ЗІМОВЫЯ ПРАВІЛЫ ХАРЧАВАННЯ



У халодную пару года неабходна перагледзець свой штодзённы рацыён і прытрымлівацца некаторых “зімовых” правілаў харчавання.

Неабходна павялічыць каларыйнасць і “энергаёмістасць” ежы. Зімой рабіце акцэнт на так званы “цяжкі” бялок, вельмі неабходны для імунітэту – мяса, рыбу, птушку. Таксама неабходны нашаму арганізму і малочны бялок. Кожны дзень выпівайце 1-2 шклянкі малака, кефіру, ражанкі або іншых малочных прадуктаў. Абавязкова павінна прысутнічаць у меню сезонная агародніна: белакачанная капуста, брокалі, пастарнак, тапінамбур, рэпа, буракі, морква, цыбуля, бульба; а таксама злакі, зерневыя кашы і хлеб. Арганізму неабходныя “марудныя” вугляводы, якія аддаюць сваю энергію паступова і раўнамерна.

Каб ад правільнага зімовага харчавання не набраць лішнюю вагу, лепш ужываць вугляводы ў першай палове дня, а на вячэру есці нятлустае мяса, рыбу з вялікай колькасцю зяленіва або нізкакаларыйныя кісламалочныя прадукты. І як мага больш рухацца. Чым больш вы будзеце рухацца, тым больш актыўна будзе працаваць абмен рэчываў, і ў вас будзе больш энергіі для жыццядзейнасці.

Неабходна падабраць у зімовы час і правільныя вітаміны. Варта ўжываць пабольш цытрусавых, у якіх шмат вітаміну С, замарожаныя ягады.

Нельга зімой харчавацца ўсухамятку, халоднымі стравамі і піць халодныя напіткі. Толькі цёплае і гарачае. Асабліва карысна заварваць у тэрмасе сушаныя ягады – шыпшыну, чарнаплодную рабіну.

Харчавацца неабходна часта і разнастайна – гэта галоўны прынцып правільнага харчавання, які і зімой не страчвае сваю актуальнасць. Мяняйце кожную раніцу кашы, рабіце свежавыціснутыя сокі, купляйце розныя сарты хлеба -- тады арганізм будзе атрымліваць максімум неабходных карысных рэчываў і змагацца з холадам, дэпрэсіяй і віруснымі захворваннямі.

Н. ЮРЭНЯ, валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ
Л. ЛАЗОЎСКАЯ, загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Дзятлаўскага райЦГЭ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/