ЗАЛЕЖНАСЦЬ ПАЧЫНАЕЦЦА З ПІВА



4 ліпеня -- Дзень прафілактыкі алкагалізму

Колькасць хворых на алкагалізм, як сведчыць статыстыка, з кожным годам расце. Здараецца, толькі зазірнуўшы ў чарку, чалавек праз некаторы час становіцца яе "заложнікам".

-- На жаль, -- адзначае Людміла Лазоўская, загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзялення Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, -- сёння на алкагалізм хварэюць не толькі мужчыны, але і жанчыны. Ва ўсе часы жанчына лічылася сімвалам прыгажосці, мацярынства, захавальніцай сямейнага ачагу. Вельмі шкада, што ёсць прадстаўніцы слабога полу, якія згубілі або паступова губляюць гэтыя якасці з-за сваёй згубнай звычкі -- піць.

Апошнім часам яе набываюць нават адукаваныя жанчыны, якія многа працуюць. Яны разглядаюць спіртное як выдатны спосаб зняць стомленасць і псіхалагічную напружанасць. У многіх выпадках такое рашэнне становіцца першым крокам да развіцця залежнасці, паколькі ўплыў алкаголю на жанчыну мае свае спецыфічныя рысы: у прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва алкагалізм развіваецца ў разы хутчэй, чым у мужчын. Страшна і тое, што жаночы алкагалізм цяжэй паддаецца лячэнню.

У жанчыны, якая злоўжывае алкаголем, зніжаецца або поўнасцю знікае інстынкт мацярынства. Маці, якая п'е, асуджае на пакуты сваю сям'ю, сваіх дзяцей. Аблічча такой жанчыны выклікае агіду.

-- Першае знаёмства з алкаголем для многіх падлеткаў пачынаецца з ужывання піва, якое цяпер актыўна рэкламіруюць па тэлебачанні, -- гаворыць Наталля Юрэня, валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ. -- Аднак у рэкламным роліку не гаворыцца пра тое, што піва не рэкамендуецца ўжываць падлеткам, што яно супрацьпаказана пры некаторых хваробах нават дарослым.

Магчыма, бацькі не лічаць піва алкагольным напоем, не лічаць чымсьці заганным тое, што піва ўжывае іх сын -- школьнік ці студэнт. Але трэба ведаць, што падлетак, які часта п'е піва, прывучае сябе не толькі да яго заспакойваючага ўздзеяння, але і да адчуванняў лёгкага ап'янення. З часам у падлетка ўзнікае неабходнасць у такіх адчуваннях. Такім чынам, піва змяняе не толькі звычкі чалавека, але і абмен рэчываў у яго арганізме. Так фарміруецца пэўная алкагольная залежнасць.

Чым маладзейшы арганізм, тым больш адчувальны ён да малых дозаў алкаголю. Паступова іх колькасць узрастае, што прыводзіць да парушэнняў функцый арганізму. Змяняецца і асоба чалавека ў цэлым. Што тычыцца падлеткаў, то яны пачынаюць горш вучыцца, губляюць інтарэс да вучобы. Піўная залежнасць страшная яшчэ і тым, што падлетак, які прывык да яго ўжывання, лёгка знаходзіць дарогу да наркотыкаў.

Таму бацькам варта перагледзець свае погляды на праблему "падлетак і піва", не ставіцца да паводзінаў сваіх дзяцей, як для нявіннай забавы. Як кажуць, кепскае трэба спыняць у самым пачатку, каб пасля не ўзніклі яшчэ большыя праблемы.

Падрыхтавала А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/