"Жаночы" валейбол



Эмацыянальная непрадказальнасць характэрна для ўсіх відаў жаночага спорту. Валейбол - не выключэнне.
Ілюстрацыя гэтага здарылася 5-га сакавіка.

Суботні матч (з сёмага тура) супраць ваўкавыскай каманды дзятлаўскі "Белтэрміз" пачаў спакойна-ўраўнаважана. 3 ліку 4:4 узяўся нарошчваць перавагу. Наталля Абрамчык падала чатыры разы запар — 8:4. Асабліва ўразіла яе трэцяя падача — нізкая, хуткая, без шанцаў для прыёму. Затым серыю з трох падач выдала Алена Пяцэвіч, стала 11:5. Саперніцы скарацілі адставанне да двух мячоў (12:10). Дзятлава ўзяло тайм-аўт. Яго кошт роўны перамозе ў першым сэце.

Пасля тайм-аўта нашы выйгралі шэсць мячоў запар. 18:10. Перавагу ўтрымалі да фінішу партыі. Выдатна гуляла Алена Карбоўская, шмат забівала ў добра разыграных атаках. Вынікова паднімаліся ў атаку Пяцэвіч і Абрамчык. "Белтэрміз" выйграў 25:18.

Супраціўленне ваўкавыскай каманды павялічылася з пачатку другога сэта. Зніклі серыі на падачы дзятлаўчанак, гульня пайшла мяч у мяч. Капітан ваўкавыскай каманды Святлана Сідаркевіч узялася "строіць" сваіх дзяўчат. Вытрымаюць капітанскія "піхачы", не расклеяцца?

Нашы глядзяцца нармальна. Забівае Карбоўская, яшчэ павялічыла выніковасць у атацы Пяцэвіч. Пры нічыёй 15:15 Пяцэвіч і Абрамчык выставілі двайны суперблок і выйгралі мяч. Здорава! Як-раз тады падумалася: усё ўмеем — забіваць, падаваць, ставіць блок. Чаму не выйграць у Ваўкавыска, якому звычайна прайгравалі.

Не ведаю, што тады падумалі нашы дзяўчаты, але якраз пасля таго супер-блока зямля трэснула пад "Белтэрмізам", і каманда зрынулася ў бездань. Прайграны сем мячоў запар. 16:22. Ваўкавыск перахапіў ініцыятыву і дамінуе. Значыць, правільна "строіла" сваіх сябровак Святлана Сідаркевіч, ведала, як паступіць у крытычнай сітуацыі.

Як адрэагуюць нашы? Тайм-аўт нашым не дапамог. Некалькі разоў не забіла Пяцэвіч. Прайгралі партыю 19:25. Нічыя па сэтах.

I перапынак нашым не дапамог: не супакоіў, не арганізаваў. Развалілася ўсё. У саперніц пайшлі серыі на падачы. За трэцюю партыю — шэсць серый па тры мячы і больш. Білася, здаецца, толькі наш капітан Алена Карбоўская. Спрабавала разварушыць каманду. Не змагла. Прайгралі 10:25 у трэцім сэце. Гэтак жа бязвольна прайгралі і чацвёрты.

3:1 — ваўкавыская каманда выйграла матч. У суботу, 12-га сакавіка, "Белтэрміз" едзе ў Свіслач. Свіслацкая каманда выступае вельмі моцна — усе свае матчы (пяць) выйграла на суха — па 3:0. Таму не трэба камплексаваць з-за верагоднага паражэння ў Свіслачы. Нават выйграны сэт будзе ўзнагародаю.

Б. ВАРНА.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/