ЗЛАЧЫНСТВА І ПАКАРАННЕ



Ці думаў калі-небудзь механізатар-перадавік СВК "Граніт-Агра" Дзмітрый Болтач, што акажацца на лаўцы падсудных. Вядома -- не. Але нездарма ў народзе кажуць: "Ад астрогу няма перасцярогу".

Калі ўпершыню ў галаву прыйшла думка дасягнуць поспеху любым шляхам? Магчыма, калі здаў пазіцыі і не выйшаў на першае месца ў спаборніцтве на жніве. Быць на другіх пазіцыях ён не прывык.

У 2007 годзе за Дзмітрыем замацавалі камбайн "Джон-Дзір". Напачатку механізатар займаў першыя месцы ў гаспадарцы і раёне: больш за ўсіх убіраў палеткаў і намалочваў зерня. Апошнія гады адставаў, шмат часу траціў на рамонт камбайна, займаў трэція месцы, хаця, як лічыў, працаваў не менш за перадавікоў, толькі ў іх былі новыя машыны. Тады і падумаў, што неабходна зраўняць магчымасці. Зрабіць гэта вырашыў з дапамогай стружкі з-пад наждака, якую сабраў і засыпаў у гарлавіны маслаправодаў камбайнаў двух сваіх больш паспяховых канкурэнтаў. Меркаваў, што забрудзяцца фільтруючыя элементы машын, загарацца кантрольныя лямпы ціску масла, і камбайны на некалькі дзён да ўхілення прычыны непаладкі не выйдуць на жніво. За гэты перыяд спадзяваўся сам выйсці ў лідары.

Аднак у выніку супрацьпраўных дзеянняў Дзмітрыя Болтача ў двух камбайнаў гаспадаркі было пашкоджана шмат механізмаў. Пры замене пашкоджаных дэталяў спецыялістам давялося мяняць і шэраг іншых, што абышлося гаспадарцы ў больш чым 196 мільёнаў рублёў.

Суд Дзятлаўскага раёна разгледзеў на адкрытым судовым пасяджэнні крымінальную справу ў адносінах да Д. А. Болтача, прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, якое выклікала прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) і прыгаварыў да пакарання ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 5 гадоў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і да пагашэння стратаў, нанесеных гаспадарцы.

Варта зазначыць, што механізатар ужо выплаціў частку неабходнай сумы.

Ці варта казаць пра маральны бок справы? Думаю, у асуджанага хапіла бяссонных начэй, калі абудзілася сумленне. На жаль, час не скіруеш назад, памылку не выправіш.

І. ЗАБЕЛІНА, памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/