ЗІМА НА ПАРОЗЕ: ЧЫМ МОЖНА ПАДКАРМІЦЬ ПТУШАК



Прыгожы, але, на жаль, сумны малюнак бачым мы восенню, калі ў небе з'яўляюцца адлятаючыя птушкі. Міжволі падымаем галаву і праводзім іх поглядам, у думках развітваючыся з імі да будучай вясны.
Ёсць птушкі, якія не ляцяць ад нас на зімоўку. Застаецца на радзіме самая маленькая птушка -- жоўтагаловы каралёк. Дарослая асобіна жоўтагаловага каралька разам з хвастом па памерах, як пачак запалак, а яе птушаняты памерам з чмяля. Яна зімуе ў нашых лясах, гняздуецца ў асноўным на іглічных дрэвах (елках). Каралёк -- рухавая птушка, сваю прысутнасць чародка пастаянна выдае нягучным папіскваннем. Да канца зімы вядзе качавое жыццё (часта разам з сініцамі).

Узімку ў нашым раёне можна будзе бачыць чародкі сініц, вераб'ёў, крыжадзюбаў, дзятлаў. Застануцца зімаваць некаторыя драпежныя птушкі, напрыклад, совы. Спакойна будуць прагульвацца па заснежаных вуліцах галубы і галкі. Надоўга "прапісаліся" ў гарадскіх умовах некаторыя качкі і лебедзі, якія прывыклі карміцца з рук чалавека. З Поўначы прыляцяць на зімоўку ў нашы краі амялушкі, чачоткі, чыжы, снегіры (частка чырвонагрудых прыгажуноў вяртаецца да нас з паўночных рэгіёнаў, частка жыве ў нашых краях круглы год). А за дзесяць дзён да прыходу ў наш горад сапраўдных халадоў з'явяцца чародкі сініцы вялікай.

На змену адляцеўшым птушкам да нас на зімоўку прыляцяць іншыя. Пакуль чародкі птушак, якія традыцыйна прылятаюць у Беларусь зімой, невялікія. Аднак з узмацненнем маразоў іх колькасць стане большай, асабліва ў гарадах. Павялічыцца і колькасць снегіроў. Асноўная іх частка жыве ў Беларусі круглы год, разам з тым асобныя групы гэтых птушак прылятаюць на зімоўку з іншых краін. На зіму ў нашай краіне застаюцца шчыглы, попаўзні, сініцы. Птушкі сілкуюцца ягадамі рабіны, глогу, абляпіхі, насеннем дзядоўніка.

Вялікую дапамогу птушкам у зімовы час могуць аказаць людзі, вывешваючы кармушкі. Лепш за ўсё рыхтаваць для птушак зерневую сумесь, уключаючы ў яе склад насенне сланечніка, проса, ільну. Гэта -- любімы ласунак для сініцаў, снегіроў, дубаносаў, зелянушак. Можна напаўняць кармушкі і кавалачкамі нясоленага сала, якое любяць сініцы і дзятлы, а таксама арахісам, які да спадобы вераб'ям, чыжам і попаўзням.

Давайце ўсе разам дапаможам птушкам перажыць зіму! А мы, экалагічны дазор гімназіі №1 г. Дзятлава, у наступных нумарах газеты раскажам пра птушак, якія зімуюць у нас.

Экадазор гімназіі №1 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/