Жанчына года



Лаўрэатам абласнога этапу конкурсу "Жанчына года" ў намінацыі "За дасягненні ў сельскай гаспадарцы" стала прадстаўніца Дзятлаўшчыны - Ала Іванаўна Мясаед, ветэрынарны фельчар СВК "Жукоўшчына".

Ва ўрачыстай абстаноўцы Але Іванаўне былі ўручаны дыплом лаўрэата конкурсу, выява Ефрасінні Полацкай — апякункі зямлі беларускай, памятны падарунак і кветкі. Для яе і іншых лаўрэатаў гучалі песні і пажаданні.

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў абласнога этапу конкурсу "Жанчына года", праводзімага з ініцыятывы грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", праходзіла 20 сакавіка ў Гродне.

Усіх лаўрэатаў у сямі намінацыях (а іх 25 жанчын) павітала старшыня абласной арганізацыі жанчын, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыя Міхайлаўна Бірукова. Яна падзякавала ўсім за ўдзел у конкурсе, выказала спадзяванні, што і надалей ён будзе спрыяць павышэнню ролі жанчыны ў грамадстве — жанчыны-маці, працаўніцы, актывісткі жаночага руху.

М. Бірукова ўручыла ўзнагароды лаўрэатам абласнога конкурсу, а таксама Ганаровыя граматы Беларускага саюза жанчын — прадстаўнікам рэдакцый за актыўны ўдзел у рэспубліканскім творчым конкурсе сярод друкаваных і электронных СМІ "Моцная сям'я — моцная дзяржава". За лепшае асвятленне пытанняў фарміравання здаровай і моцнай сям'і Ганаровай граматай Беларускага саюза жанчын адзначаны калектыў рэдакцыі Дзятлаўскай раённай газеты "ПЕРАМОГА".

І.МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/