ЗАНЯТКІ АДБЫЛІСЯ Ў ДВАРЦЫ



Інструктарска-метадычныя заняткі былі праведзены на базе Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта са старшынямі сельскіх, пасялковых выканаўчых камітэтаў і службовымі асобамі, якія адказваюць за вядзенне воінскага ўліку ў сельскіх саветах.

Такія заняткі праводзяцца штогод на базе розных сельсаветаў з навучальнай мэтай. Кіраўніцтва ваеннага камісарыята імкнецца падрыхтаваць грамадзян, якія ў ваенны перыяд будуць аказваць дапамогу сельскаму выканаўчаму камітэту пры правядзенні вайсковых мерапрыемстваў. Трэба ў даступнай форме службовым асобам данесці інфармацыю пра парадак дзеянняў пры аб'яўленні мабілізацыі.

Для таго, каб навучанне было дзейсным і зразумелым, праводзяцца практычныя паказы, разгортваюцца пункты збору і адпраўкі сельскага выканаўчага камітэта, умоўна даводзяцца вучэбныя заданні і практычна паказваюцца дзеянні адміністрацыі пункта пры аб'яўленні мабілізацыі.

На інструктарска-метадычным занятку ў Дварцы было практычна адпрацавана і паказана апавяшчэнне грамадзян па прыбыцці на пункт збору і адпраўкі сельскага выканкама, арганізавана падрыхтоўка ваеннаабавязаных да адпраўкі з пункта збору сельскага выканкама на пункт збору ваеннага камісарыяту.

Неабходную інфармацыю, якую павінны засвоіць старшыні сельскіх выканкамаў на паказальным занятку, тлумачыў намеснік ваеннага камісара-начальнік мабілізацыйнай групы, маёр Сяргей Баброўскі, а само мерапрыемства праводзілася пад кіраўніцтвам ваеннага камісара ваеннага камісарыяту Дзятлаўскага раёна, падпалкоўніка Генадзя Сураўца.

Ён адзначыў, што галоўная мэта такіх інструктарска-метадычных заняткаў - навучыць і, калі патрабуецца, падрабязна растлумачыць прадстаўнікам улады, што яны павінны рабіць пры правядзенні мабілізацыйных мерапрыемстваў на тэрыторыі раёна і сельскага савета, каб у адказны момант пры выкананні сваіх абавязкаў не разгубіцца.

Л. СУР'ЯНІНАВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/