ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ -- ВЫБАР КОЖНАГА



У аддзяленні першаснага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адбылася тэматычная сустрэча "Здаровы лад жыцця -- выбар кожнага". На мерапрыемства былі запрошаны шматдзетныя, малазабяспечаныя, няпоўныя і ненадзейныя сем'і, перад якімі выступілі спецыялісты адказных службаў раёна.

Прысутных павітала загадчыца аддзялення Галіна Эдвардаўна Касцюк і патлумачыла, што мэта сустрэчы -- расказаць аб перавагах здаровага ладу жыцця, барацьбе са шкоднымі звычкамі, іх уплыве на здароўе чалавека. Таксама ў час мерапрыемства кожны мае магчымасць выслухаць парады спецыялістаў, атрымаць адказы на набалелыя пытанні.

Наталля Іванаўна Юрэня, валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ, расказала аб такім распаўсюджаным і небяспечным захворванні, як туберкулёз, параіла прысутным своечасова праходзіць флюараграфічную дыягностыку. Нагадала аб шкодзе тытуню і алкаголю. Патлумачыла, што такое "Спайс" і якую небяспеку тоіць у сабе шкоднае зелле. Параіла матулям правесці прафілактычную гутарку з дзецьмі наконт смяротнай небяспекі наркотыкаў.

Аб неабходнасці захавання ў хатах і кватэрах мераў супрацьпажарнай бяспекі і выкарыстання аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, забароне на вясновае выпальванне сухой травы вёў гаворку інспектар дзятлаўскага РАНС Аляксандр Анатольевіч Беленка.

Пагутарыла з гасцямі і Вольга Вацлаваўна Бародзіч, начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама. Жадаючыя мелі магчымасць задаць ёй свае пытанні наконт рэгістрацыі і скасавання шлюбу, рэгістрацыі нованароджаных.

Спецыялісты Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна раздалі прысутным тэматычныя буклеты "Наступствы алкагалізму", "Як пазбегнуць сварак і напоўніць жыццё радасцю", "Адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей", "Эмацыянальны дабрабыт у сям'і", "Здаровы лад жыцця, як неабходная ўмова для стварэння надзейнай сям'і".

Бацькі непаўналетніх дзетак атрымалі ад Цэнтра гуманітарную дапамогу -- дзіцячы абутак.

Напрыканцы мерапрыемства Г. Э. Касцюк правяла для гасцей экскурсію ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык". Расказала пра карысныя справы і захапленні людзей з абмежаванымі магчымасцямі, іх перамогі ў конкурсах рознага ўзроўню, у тым ліку і на "Славянскім базары" ў Віцебску. Паказала цудоўныя рэчы, якія робяць сваімі рукамі інваліды.

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/