ЖЫЦЦЁ, НАСЫЧАНАЕ ПРАЦАЙ



Сёлетні лістапад -- юбілейны для Яніны Эдвардаўны Карповіч -- клапатлівай матулі, бабулі, прабабулі і прапрабабулі. У коле вялікай сям'і жанчына адзначыць сваё 90-годдзе.

Усё жыццё Яніны Эдвардаўны было насычана працай. Як толькі ў вёсцы Васявічы была арганізавана калектыўная гаспадарка, Яніна пайшла працаваць ў ільнаводчае звяно. Работа была не з лёгкіх, усё трэба было выконваць уручную. Галоўкі лёну абівалі пранікамі, мяліцамі яго мялі. Цяпер назвы гэтых прыладаў працы для многіх незразумелыя, ды і самыя прылады можна пабачыць толькі ў музеі. А калісьці без іх не абыходзілася ні адна гаспадыня.

Праз некалькі гадоў кіраўніцтва калгаса імя Заслонава прапанавала Яніне пайсці працаваць на свінагадоўчую ферму ў Дварэц, якая знаходзілася за два кіламетры ад Васявічаў. На той час механізацыі на ферме не было, кармы разносілі ў вёдрах, уручную чысцілі і стойлы. А ўвечары чакалі клопаты па хатняй гаспадарцы.

Праз 17 гадоў працы сціплую працу Яніны Эдвардаўны высока ацанілі. Жанчына была ўзнагароджана ордэнам "Знак пашаны". Узнагароду жанчыне ўручалі ў Дзятлаўскім раённым доме культуры. Гэтую ўрачыстасць Яніна Эдвардаўна памятае і цяпер.

Ёсць у актыве Яніны Эдвардаўны і іншыя ўзнагароды. У ліку іх -- медаль "Ветэран працы", ганаровыя граматы, падзячныя лісты. Таксама Яніна Эдвардаўна мае званне "Заслужаная калгасніца Беларусі", была дэлегатам з'езда калгаснікаў Беларусі, неаднаразова выбіралася дэпутатам Дварэцкага сельскага Савета.

Яніна Эдвардаўна выгадавала трое дзяцей, мае сем унукаў, чатырнаццаць праўнукаў, два прапраўнукі. Усе яны ганарацца сваёй матуляй і бабуляй, жыццё якой -- прыклад для іх.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/