ЗАПАЎНЕННЕ ДЭКЛАРАЦЫЙ ДЗЯРЖАЎНЫМІ СЛУЖАЧЫМІ



Згодна з ч.12 арт.10 закона №174-3 дэкларацыі пра даходы і маёмасць за 2013 год павінны быць пададзены дзяржаўнымі служачымі і членамі іх сем’яў да 1 сакавіка 2014 года, гэта значыць – не пазней за 28 лютага 2014 года.

У дэкларацыі ўказваюцца звесткі пра даходы фізічных асобаў, атрыманыя на працягу 2013 года, з крыніц у Рэспубліцы Беларусь, а таксама з крыніц за межамі Рэспублікі Беларусь. Даходы вызначаны як любыя грашовыя сродкі, у тым ліку займы, а таксама іншая маёмасць, атрыманая фізічнымі асобамі ад грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян, асобаў без грамадзянства, арганізацый. У дэкларацыі пра даходы і маёмасць адлюстроўваюцца звесткі пра даходы фізічнай асобы, атрыманыя ў дэкларуемым перыядзе, як у грашовай, так і ў натуральнай форме. Даходы, належачыя абавязковаму дэклараванню, адлюстроўваюцца ў дэкларацыі незалежна ад таго, з’яўляюцца яны аб’ектам падаткаабкладання або вызваляюцца ад падаткаабкладання згодна з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Маёмасць, якая належыць абавязковаму дэклараванню: жылыя дамы, гаражы, іншыя пабудовы, кватэры (іх часткі), зямельныя ўчасткі; транспартныя сродкі; творы мастацтва, каштоўныя металы і каштоўныя камяні, вырабы з іх, кошт кожнага з якіх больш за 1000 базавых велічыняў або агульны кошт якіх больш за 2000 базавых велічыняў; будаўнічыя матэрыялы, за выключэннем прызначаных для будаўніцтва і (ці) рэканструкцыі жылых памяшканняў, агульны кошт якіх перавышае 2000 базавых велічыняў; іншая маёмасць, кошт адзінкі якой перавышае 2000 базавых велічыняў; акцыі, долі (уклады) у статутных фондах гаспадарчых аб’яднанняў і таварыстваў, паі ў вытворчых і спажывецкіх кааператывах, аб’екты, незавершаныя будаўніцтвам, іх часткі (долі), прадпрыемствы як маёмасныя комплексы, на суму, якая перавышае 15000 базавых велічыняў.

У маёмасці, якая належыць абавязковаму дэклараванню, няма грашовых сродкаў, што азначае: фізічная асоба можа мець якія заўгодна вялікія зберажэнні ў грашовых сродках і не абавязана дэклараваць іх у дэкларацыі пра даходы і маёмасць.

Асаблівасці дэкларавання транспартных сродкаў, што знаходзяцца ва ўласнасці: звесткі аб прычэпах, якія належаць фізічным асобам, таксама адлюстроўваюцца ў дэкларацыі; транспартны сродак адлюстроўваецца ў дэкларацыі, незалежна ад пастаноўкі яго на ўлік у органах ДАІ; выдача даверанасці на права карыстання аўтамабілем, у тым ліку з правам яго продажу, не прыводзіць да спынення права ўласнасці на такі транспартны сродак (такім чынам, звесткі ў адносінах да аўтамабіля, які знаходзіцца ва ўласнасці фізічнай асобы, на дату падачы дэкларацыі належыць адлюстраванню ў дэкларацыі, незалежна ад таго, што ён перададзены іншай асобе па даверанасці ў часовае валоданне, карыстанне і распараджэнне); сума грашовых сродкаў, фактычна зрасходаваных на набыццё транспартнага сродку за мяжой, указваецца ў дэкларацыі без уліку заплачаных мытных пошлін і іншых падобных плацяжоў.

Неабходна звярнуць увагу на вельмі важны момант запаўнення звестак пра даходы. У дэкларацыі пра даходы і маёмасць адлюстроўваюцца любыя і абсалютна ўсе атрыманыя ў дэкларуемы перыяд даходы, незалежна ад іх віду, месца, крыніцы атрымання, патрабаванняў заканадаўства аб падаткаабкладанні. Напрыклад, даходы, атрыманыя ад блізкіх сваякоў, падаходным падаткам не абкладваюцца, аднак усе яны павінны быць адлюстраваны ў дэкларацыі пра даходы і маёмасць.

В. ЖЭЛЯЗОЎСКАЯ, намеснік начальніка аддзела падаткаабкладання юрыдычных і фізічных асобаў падатковай інспекцыі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/