі праваахоўнікам хутка затрымаць злодея, былі своечасовы зварот пацярпелага ў міліцыю, аператыўнасць рэагавання і прафесійныя дзёянні супрацоўнікаў дзятлаўскай міліцыі.

Жыхарам раёна міліцыя настойліва раіць не захоўваць буйныя зберажэнні дома, пры наяўнасці каштоўных рэчаў абсталяваць кватэру сігналізацыяй. Захаванасць вашай маёмасці ў вашых руках!

А. ЖАЛНЕРЧЫК, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/