ЗДАБЫТКІ НАШАЙ ПРАЦЫ




Раён у лічбах і ацэнках за восем месяцаў 2012 года


На пытанні карэспандэнта газеты адказвае старшыня райвыканкама І. Крахмальчык

-- Іван Іосіфавіч, аграрны сектар з’яўляецца не толькі сыравіннай зонай нашых прамысловых перапрацоўчых прадпрыемстваў, але і ўвогуле фундаментам эканомікі раёна. Што мы маем з яго за восем месяцаў бягучага года?

-- Насуперак усім цяжкасцям нам удалося забяспечыць станоўчую дынаміку развіцця па асноўных накірунках сельскагаспадарчай вытворчасці. Атрымана валавой прадукцыі на 172,4 мільярда рублёў, тэмп росту склаў 112,2 працэнта (прагноз – 107,5).

Вытворчасць земляробчай прадукцыі павялічылася на 23,7 працэнта. Валавы збор зерня сёлетняга ўраджаю склаў 68,4 тысячы тон у бункернай вазе і павялічыўся да леташняга на 12,6 тысячы тон. Ураджайнасць склала 40,2 цэнтнера на круг. А самую вялікую прыбаўку валавога збору да леташняга забяспечыў СВК “Войневічы” – 2566 тон.

Хачу адзначыць таксама паспяховую работу сельгаспрадпрыемстваў раёна па вытворчасці алейнага насення рапсу, адной з эканамічна выгадных і перспектыўных сельгаскультур. Валавы збор рапсасемя сёлета склаў 6744 тоны, гэта 232,7 працэнта да ўзроўню 2011 года. На 7,4 працэнта павялічылася ўраджайнасць і склала 24,5 цэнтнера з гектара.

-- Якія бягучыя вынікі работы жывёлагадоўлі раёна?

-- Вытворчасць малака да аналагічнага перыяду мінулага году павялічылася на 6,1 працэнта. Надой на карову склаў 3058 кілаграмаў, што больш на 176 кілаграмаў.

Штосутачныя прывагі на дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы павялічыліся на 16 грамаў і склалі 617. Прывагі вышэй сяреднераённага паказчыка атрымалі СВК “Русь-Агра” (671), “Хвінявічы” (654), “Жукоўшчына” (652), “Войневічы” (642).

У раёне развіваюцца новыя падгаліны жывёлагадоўлі – авечка- і трусагадоўля.

-- Што скажаце, Іван Іосіфавіч, пра дзейнасць нашых прамысловых прадпрыемстваў?

-- Станоўчую дынаміку маем і тут. За 8 месяцаў прамысловыя прадпрыемствы вырабілі прадукцыі на 321,5 мільярда рублёў у фактычных цэнах з улікам давальніцкай сыравіны. Тэмп росту аб’ёму вытворчасці склаў 110,9 працэнта (прагноз – 106 працэнтаў).

Высокімі тэмпамі павялічвалі аб’ём вытворчасці Боркаўскі крухмальны завод – 760 працэнтаў да ўзроўню 2011 года, Дзятлаўская сельгастэхніка – 369,4 працэнта, камбінат бытавога абслугоўвання – 183,7.

Тэмп росту вытворчасці Дзятлаўскага сырзавода склаў 119,4 працэнта. Завод асвоіў новыя віды прадукцыі, арыентаваныя на экспарт – сыры “Чыз-Лайт”, Чэдэр-Лайт”, “Чэдэр-Голд”, “Здзецельскі”. За апошнія гады ў эканоміку прадпрыемства было інвеставана больш, чым 30 мільярдаў рублёў, што дазволіла павялічыць аб’ём вытворчасці сыроў з 1000 да 3000 тон за год.

-- Нашы прамысловыя прадпрыемствы не проста павялічваюць аб’ём вытворчасці, але і робяць небеспаспяховыя захады да дыверсіфікацыі вытворчасці -- пашыраюць асартымент прадукцыі, імкнуцца палепшыць якасць тавараў, што, відавочна, спрыяе ўтрыманню і пашырэнню іх нішы на збытавым рынку і, урэшце, павелічэнню аб’ёму вытворчасці. Каго адзначыце ў гэтай дзейнасці?

-- Акрамя ўжо названага сырзавода, актыўна асвойвае новыя тэхналогіі і выпуск новых відаў прадукцыі Дзятлаўская сельгастэхніка. Дзякуючы змяншэнню энерга- і працазатрат, прадпрыемства павялічвае канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі, выйграе тэндэры на заказы. Сёння сельгастэхніка прапануе аўтаматызаваныя даільныя ўстаноўкі, скрэпернае абсталяванне для гноевыдалення, апырсквальнікі, аўтапаілкі з электрападагрэвам і падтрыманнем узроўню вады, іншае нестандартызаванае абсталяванне для фермаў.

