ЗАПІС АДМЕТНЫХ ПАДЗЕЯЎ



Людзі, якія ўступалі ў шлюб, даўней злучалі свае лесы пад купаламі храмаў. Толькі ўрачыстае вянчанне і запіс у царкоўнай метрычнай кнізе сведчылі пра законнасць шлюбу. Там жа запісвалі пра нараджэнне і смерць. Святар засведчваў імёны і прозвішчы ўступаючых у шлюб, час ажыццяўлення таінства шлюбу, год, месяц і дзень нараджэння жаніха і нявесты, іх веравызнанне, сямейны стан да моманту заключэння шлюбу, саслоўе, месца жыхарства жаніха, яго занятак, а таксама занятак нявесты, калі яна мела свае сродкі для жыцця, і, нарэшце, ці граматныя яны і ці могуць уласнаручна распісацца ў метрыцы. Кароткія выпіскі з гэтых дакументаў накіроўваліся ў паліцэйскую часць па месцы жыхарства жаніха. Так працягвалася, па сутнасці, стагоддзі.

Аднак надышоў іншы час. Адна царква не магла ўжо выконваць усе няпростыя юрыдычныя функцыі. 3 цягам часу дзяржава пачала браць на сябе гэтыя абавязкі. 3 выхадам у 1917 годзе Дэкрэта "Аб грамадзянскім шлюбе, дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану" пачаўся новы этап у развіцці сямейнага заканадаўства. Згодна з гэтым Дэкрэтам, адзінай формай шлюбу для ўсіх грамадзян, незалежна ад веравызнання, стала заключэнне грамадзянскага шлюбу ў дзяржаўных органах.

Гэты дакумент не адмяняў царкоўны шлюб, аднак прызнаваў яго "прыватнай справай тых, хто заключае шлюб", які не прадугледжвае прававых наступстваў. Афіцыйным фактам уступлення ў шлюб прызнавалася толькі адпаведная афіцыйная рэгістрацыя.

За шлюбамі, заключанымі ў царкоўнай форме да прыняцця Дэкрэта, захоўвалася юрыдычная сіла, яны не мелі патрэбы ў пераафармленні. Умовы ўступлення ў шлюб тады былі значна спрошчаны. Дастаткова было дасягнуць шлюбнага ўзросту: 16 гадоў — для жанчыны, 18 гадоў — для мужчыны і ўзаемнай згоды будучых мужа і жонкі.

Менавіта так зарадзілася сістэма органаў запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС), якая існуе і да гэтага часу. 95 гадоў для дзяржаўнай структуры — тэрмін немалы, нават гістарычны. За гэты час нарадзілася і згуляла вяселлі не адно пакаленне людзей. I ўсе радасныя або сумныя падзеі ў жыцці рэгістравалі работнікі ЗАГСа.

У пачатковай стадыі існавання ЗАГСа заўважны адметныя змены, якія адбываліся ў жыцці краіны. Напрыклад, у графе "род заняткаў жаніха" ў кнігах рэгістрацыі за 1920 год можна было сустрэць наступнае: "чырвонаармеец", "ламавы возчык", а нявесты — "прыслуга", "канторшчыца". Графа "сямейны стан" дзяліла прыгожы пол на тры катэгорыі: "дзяўчына", "удава", "разведзеная". Паўторныя і наступныя шлюбы на той час былі вельмі рэдкія. Заплаціўшы гербавы ўзнос у памеры 20 рублёў, маладажоны заяўлялі пра добраахвотнае ўступленне ў шлюб і распісваліся (калі былі граматныя) у кнізе рэгістрацыі. На гэтым цырымонія заканчвалася. Ніякіх пазначэнняў у паш-партах маладажоны не атрымлівалі, паколькі чырвоныя кніжкі з сярпом і молатам яшчэ не былі ўведзены. Не мела вялікіх фармальнасцяў і скасаванне шлюбу. Аднак ужо тады людзі, якія ўступалі ў шлюб, хацелі, каб момант злучэння іх лёсаў быў больш урачысты, запамінальны на ўсё жыццё. 3 цягам часу ЗАГСы пачалі ўскладняць і ўдасканальваць працэдуру заключэння шлюбаў. Было ўведзена ўступнае слова вядучага шлюбнай цырымоніі, рытуал абмену пярсцёнкамі, музычнае суправаджэнне таго, што адбывалася. Усё гэта прынесла ў звычайную афіцыйную рэгістрацыю элементы свята. I сёння работнікі ЗАГСаў робяць усё магчымае для маладажонаў, каб гэты новы этап іх жыцця стаў яркім і памятным.

