Зецельшчына: род Змяёўскіх



Першым падрабязным апісаннем сярэднявечнага Зецела быў Інвентар замка, складзены ў 1580-ым годзе, 24 красавіка, пісарам каралеўскім Андрэем Іванавічам і ўраднікам здзецельскім (на той час замак называўся Здзецельскім) Янам Змяёўскім. Гэты дакумент даў магчымасць атрымаць цікавыя звесткі аб гісторыі краю, яго жыхарах і паселішчах.

Інвентары ў Вялікім Княстве Літоўскім складалі спецыяльна ўпаўнаважаныя для гэтага службовыя асобы. Рабілася гэта так: усю маёмасць аглядалі візуальна, апытвалі мясцовых жыхароў і ўсе заўвагі запісвалі.
Інвентары былі поўныя і кароткія. Інвентар маёнтка Зецела можна аднесці да поўных. Праўда, трэцяя частка Інвентару, у якой апісвалі памеры і спосабы вылічэння феадальных павіннасцяў, нагадвае "берчакі" — разнавіднасць кароткіх інвентароў.

Пісар быў службоваю асобаю ва ўстановах дзяржаўнага і судовага апарату Вялікага Княства Літоўскага. У яго абавязкі ўваходзіла складанне і перапіс афіцыйных дакументаў. Роля пісара з цягам часу ўзрастала: і калі першыя пісары паходзілі з простых людзей, то пазней пісарамі пераважна станавіліся вылучэнцы ад шляхты.

Падкаморны Андрэй Іванавіч з'яўляўся службовай асобай, і паколькі ён займаўся зямельнымі справамі, то быў павятовым. Гэта пасада была даступная толькі шляхцічу-хрысціяніну, ураджэнцу Вялікага Княства Літоўскага, які валодаў маёнткам у тым жа павеце і ведаў права.

Найбольш цікавая для гістарычнага мінулага Зецельшчыны асоба ўрадніка Яна Змяёўскага. Па-першае, прозвішча яго сугучнае з назвай сучаснага паселішча — вёскі Змяёўцы. У той час прозвішчы шляхты адпавядалі назвам паселішчаў, з якіх яна, шляхта, паходзіла, альбо якімі валодала. У Інвентары назва вёскі не зафіксавана, што паказвае на магчымасць існавання невядомага маёнтка на месцы сучаснай вёскі Змяёўцы. Земскіх ураднікаў прызначалі альбо зацвярджалі Вялікі князь, ваявода, стараста са шляхты, якая валодала маёнткамі ў тым жа павеце, дзе іх выбіралі. Пасада ўрадніка была пажыццёвая да пераходу на больш высокую пасаду.

Да 50-х гадоў вёскі Змяёўцы і Міклашы раздзяляла некаторая прастора, цяпер яны зліліся ў адно паселішча. Але іхнія жыхары і сёння помняць умоўны падзел. Па сведчанню вяскоўцаў, на поўдень ад Міклашоў у даваенны час знаходзіліся татарскія могілкі. Паведамленне гэта цікавае тым, што яно падказвае археолагам магчымае месца капцоў — старажытных могілак славянскіх ці балцкіх жыхароў. Сёння на месцы колішніх могілак — паша. Карпатлівае даследаванне ледзь не кожнага яе метра дало плён: была знойдзена кераміка ХУІ-ХУІІ стагоддзяў і праз гэта вызначана месца паселішча.
У вёсцы Міклашы, на агародах, таксама сустракаецца кераміка таго часу. Значыць, паселішча існавала на момант складання Інвентару, але яно не згадана. Па расказах, на адным з узвышшаў каля вёскі Міклашы раней мелася круглая, акальцаваная невялiкiм валам пляцоўка, з якой былі бачны вёска Нарбутавічы і Дзятлава.

У апошняй частцы Інвентару засведчаны баяры Пётр, Адам, Лаўрук і Томук Молдуці і Мацьяска Міклашэвіч. Магчыма, неназванае паселішча было ўмацаваным маёнткам баярына Мацьяскі Міклашэвіча.
Размяшчэнне тутэйшых вёсак, варта думаць, не змянілася на працягу некалькіх стагоддзяў, таму што, згодна дакумента, Пётр Малдуцкі жыў "у Карачэвічах". Да 50-х гадоў паміж сучаснымі вёскамі Малдуці і Змяёўцы існаваў хутар Карачоўка, які, безумоўна, атрымаў сваю назву ад суседняга ручая Карачаўка. Запіс пра гэту рачулку ёсць у больш познім Інвентары ад 1785 года.

Верагодна, недзе тут і знаходзіўся маёнтак Пятра Малдуцкага. Яго браты ці блізкая радня маглі жыць у іншым, асобным, маёнтку, таму што з імі не звязваецца тапонім Карачэвічы. У Інвентары ад 1785 году даецца апісанне вёскі Серафіны, якой зараз няма, і ўпамінаецца рэчка Молдзя непадалёк ад Моўчадзі. Магчыма, маёнтак, у якім жылі сваякі Адам, Лаўрук і Томук Молдуці, мясціўся побач з гэтай рачулкай.
Але вернемся да асобы Яна Змяёўскага. Мястэчка Зецела (на той час Здзецель) уваходзіла ў Навагародскі павет — адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку ў Вялікім Княстве Літоўскім. Навагародак тады быў значным паселішчам, дзе мелася свая буйная арыстакратыя. Тут збіралася мясцовая знаць на сеймікі — сходы шляхты. У гэтым горадзе знаць, несумненна, валодала нерухомасцю: дамамі, сядзібамі. 3 цягам часу навакольная шляхта замацоўвалася ў горадзе, асядала ў ім. Так з'яўляліся сем'і аднаго роду. Дакументы ўпамінаюць асобу, якая безумоўна, знаходзілася ў сваяцкіх адносінах з Янам Змяёўскім. Гэта суддзя горада Навагародка Балтазар Змяёўскі.