Значныя захады да нарошчвання аб’ёму прадукцыі зроблены Наваельнянскім камбінатам хлебапрадуктаў.

З мэтаю арганізацыі вытворчасці замкнутага цыкла прадпрыемства ўвяло ў эксплуатацыю 4 свінагадоўчыя фермы на 923 галавы. Гэта дазволіла камбінату павялічыць абаротныя сродкі для закупу сыравіны, мадэрнізаваць вытворчасць, зменшыць сабекошт прадукцыі.

Сучасным тэхналагічным і энергетычным абсталяваннем аснашчаны Парэцкі спіртзавод. Рэалізацыя праекта “Схема разварвання крухмалутрымліваючай сыравіны з выкарыстаннем гідраферментатыўнай апрацоўкі” дазволіла заводу зменшыць выкарыстанне прыроднага газу і павялічыць выхад спірту з тоны ўмоўнага крухмалу. Завяршаецца рэалізацыя яшчэ аднаго праекта – “Будаўніцтва зернясховішча на 6 тысяч тон”.

Прадукцыя завода сертыфікавана сістэмай менеджмента якасці. У лютым 2012 года парэцкі спірт-рэктыфікат “Люкс” адзначаны сярэбраным медалём Маскоўскага міжнароднага конкурсу спіртоў. Завод выпускае тры найменні бястарнай гарэлкі, што пастаўляецца на экспарт. Сёлета асвоены і новы від інавацыйнай гарэлкі ў сувенірнай бутэльцы.

Над паляпшэннем якасці прадукцыі працуе і Дзятлаўскі віна-гарэлкавы завод. З пачатку 2012 года прадпрыемства адмовілася ад вытворчасці адзінарных пладова-ягадных він, іх замяніў выпуск він палепшанай якасці і прыгатаваных па спецыяльных тэхналогіях. Для вытворчасці гарэлак пачалі ўжываць дабаўкі, што змяншаюць пахмельны сіндром. Прадпрыемства прыступіла да рэалізацыі інвестыцыйнага

“Тэхнічнае пераўзбраенне з арганізацыяй здабычы і разліву пітной вады і мантажом лініі для вытворчасці кваса і лікёра-гарэлкавай прадукцыі”.

-- Нашы прамысловыя прадпрыемствы значным чынам з’арыентаваны на экспарт прадукцыі. На якім ўзроўні сёлета іхнія знешнегандлёвыя стасункі?

-- Эканамічнае партнёрства наладжана з прадстаўнікамі 27 краін свету. Знешнегандлёвы абарот раёна за студзень – ліпень 2012 года склаў 21,9 мільёна долараў ЗША. Кошт экспартнай прадукцыі – 15,4 мільёна долараў, імпартнай – 6,5 мільёна. Станоўчае сальда – 8,8 мільёна долараў. На долю сырзавода даводзіцца 53 працэнты экспарту.

Павялічваецца экспарт паслуг. Аб’ём паслуг за студзень – ліпень склаў 1,8 мільёна долараў ЗША, рост да леташняга – 128,1 працэнта. На санаторый “Радон” даводзіцца 86 працэнтаў экспартных паслуг.

-- Знешні гандаль пазначаны станоўчай тэндэнцыяй. Як ацэніце ўнутраную прапанову тавараў і паслуг?

-- За студзень – ліпень 2012 года аб’ём рознічнага тавараабароту склаў у раёне 191,5 мільярда рублёў, гэта 108,1 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Робяцца захады да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы гандлёвых прадпрыемстваў. Ідзе рамонт “Дома гандлю” ў Дзятлаве: абнаўляюцца вокны і дзверы, будзе зменена планіроўка залы з устаноўкаю новага тэхналагічнага абсталявання. У сёлетнім кастрычніку будзе завершаны рамонт кафэ “Сосны” ў Наваельні. У мікрараёне па вуліцы Навагрудскай пачата будаўніцтва магазіна гандлёваю плошчаю 400 квадрытных метраў. Актыўна доўжыцца ўстаноўка плацёжных тэрміналаў.

У раёне пашыраецца рынак платных паслуг. Выконваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў сферы бытавога абслугоўвання.

-- Іван Іосіфавіч, вы не аднаго разу падкрэслівалі, што раён ператвораны ў будаўнічую пляцоўку. Дэталізуйце, калі ласка, гэты вобраз.