ЗАГС — установа спецыфічная і кантрасная. У сістэме Міністэр-ства юстыцыі і ў апараце дзяржаўнага кіравання ў цэлым няма падобных месцаў, дзе так арганічна спалучаюцца строгае, дзелавое вядзенне афіцыйнай дакументацыі з тым станам пастаяннага свята, якое стараюцца стварыць работнікі ЗАГСаў, надаючы ўрачыстасць і непаўторнасць.

У ЗАГСах рэгіструюцца не толькі шлюбы, тут фіксуюцца і захоўваюцца запісы аб нараджэнні і смерці, скасаванні шлюбу, усынаўленні і ўстанаўленні бацькоўства, перамене імёнаў. Акрамя таго, у ЗАГСах змяняюцца, выпраўляюцца і дапаўняюцца запісы актаў, узнаўляюцца і ануліруюцца, выдаюцца паўторныя пасведчанні і даведкі. Пачынаючы з нараджэння і да апошніх жалобных хвілін жыцця занатоўваюцца лёсы людскія ў дакументах органаў ЗАГСа.

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна бюро ЗАГС пачало працаваць у 1940 годзе і існавала яно да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення Беларусі бюро аднавіла сваю дзейнасць. Першы ЗАГС размяшчаўся на плошчы 17 Верасня, затым — на вуліцы Горкага, а з 1974 года і па цяперашні час — на вуліцы Чырвонаармейскай, 3.

Ветэранам загсаўскай работы па праву лічыцца Яўгенія Майсееўна Капціловіч. 3 1971 года яна працавала ў ЗАГСе, кіравала ім 22 гады. За гэты час яна дала пуцёўку ў жыццё столькім маладым сем'ям, у столькіх пасведчаннях яе почырк! Будучы на пенсіі, гэтая энергічная, працалюбівая жанчына не сядзела дома: больш за дзесяць гадоў працавала ў раённай ветэранскай арганізацыі, дапамагала састарэлым людзям і справай, і добрым словам.

У пасялковых і сельскіх выканаўчых камітэта загсаўскія функцыі ўскладзены на сакратароў сельскіх і пасялковых выканаўчых камітэтаў. Усе яны адказныя і граматныя работнікі. Многія з іх ужо на заслужаным адпачынку. Гэта Ганна Іванаўна Ларыёнава, якая з 1967 года працавала ў Ахонаўскім, а затым у Жукоўшчынскім сельвыканкаме, Тэрэза Антонаўна Жукоўская — у Дварэцкім сельвыканкаме, Ніна Канстанцінаўна Ціхановіч — у Наваельнянскім пасялковым выканкаме, Леакадзія Сяргееўна Стырнік — у Рудаяварскім сельвыканкаме, Любоў Уладзіміраўна Міклаш — у Дзятлаўскім сельвыканкаме, Зінаіда Яўгенаўна Лупік — у Вензавецкім сельвыканкаме, Гелена Генрыхаўна Шмыгін — у Раготнаўскім сельвыканкаме. Усім ім, а таксама тым людзям, хто працаваў і прадаўжае гэтую справу — вялікі дзякуй!

Прымайце віншаванні з адметнай датай органаў ЗАГС — 95-годдзем з дня заснавання, Яўгенія Майсееўна Капціловіч, Людміла Антонаўна Буднік, Вольга Уладзіміраўна Кашко, Ларыса Эдуардаўна Лабарэвіч, Наталля Дзмітрыеўна Казарэз, Святлана Міхайлаўна Вінакурава, а таксама ўсе кіраўнікі справамі пасялковых і сельскіх Саветаў Дзятлаўскага раёна, якія вядуць работу па запісе актаў грамадзянскага стану.

Моцнага ўсім здароўя, поспехаў, дабрабыту!

В. БАРОД3ІЧ, начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/