Захаваўся адбітак яго пячаткі, датаваны 1616 годам. На ім адлюстраваны герб з ініцыяламі Балтазара. Вядома, што ў той час васьмікутнымі пячаткамі карысталіся прадстаўнікі дзяржавы і прыватныя асобы. Але адбітак пячаткі быў з чырвонага воску, а такім воскам абавязаны былі карыстацца толькі тыя, хто належаў да заканадаў чай ці выканаўчай улады. Чатырохчастковы падзел шчыта з нанесенымі на яго сімваламі дае ўяўленне аб продках Балтазара.

Прозвішча Змяёўскія ў дакументах таго часу даволі рэдкае. Наяўнасць маёнтка Яна Змяёўскага каля Зецела і абавязкі баярына ў дачыненні да мястэчка сведчаць, што менавіта з гэтых мясцін быў род Змяёўскіх. У адным з дакументаў ад 1756 года апавядаецца пра двараніна Наўгародскага ваяводства Самуіла Змяёўскага. Несумненна, што ён быў нашчадкам шляхецкага роду Змяёўскіх, выхадцам тых баяраў, якія заснавалі паселішча, якое праз колькі стагоддзяў стала вёскай Змяёўцы.

У Інвентары названы баяры Малдуці, Міклашэвічы, Гнаінскі і Змяёўскі. Яны валодалі маёнткамі, якія мясціліся непадалёк адзін ад другога, цягнуліся паласой. Гэта вельмі важнае назіранне. Мясцовасць, занятая пад маёнткі, магчыма, была здаўна не заселена і аддадзена ў валоданне баярам. Баяры ў Вялікім Княстве Літоўскім былі вайскова-служылымі людзьмі, якія ў ХІІІ-ХУІ стагоддзях атрымалі саслоўныя прывілеі феадалаў. Большая частка іх з'яўлялася васаламі Гаспадара, Вялікага князя, іншыя — васаламі буйных феадалаў. Яны атрымлівалі ўчасткі зямлі Пры ўмове нясення службы. Яны маглі мець некалькі феадальна-залежных сялян.

Названыя баяры, верагодна, упершыню з'явіліся ў гэтых мясцінах, пачаўшы вайсковую службу ў Канстанціна Астрожскага, гетмана Беларускага войска. Ён мог надзяліць іх зямлёй. Маёнткі баяраў мясціліся на ўзвышшах, акружаючы сярэднявечны Зецел, і кантралявалі падыходы да яго з паўднёвага накірунку, прыкрывалі дарогі ад Навагародка, Дварца і Казлоўшчыны. У той неспакойны час Беларусь часта цярпела ад крымскіх татараў, і вансковы вопыт Канстанціна Астрожскага падказаў яму, што заставы службоўцаў дапамогуць апярэдзіць раптоўны наезд крымчакоў.

Ян Змяёўскі згадваецца ў дакументах яшчэ пад 1566 годам. У той час Здзецел належаў сыну Канстанціна Астрожскага — Васілю, які не быў на вайсковай службе. Зыходзячы з гэтага, верагодна, што толькі яго бацька, таленавіты і славуты воін, Гетман найвышэйшы (галоўны начальнік над войскам дзяржавы) з 1497 года, як уладар маёнтка Здзецела мог так удала пасяліць баяраў, якія неслі вайсковую службу.
Прозвішчы баяраў здольны шмат расказаць аб іх паходжанні.

У Мацьяскі Міклашэвіча, відавочна, быў бацька Мікаш. Імя даволі рэдкае на той час. Такія імёны мелі, звычайна, венгры, палякі. Канстанцін Астрожскі быў родам з Астрога, невялікага гарадка на рэчцы Гарынь, што на Валыні. Магчыма, гэта і паспрыяла таму, што іншаземец падаўся на службу да Канстанціна Астрожскага.

Продкам баяраў Пятра, Адама і Лаўрука Молдуцкіх мог быць і мясцовы жыхар, які пасяліўся каля рэчкі Молдзя. Назва рэчкі балцкага паходжання. Падобныя словы зафіксаваны ў прускай мове meadle (маланка), у літоўскай meldziu (малюсь). Прускае слова абазначала язычніцкае ўяўленне маланкі, як прылады вярхоўнага бога Перуна. У тым жа кантэксце язычніцтва асэнсоўваецца і літоўскае слова. У арыгінале Інвентару ад 1785 года рэчка была напісана па-беларуску лацінскімі літарамі Моldzia, што гучала як Молдзя і амаль дакладна адпавядала яе балцкамоўнаму гучанню.

Прозвішча Змяёўскі ўласціва выхадцам з мясціны Змеева. Назва вёскі, падобная па гучанню — Зміёў — упамінаецца ў гістарычных дакументах пад 1540-1541 гады. Яна знаходзілася пад Гародняю (Гродна).

У тых жа дакументах засведчана і мясцовасць Гнойнікі. Магчыма, што баяры Гнаінскі і Змяёўскі былі паходжаннем з гэтых мясцін, але такое меркаванне яшчэ трэба праверыць.

Пётр Русаў, «Перамога»

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/