-- Дзятлаўскі раён – адзін з нямногіх у вобласці, хто выканаў заданне па тэмпах росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ (у супастаўных цэнах). Рост склаў 107,9 працэнта. Акрамя таго, будаўнічыя арганізацыі забяспечылі тэмп росту прадукцыйнасці працы на 107,7 працэнта.

Ідзе актыўнае будаўніцтва чатырох шматкватэрных дамоў жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў (ЖБСК). Сёлета плануюцца да здачы 92 кватэры агульнаю плошчаю 4997 квадратных метраў. На сёлета запланаваны пачатак будаўніцтва яшчэ двух дамоў: 40-кватэрнага ЖБСК-16 і 72-кватэрнага ЖБСК-17 са здачаю ў 2013 годзе. За мінулыя восем месяцаў завершана будаўніцтва 13 кватэр: 5 пабудаваны СВК (тры аднакватэрныя дамы ў Жукоўшчыне і два аднакватэрныя дамы ў Раклевічах), 8 – індывідуальнымі забудоўшчыкамі.

Вялікую ўвагу надаём абнаўленню аб’ектаў сацыяльнай сферы. Ужо мадэрнізаваны харчблок СШ №3 (кошт – 816 мільёнаў рублёў), выкананы капітальны рамонт паліклінікі ЦРБ (3512 мільёнаў рублёў), завершаны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй вучэбнага корпуса пад пачатковую школу ў Казлоўшчыне (3657 мільёнаў рублёў). Закончаны рэканструкцыя маста праз рэчку Дзятлаўка ў Дзятлаве (450 мільёнаў рублёў), рэканструкцыя дома № 25 па вуліцы Чырвонаармейскай у Наваельні. Капітальна адрамантавана водаправодная сетка ў Сачыўлянах.

Пачата мадэрнізацыя рэнтгенкабінета Наваельнянскай гарадской бальніцы пад устаноўку апарата “Пульмаскан”. Сёлета плануецца завяршыць пракладку сетак бытавой каналізацыі ў мікрараёне дзятлаўскіх вуліц Леніна і Кабяка працягласцю 5,32 кіламетра, дзе ўжо асвоены 2587 мільёнаў рублёў. Ідзе добраўпарадкаванне вуліцы Кастрычніцкай (асвоена 350 мільёнаў рублёў).

У перспектыве на 2013 год вялікія планы па развіццю аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры, асабліва ў мікрараёнах індывідуальнай жылой забудовы.

Доўжыцца работа па абнаўленню фасадаў вытворчых, адміністратыўных, сацыяльных і жылых будынкаў горада: “Дома гандлю”, касцёла, дамоў нумар 7, 8, 9 на плошчы 17-га Верасня. Ужо пафарбаваны фасады магазінаў па вуліцы Леніна, 10 і Слонімскай, 31.

Значны аб’ём будаўніча-рамонтных работ выкананы ў аграгарадку Раклевічы да раённага свята “Дажынкі-2012”. Тут капітальна адрамантаваны з унутранаю перапланіроўкаю будынак магазіна і сталовай, у ім размешчаны ФАП, сэрвіс бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі. Выканана вонкавая аддзелка фасадаў будынкаў адміністратыўнага цэнтра. Зроблена капітальная рэканструкцыя мясцовага Дома культуры. Асфальтавана цэнтральная вуліца Новая з устройствам тратуараў і газонаў, выкапана возера.

У рамках праграмы мадэрнізацыі малочнатаварных фермаў вядзецца будаўніцтва МТФ “Хадзяўляны”, неўзабаве будзе адноўлена будаўніцтва падрадным спосабам МТФ “Ёцавічы” і “Падвялікае”. Уведзены ў эксплуатацыю 1-ы і 2-і пускавыя комплексы МТФ на 777 дойных кароваў у Васявічах.

Гаспадарчым спосабам вядзецца мадэрнізацыя МТФ “Падвялікае” (СВК “Слава працы”), МТФ “Зачэпічы” (СВК “Жукоўшчына”), МТФ “Ёцавічы” (СВК “Войневічы”), МТФ “Таркачы” (СВК Граніт-Агра”), МТФ “Хадзяўляны” (СВК Русь-Агра”).

-- Ці спраўляюцца з планам-прагнозам нашы сувязісты і транспартнікі?

