“ЗДАРОВЫ Я - 3ДАРОВАЯ КРАІНА!”



3 17 па 19 ліпеня ва ўрочышчы Рыбакі прайшоў абласны моладзевы турзлёт "Здаровы я - здаровая краіна!”, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзел у турзлёце прынялі 19 каманд з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

Дзятлаўшчына ўпершыню прымала ўдзельнікаў падобнага мерапрыемства. На гасціннай дзятлаўскай зямлі моладзь вобласці павітаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Іосіфавіч Крахмальчык. Апроч яго, з прывітальным словам да ўдзельнікаў турзлёту звярнуліся першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Аляксандр Міхайлавіч Коўш, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Андрэевіч Лісковіч, Васіль Кандрацьевіч Міхно, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Браніславаўна Сцепаненка, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Валер'евіч Мацюкевіч. Яны падкрэслілі важнасць падобных мерапрыемстваў, якія скіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця сярод моладзі рэспублікі. Менавіта ёй будаваць заўтрашні дзень нашай краіны.

Дзятлаўская зямля зведала нямала гора ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля цырымоніі адкрыцця прадстаўнікі каманд і арганізатары турзлёту накіраваліся ў райцэнтр, дзе ўсклалі кветкі да абеліска Славы і ўшанавалі хвілінай маўчання подзвіг вызваліцеляў роднай зямлі.

Пасля ўсіх афіцыйных мерапрыемстваў для маладых турыстаў пачаліся традыцыйныя турыстычныя спаборніцтвы па 11 дысцыплінах. Сярод іх — паласа перашкодаў, падыманне гіры, валейбол, песні ля вогнішча, падцягванне, армрэстлінг, быт турыста і іншае. Узровень падрыхтоўкі турыстаў на абласным спаборніцтве быў адпаведна высокім, і кожная каманда добра праявіла сябе ў канкрэтнай дысцыпліне.

У агульнакамандным заліку першыя тры месцы заслужена занялі каманды Гродзенскага, Смаргонскага і Бераставіцкага раёнаў. Гродзенцы былі першымі ў падыманні гіры, армрэстлінгу і конкурсе песень ля вогнішча, занялі другое месца па валейболе. Смаргонцы лепш за ўсіх перацягвалі канат, а у конкурсе быту і песень сталі другімі. Турысты з Бераставіцы выйгралі гульню ў “гарады”, а ў валейболе занялі трэцяе месца.

Прадстаўнік Дзятлаўскага раёна - каманда СВК "Граніт-Агра" - у агульнакамандным заліку фінішавала на дзясятым месцы. Але годна сябе праявіла ў асобных намінацыях: першыя - у быце турыста, другія - у гульні “гарады”, трэція - у падцягванні.

Першыя тры месцы, як па асобных відах спаборніцтваў, так і агульнакамандныя, былі адзначаны кубкамі, граматамі і каштоўнымі падарункамі.

В. АЛЯХНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/