ЗАТРЫМАЛІ ПА ГАРАЧЫХ СЛЯДАХ



Міліцыя Дзятлаўшчыны па гарачых слядах раскрыла крадзеж грашовых сродкаў у вёсцы Драбавічы.

У Беларусь са Стаўрапольскага краю Расійскай Федэрацыі з нагоды рэалізацыі тавараў і паслугаў прыехала група асобаў цыганскай нацыянальнасці. Заехалі на Дзятлаўшчыну, у вёску Драбавічы. Нават не заходзячы ў хаты, на вуліцы, з кішэні спартыўных штаноў даверлівага пенсіянера, мясцовага жыхара, які жыве адзін, незаўважна для яго скралі 540500 беларускіх рублёў і пакінулі месца здарэння.

Аднак дзядуля хутка адумаўся пасля сустрэчы з надакучлівымі прадаўцамі і выявіў прапажу. Ён адразу ж патэлефанаваў у аператыўна-дзяжурную службу Дзятлаўскага аддзела міліцыі па нумары 102, расказаў пра сваю бяду. На месца здарэння тэрмінова была накіравана аператыўная група.

У час граматна арганізаваных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў усе цыганы, якія, як высветлілася, рухаліся на дзвюх машынах, узятых у арэнду ў горадзе Мінску, былі затрыманы супрацоўнікамі АУС Дзятлаўскага райвыканкама. Скрадзеныя грошы праваахоўнікі канфіскавалі і вярнулі законнаму ўладальніку.

На аднаго з "гастралёраў", 1992 года нараджэння, ураджэнца Расійскай Федэрацыі, па факце здарэння аддзелам Следчага камітэта Дзятлаўскага раёна ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса РБ (крадзеж). Ён затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання райаддзела міліцыі, праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні.

Супрацоўнікі міліцыі яшчэ раз заклікаюць усіх грамадзян быць асабліва асцярожнымі і абачлівымі, уважлівымі не толькі да сваёй, але і да суседскай маёмасці. І ў выпадку з'яўлення ў населеным пункце падазроных незнаёмцаў, якія спрабуюць што-небудзь прадаць або прапануюць свае паслугі, тэлефанаваць у міліцыю па нумары 102.

А. ЖАЛНЕРЧЫК, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/