-- За 8 месяцаў года раённы вузел электрасувязі выканаў усе прагнозныя паказчыкі. Тэмп росту платных паслуг насельніцтву склаў 187 працэнтаў (у супастаўных цэнах), тэмп росту паслуг юрыдычным і фізічным асобам – 139, 4 працэнта. Колькасць абанентаў byfly павялічылася да 3590, абанентаў ZALA – да 2970.
Пасажыраабарот аўтапарка №16 склаў 5,7 мільёна пасажыра-кіламетра (103,6 працэнта да адпаведнага перыяду 2011 года). Кошт платных паслуг насельніцтву склаў 4,69 мільярда рублёў (156 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2011 года). Перавезена 170,2 тысячы тон грузаў (119 працэнтаў да леташняга).
Патрэбны аб’ём камунальных паслуг забяспечыў жыхарам раёна жылкамунгас.

-- Калі эканоміка – аснова, то інстытуты сацыяльнай сферы – надбудова грамадскага ўстройства. Што скажаце пра становішча сацыяльнай сферы раёна?

-- Агульная выснова такая: установы сацыяльнай сферы справіліся з выкананнем сацыяльных стандартаў і заданняў. Дзейнасць гэтых установаў – у цэнтры ўвагі выканаўчай улады раёна. Раскажу, што ўжо зроблена і робіцца цяпер больш падрабязна.

Сацыяльны стандарт па бюджэтнаму забеспячэнню выдаткаў на ахову здароўя выкананы на 113,4 працэнта – пры плане 811,8 тысячы рублёў на аднаго чалавека выдаткавана 920,6 тысячы рублёў.

Планамерна мацуем матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановаў аховы здароўя. За 8 месяцаў набыты 25 адзінак медабсталявання на суму 141 мільён рублёў (123 мільёны ад гэтай сумы – з раённага бюджэту). У прыватнасці, былі куплены аўдыёметр, бормашына. СВК “Войневічы” закупіў для мясцовай амбулаторыі апарат УВЧ коштам 8,4 мільёна рублёў. Вядзецца рамонт Жукоўшчынскага ФАПа. Заменены вокны ў траўматалагічным аддзяленні ЦРБ, аптэцы, лабараторыі, на адміністратыўным паверху бальніцы з наступным рамонтам памяшканняў. Тэмп росту медыцынскіх паслуг склаў 115,5 працэнта пры плане 112 (у супастаўных цэнах). Да 8,2 мільёна рублёў павялічыўся экспарт медыцынскіх паслуг (за 8 месяцаў 2011 года ён склаў 1,2 мільёна рублёў). Робяцца захады да забеспячэння медустановаў кваліфікаванымі кадрамі. Сярэднямесячная зарплата медработнікаў за 8 месяцаў 2012 года склала 2454,8 тысячы рублёў.

-- У любым грамадстве, Іван Іосіфавіч, ёсць людзі, якім па розных прычынах патрэбна сацыяльная дапамога. У нашым раёне яны не забыты?

-- Не забыты. У раёне рэалізуецца Комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011 – 2015 гады. Паводле праграмы штогод праводзіцца абследаванне сацыяльна-бытавых умоваў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх пажылых людзей, адзінокіх інвалідаў першай і другой групаў, ім аказваецца сацыяльная дапамога. Так, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячных сацыяльных выплат прызначана 319 грамадзянам на суму 545 мільёнаў рублёў. 110 дзецям да двух гадоў прызначаны выплаты на дадатковае харчаванне на суму 375,4 мільёна рублёў. У студзені – жніўні на надомнае абслугоўванне прыняты 78 чалавек.

-- Клопат пра школу – гэта інвестыцыя ў будучыню краіны, грамадства...
-- Нядаўні пачатак новага навучальнага года стаў добраю нагодаю падрахункаваць падрыхтоўку нашых школаў да чарговага верасня. Зроблена шмат – і па бягучаму рамонту, і больш грунтоўнаму, затратнаму. Капітальна адрамантаваны харчблок СШ №3 і, па-сутнасці, створана новая пачатковая школа ў Казлоўшчыне, на пяці школах заменены дахі. Абсалютная большасць нашых школ выглядаюць калі не на “выдатна”, то на “добра”. За што вялікі дзякуй і будаўнікам, і педкалектывам, тэхнічнаму персаналу школаў.

