"Жавароначак" з Казлоўшчыны



Гэтая дзяўчынка спявае з чатырох гадоў. Перавагу аддае народнай творчасці: ужо некалькі гадоў Маргарыта Літвінская з'яўляецца салісткай дзіцячага фальклорнага калектыву "Жавароначкі", які дзейнічае пры Казлоўшчынскім доме культуры.

Моцны, сапраўды народны, голас — падарунак прыроды, вынік работы педагогаў Маргарыты — Святланы Бандаровіч, Зоі Калодзіч.

— Маргарыта, як і ўсе дзеці, пачынала з эстрадных песень, — гаворыць Зоя Канстанцінаўна. — Заўважыўшы, што ў дзяўчынкі ярка выражаны народны голас, я прапанавала ёй паспрабаваць сябе менавіта ў народнай песні. Маргарыце гэта падабаецца. А вось як трэба спяваць, у прыватнасці, аўтэнтычныя песні, якія выконвалі ў нашай мясцовасці, — у гэтым дапамагаюць запісы нашых спявачак, жанчын са Студзераўшчыны, Ахонава.

Эстрадную песню Маргарыта таксама не забывае. Асаблівасці яе выканання засвойвае ў час гуртковых заняткаў пад кіраўніцтвам Людмілы Маер, Наталлі Каўцэвіч. Свой вакальны талент іх вучаніца неаднаразова дэманстравала ў раённым аглядзе-конкурсе "Мелодыі кахання", станавілася яго дыпламантам. Сярод узнагародаў Маргарыты ёсць і дыплом абласнога фестывалю "Маладыя таленты Гродзеншчыны" за 2010 год. А разам з "Жавароначкамі" дзяўчынка станавілася лаўрэатам рэгіянальнага фестывалю фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы".

Захапленне музыкай прывяло Маргарыту і ў музычную школу, выпускніцай якой яна хутка стане — па класе фартэпіяна. Азіраючыся назад, дзяўчынка шчыра прызнаецца, што спачатку не ўсё атрымлівалася. Нават была думка пакінуць школу. Аднак дапамаглі парады мамы Таццяны Сямёнаўны — у жыцці ўсё дасягаецца ўседлівасцю, цярплівасцю і працай.

Як вынік — засвоенае фартэпіяна і самастойна засвоеная гітара, без якой немагчыма ўявіць ніводзін паход з сябрамі. Менавіта такі від адпачынку, даволі актыўны, і падабаецца Маргарыце. Яна любіць сустракацца з сябрамі, зімовыя прагулкі на лыжах, катанне на каньках, летам — на роліках. А зусім нядаўна разам са сваей лепшай сяброўкай Святланай Маргарыта стала аматарам рыбалкі. Сярод хобі дзяўчынкі ёсць і бісерапляценне, вышыванне — усё гэта яна засвоіла ў Казлоўшчынскім эколага-біялагічным цэнтры. Акрамя гэтага, Маргарыта наведвае нядзельную школу, спявае ў царкоўным хоры.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/