ЖЫРОВІЧЫ ЗАПРАШАЮЦЬ НА “ДЗЕНЬ ЗДАРОЎЯ”



Не ведаеце, чым заняць сябе на выхадныя? Любіце актыўны адпачынак, але не ведаеце куды пайсці? Толькі для вас, у суботу 25 мая, у невялікім пасёлку Жыровічы Слонімскага раёна будзе арганізавана яркае відовішча, напоўненае незабыўнымі момантамі і прыемнымі падарункамі.

Мерапрыемства пад агульнай назвай “Дзень здароўя” праводзіцца па благаславенні кіруючага архіерэя архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага, кіраўніка справамі Беларускага Экзархата Гурыя, пры ўдзеле каманд са Смаргоні (благачынны пратаіерэй Анатоль Разановіч), Ліды (благачынны пратаіерэй Расціслаў Салаўёў), навучэнцаў Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, а таксама студэнтаў Жыровіцкага аграрнага каледжа.

Мерапрыемства пачнецца а 11 гадзіне на стадыёне Жыровіцкага аграрнага каледжа. У праграме -- бег на 100, 400, 1000 метраў, падцягванне, эстафета 4 па 100 метраў. Тыя, хто адчувае ў сабе волатаўскую сілу, зможа паспаборнічаць у рыўку гіры адной рукой. Арганізатары мерапрыемства папярэджваюць: вага гіры будзе 24 кілаграмы. Акрамя таго, у гэты дзень пройдзе таварыская сустрэча па валейболе і футболе.

Завершыцца праграма сумеснай вячэрай, падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем тых, хто вылучыўся ў сіле, хуткасці, імкненні да дасягнення жаданай перамогі. Але нават тыя, хто не зможа перамагчы свайго суперніка ў той альбо іншай дысцыпліне, таксама не застануцца без узнагарод – усплеск адрэналіну, пазітыўны настрой, знаёмства з новымі людзьмі, набыццё сяброў, адпачынак на свежым паветры, а не ў душным памяшканні на канапе ля тэлевізара будзе лепшай узнагародай для кожнага. Фота на памяць удзельнікаў урачыстага мерапрыемства замацуе дзень 25 мая 2013 года на доўгі час.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/