"ЗДАЙ МАКУЛАТУРУ -- АТРЫМАЙ ПАДАРУНАК!"



Пад эгідай раённага камітэта грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" з 10 сакавіка па 2 чэрвеня 2014 года на Дзятлаўшчыне праходзіць раённы экалагічны конкурс "Здай макулатуру -- атрымай падарунак!". Галоўныя мэты мерапрыемства -- звярнуць увагу грамадскасці на захаванне прыродных рэсурсаў, выхоўваць у людзей пачуццё асабістай адказнасці за ахову прыроды, павышаць экалагічную культуру насельніцтва.
Прыняць удзел у конкурсе арганізатары запрашаюць членаў ГА "БРСМ" у індывідуальным парадку -- вучняў, студэнтаў, працуючую моладзь.

Удзельнікі маюць магчымасць збіраць макулатуру ў месцах масавага адпачынку, у парках, на вуліцах, у магазінах, на іншых аб'ектах соцыуму і здаваць яе ў пункты збору другаснай сыравіны, пакідаючы сабе квіткі. Кожны ўдзельнік павінен сабраць не менш за 80 кілаграмаў макулатуры, каб атрымаць падарунак.

Максімальная яе колькасць не абмяжоўваецца, але ад канчатковай лічбы будзе залежаць перамога ў конкурсе.

Зборшчыкі павінны прынесці свае квіткі ў раённы камітэт ГА "БРСМ" па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56.

Па выніках раённага экалагічнага конкурсу "Здай макулатуру -- атрымай падарунак!" аргкамітэт вызначыць лепшых індывідуальных зборшчыкаў, якія здалі найбольшую колькасць другаснай сыравіны ў кілаграмах. Пераможцы атрымаюць дыпломы і прызы.

Прыміце ўдзел у конкурсе, зрабіце свой горад, пасёлак, вёску больш чыстымі і прыгожымі!

А. ЧУРАЙ, першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/