"ЗА ПЕСНЯЙ, ЗА СОНЦАМ"



Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Аркадзя Куляшова. Юбілейнай даце быў прысвечаны раённы агляд-конкурс "За песняй, за сонцам". Мерапрыемства таксама прайшло ў рамках акцый да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Удзел у аглядзе-конкурсе прынялі артысты гутарковага жанру. Мерапрыемства адбылося ў Дзятлаўскім раённым доме культуры.

Як адзначыла метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Янушкевіч, конкурс склалі выступленні ў розных жанрах. Гучалі сур'ёзныя лірычныя творы, жартоўныя байкі, мініяцюры. І кожны ўдзельнік усяго за некалькі хвілін змог прадэманстраваць сваё майстэрства як артыст-дэкламатар, які толькі з дапамогай інтанацыі, голасу перадае тыя пачуцці, якімі прасякнуты твор.

Многія канкурсанты выбралі для выступлення вершы Аркадзя Куляшова, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайне. Найбольш вядомы твор гэтай тэматыкі -- балада "Маці". Яна прагучала ў выкананні Арцёма Абражэя, Яны Ліхайдзей, Юліі Валанцэвіч -- яны прадстаўлялі Вензавецкі сельскі дом культуры. Прадэкламавалі верш Ксенія Заяц, Анастасія Вакуліч, Анжэліка Мішчанка з Дзятлаўскага раённага дома культуры. Прачытала баладу Ганна Лішык з Казлоўшчынскага дома культуры.

А распачаўся конкурс артыстаў размоўнага жанру з інсцэніроўкі "Восеньскай песні", якую выканаў Максім Юганаў у суправаджэнні акампануючай групы ў складзе Ягора Стракоўскага і Вадзіма Кібеня. Працягнула конкурсную праграму Ніна Лашкоўская -- самая старэйшая ўдзельніца раённага мерапрыемства. Яна прадстаўляла Данілавіцкі сельскі дом культуры. У жанчыны на "выдатна" атрымалася прачытаць і сур'ёзны верш "Ля брацкай магілы", і жартоўную байку. Дарэчы, гэты жанр -- найбольш любімы ў рэпертуары гэтай артысткі.

Наогул, удзел у конкурсе прынялі аматары гутарковага жанру з Дзятлава, Раклевічаў, Казлоўшчыны, Лявонавічаў, Таркачоў, Вензаўца, Студзераўшчыны, Погіраў, Сачыўлянаў.

-- Вызначыць кагосьці аднаго было складана, -- адзначыла Таццяна Генадзьеўна. -- Канкурсанты выступілі годна. Усе яны пранікнёна, дзесьці і з хваляваннем, не без гэтага, чыталі творы Аркадзя Куляшова. Мяркую, што ўсе ўдзельнікі будуць адзначаны дыпломамі. А некаторых з выканаўцаў мы запросім прыняць удзел у абласным аглядзе-конкурсе артыстаў гутарковага жанру, які пройдзе восенню.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/