Калі ж казаць моваю лічбаў, то з пачатку года на паляпшэнне вучэбна-матэрыяльнай базы ўстановаў адукацыі накіраваны 2057,6 мільёна рублёў, на бягучы рамонт выдаткаваны 1645,2 мільёна рублёў.
Якасць адукацыйнага працэсу, калі меркаваць з тых жа лічбаў, таксама палепшылася. На 1,7 працэнта павялічылася колькасць вучняў, якія займаюцца на 6-10 балаў, і склала 66,3 працэнта. 64 працэнты выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы (плюс 2 працэнты да 2011 года), з названай колькасці 79,3 працэнта – на бюджэтную форму навучання. Па выніках абласных конкурсаў навучэнцы Дзятлаўшчыны занялі 16 прызавых месцаў (плюс 6 да леташняга).

-- Да хлеба патрэбна песня. Што адметнага ў дзейнасці ўстановаў культуры Дзятлаўшчыны?

-- Аддзел культуры райвыканкама ажыццяўляе Праграму захавання і развіцця культуры Дзятлаўшчыны на 2011 – 2015 гады. У раёне працуюць 26 установаў клубнага тыпу, 22 бібліятэкі, музей, 3 дзіцячыя школы мастацтваў, аўтаклуб. Дзейнічаюць 180 клубных фарміраванняў (яны аб’ядналі 1735 чалавек), з гэтай колькасці 110 – дзіцячыя (1060 удзельнікаў). 12 самадзейных мастацкіх калектываў маюць званне “народны”, 1 – “узорны”. Мастацкія калектывы раёна ўдзельнічалі ў 5 абласных і 3 нацыянальных конкурсах, фестывалях, выставах. Камп’ютарызаваны 13 сельскіх бібліятэк, Дзятлаўская раённая і дзіцячая бібліятэкі маюць лакальную камп’ютарную сетку. Штогод бібліятэкі абслугоўваюць больш, чым 24 тысячы наведвальнікаў.

Музычную адукацыю дзецям даюць 3 школы мастацтваў (у Дзятлаве, Наваельні, Казлоўшчыне) з філіяламі ў Гезгалах, Вензаўцы, Дварцы, Белагурне, Лявонавічах, Раготне. У школах і філіялах займаюцца 488 дзяцей, што складае 19 працэнтаў ад колькасці вучняў агульнаадукацыйных школаў.

Гаспадарчым спосабам зроблены бягучыя рамонты Горкаўскага сельскага клуба і бібліятэкі, Дзятлаўскай, Наваельнянскай, Казлоўшчынскай школаў мастацтва, Вензавецкага і Раклевіцкага сельскіх Дамоў культуры. На рамонт выдаткаваны 733 мільёны рублёў.

План пазабюджэтных даходаў установы культуры выканалі на 118 працэнтаў, атрымалі 282,6 мільёна рублёў.

На 150,2 мільёна рублёў аказала паслуг прадпрыемства “Дзятлавакінавідэасетка”, на 779 кінасеансах пабылі 43,2 тысячы чалавек.

-- Апошнім часам значная ўвага надаецца развіццю фізічнай культуры і спорту і ўнутранага турызму, у прыватнасці. Наш раён не адстае ад працэсу?

-- Сацыяльны стандарт па развіццю фізічнай культуры і спорту ў раёне выкананы. Бюджэтныя выдаткі склалі 583,5 мільёна рублёў, ці па 19,6 тысячы рублёў у сярэднім на аднаго жыхара раёна.

Аб’ём паслуг у сферы фізічнай культуры склаў 87 мільёнаў рублёў. Тэмп росту да аналагічнага перыяду 2011 года – 232,6 працэнта (125 працэнтаў паводле прагнозу).

Яшчэ большымі тэмпамі павялічваўся аб’ём турысцка-экскурсійных паслуг. За студзень – жнівень яны склалі 36,7 мільёна рублёў, тэмп росту – 509,7 працэнта (паводле прагнозу – 120 працэнтаў).

У раёне зарэгістраваны 12 агратурысцкіх аб’ектаў, 6 з названай колькасці ўжо аказваюць паслугі.

Экспарт турысцкіх паслугаў у раёне ажыццяўляе санаторый “Радон”, у 2012 годзе кошт гэтых паслугаў склаў 1582,1 тысячы долараў ЗША (тэмп росту да 2011 года – 135 працэнтаў).

-- Калі вельмі сцісла, адным-двума сказамі, як, Іван Іосіфавіч, падрахункуеце ўсё сказанае вышэй?
-- Мы ў раёне ўвогуле спраўляемся з тымі задачамі, з тымі выклікамі, што прад’яўляе нам час. І ў нас ёсць матэрыяльна-тэхнічны, кадравы патэнцыял, каб працаваць яшчэ больш вынікова і яшчэ палепшыць наша жыццё.

Запісаў Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/