Запрашае "ИС-ЧАЙ-РА"



Зусім нядаўна магазін-чайную пад загадкавай назвай "ИС-ЧАЙ-РА" адкрыў малады чалавек Максім Ліпніцкі. Ці цяжка пачаць сваю справу? - з такім і іншымі пытаннямі карэспандэнтка газеты звярнулася да маладога прадпрымальніка.

— Чаму з'явілася менавіта такая ідэя: прадаваць чай, духмяныя рэчывы, а не, напрыклад, запчасти?

— Ідэя адкрыць чайную з'явілася ў мяне каля двух гадоў таму. Мне вельмі хацелася зрабіць у нашым горадзе штосьці новае, цікавае, карыснае для здароўя. Наогул, сам праект чайнага дома мне бачыцца крышку іншым, чым цяпер. Пакуль што зроблены першы крок на шляху да мэты, да мары. Аднак у гэтым месцы ўжо збіраюцца людзі за кубачкам гарачага і духмянага чаю. Тут пачынаюцца новыя знаёмствы і сяброўства. Мне гэта вельмі падабаецца. Радасна бачыць усмешкі на тварах людзей, чуць станоўчыя водгукі.

— Ці ёсць попыт у нашым гарадку на прадукцыю, якую прапануеце?

— Чай — гэта напой, які любяць многія людзі. Добры чай дастаўляе задавальненне, прыносіць у жыццё асалоду. Сярод тых, хто пабываў ужо ў "ИС-ЧАЙ-РА", аматары і прыхільнікі гэтага цудоўнага напою. Людзі купляюць і духмяныя рэчывы, бо цікавяцца ароматэрапіяй. Гэта — здаровая альтэрнатыва для падтрымання свайго цела ў патрэбным тонусе, для стварэння прыемнай і расслабленай атмасферы ў доме. Праўда, пакуль што нямногія ведаюць пра магазін-чайную "ИС-ЧАЙ-РА". Але я спадзяюся, што жыхары нашага гарадка ўсё ж будуць цікавіцца чаем, будуць імкнуцца да цвярозага і здаровага ладу жыцця.

— Каліне сакрэт, адкуль пастаўляеце тавар?

— Гэта — не тайна. Усё купляю ў беларускіх імпарцёраў. Чайны посуд вырабляюць у Кітаі, а што тычыцца чаю, то ён вырошчваецца на высакагорных кітайскіх плантацыях. Духмяныя рэчывы вырабляюць у Індыі. Эфірнае масла, свечкі для аромалямпаў выпускаюць у Расіі.

— Чым адрозніваецца ваш чай ад той прадукцыі, што на паліцах іншых магазінаў?

— Мне складана адказаць на гэта пытанне. Я лічу, што ставіць адзнаку і рабіць выбар кожны павінен сам, паколькі густы і перавагі ў людзей розныя. Аднак я магу сказаць, што чай, які ёсць у "ИС-ЧАЙ-РА", вызначаецца арыгінальнасцю ўпакоўкі, сваімі напаўняльнікамі, што складаюцца з натуральных дабавак.

— А што збіраецеся пастаўляць у далейшым?

— У перспектыве я хачу папоўніць асартымент магазіна-чайной сухафруктамі, чым-небудзь да чаю. Будзе тут і добрая кава, чай на вагу, чай элітных гатункаў. У самой чайной будуць выстаўляцца мастацкія работы (карціны, вырабы з дрэва, гліны), каб наведвальнікі маглі бачыць прыгожае, акунуцца ў атмасферу прыгажосці і ўтульнасці.

— А ці цяжка маладому чалавеку адкрыць сваю справу? 3 чаго вы пачыналі?

— Нялёгка! Аднаму гэта, напэўна, немагчыма адолець. Я шчыра ўдзячны тым людзям, якія былі са мною побач і не далі зняверыцца, расчаравацца. Першае, з чаго пачаўся мой шлях, гэта — прадпрымальніцкія курсы. Навучанне я прайшоў у Гродне. Затым трэба было документальна аформіць прадпрымальніцтва, адшукаць памяшканне пад магазін-чайную...

— А дзе ўзялі стартавы капітал?

— Некаторая сума грошай была прадастаўлена як дзяржаўная субсідыя для развіцця малога бізнесу ад Фонду занятасці насельніцтва. Астатнюю частку праекта інвеставаў мой верны і надзейны сябар — мая матуля.

— А як вырашалася пытанне з памяшканнем?

— 3 арэндай дапамагла мая хросная. Пры афармленні і выбары дызайну побач са мной былі бацька і брат. Дзякуючы ім, у зале чайной утульна, тут — спакойная атмасфера. Мае сябры надалі памяшканню элементы дэкору, з якімі тут стала па-хатняму прыгожа. Напрыклад, вось гэтая ваза і кампазіцыя ў ей падабаецца не толькі мне, а і наведвальнікам.

— Прызнайцеся, пра што зараз "баліць"галава ў маладога прадпрымальніка? Ёсць проблемы?

— Так. Даводзіцца вызучаць заканадаўства, весці пэўную дакументацыю, улік сваей дзейнасці. У працэсе, зразумела, узнікаюць некаторыя складанасці. Аднак я лічу, што гэта не нагода падаць духам, сумнявацца. Варта ісці наперад, і ўсё атрымаецца.
Карыстаючыся магчымасцю, запрашаю дзятлаўчан у наш магазін-чайную. Мы знаходзімся ў будынку гасцініцы "Дзядзя Ваня" (уваход з боку Кастрычніцкай вуліцы). Чакаем вас!

Гутарыла I. МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/