"ЗАСТАВАЙСЯ НА ЛІНІІ ЖЫЦЦЯ"



Пад такім дэвізам сёлета праходзіць Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Гэтая праблема працягвае заставацца актуальнай ужо больш за трыццаць гадоў.
З 1981 года ад сіндрому набытага імунадэфіцыту ў свеце памерлі больш за 25 мільёнаў чалавек. Нягледзячы на прынятыя меры па барацьбе з эпідэміяй, палепшаны доступ да антырэтравіруснай тэрапіі, толькі ў 2012 годзе СНІД забраў жыццё 3,1 мільён чалавек.

Агульная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ-інфекцыяй, дасягнула самага высокага ўзроўню. Па ацэнках спецыялістаў, гэтая лічба складае 40,3 мільёна чалавек. Амаль 5 мільёнаў былі інфіцыраваны ў 2012 годзе.

За апошняе дзесяцігоддзе былі значна пашыраны і ўдакладнены мерапрыемствы, скіраваныя на папярэджанне ВІЧ-інфекцыі. Аднак яны ўсё ж яшчэ не адпавядаюць маштабам і тэмпам распаўсюджання эпідэміі. Задача заключаецца ў тым, каб усе краіны свету забяспечылі максімальна магчымы ўсеагульны доступ да прафілактыкі, лячэння і догляду ў сувязі з ВІЧ, дамагліся змякчэння наступстваў эпідэміі.

І першачарговым этапам работы ў гэтым накірунку з'яўляецца забеспячанне эфектыўнай работы ў галіне прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, асабліва сярод найбольш неабароненых групаў насельніцтва.

У маі 2001 года кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў сабраліся на спецыяльную сесію Генеральнай Ассамблеі ААН для разгляду праблемы ВІЧ/СНІД ва ўсіх яе аспектах. Занепакоеныя маштабамі эпідэміі ВІЧ-інфекцыі, удзельнікі сесіі прынялі Дэкларацыю аб прыхільнасці справе барацьбы з ВІЧ/СНІДам, у якой утрымліваюцца канкрэтныя меры па вырашэнні дадзенай праблемы.

Ж. РЭЦЬКО, доктар-інфекцыяніст Дзятлаўскай раённай бальніцы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/