З паседжання рённага штаба



На пачатку сакавіка ў Дзятлаве прайшло пасяджэнне раённага штаба па каардынацыі работы па папярэджанні гібелі людзей на пажарах. На парадах дня было вынесена абмеркаванне дзвюх апошніх трагедый, што адбыліся на Дзятлаўшчыне: 26 лютага бягучага года ў вёсцы Пацаўшчына ва ўласным доме загінуў у пажары адзінокі інвалід другой групы, 1943 года нараджэння; 2 сакавіка ў гарпасёлку Казлоўшчына згарэў хлеў на надворку аднаго з дамоў па вуліцы 40 гадоў Кастрычніка, у агні загінуў часова непрацоўны 53-гадовы мясцовы жыхар.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі адзначыў, што па выніках двух месяцаў бягучага года наогул дапушчаны рост гібелі людзей на пажарах у раёне. Пры гэтым намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС С. Саламевіч указаў на недастатковую пажарна-прафілактычную работу, якая праводзіцца сельскімі выканкамамі ў жылым сектары раёна. Сяргей Уладзіміравіч прапанаваў увесці ў практыку пры правядзенні Адзіных дзён прафілактыкі комплексную адпрацоўку жылога сектара ў пасялковых і сельскіх Саветах з удзелам прадстаўнікоў усіх зацікаўленых службаў (не менш аднаго сельскага Савета ў месяц).

На пасяджэнні было прынята рашэнне сіламі членаў назіральных камісій, пазаштатных пажарных фарміраванняў, вулічных і дамавых камітэтаў, старастаў вёсак актывізаваць работу па абследаванні жылых дамоў і надворных пабудоваў грамадзян. Па выніках праверкі супрацьпажарнага стану домаўладанняў і ўмоваў пражывання адзінокіх грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем'яў будуць знойдзены магчымасці па аказанні ім неабходнай дапамогі ў рамонце печаў, электраправодкі і ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

На пасяджэннях пассельвыканкамаў і працоўных калектываў будуць разглядацца ўсе факты злоўжывання спіртнымі напіткамі на працоўных месцах і ў быце, незаконнай рэалізацыі спіртаўтрымліваючых вадкасцяў, ухілення бацькоў ад выканання сваіх бацькоўскіх абавязкаў. Будзе забяспечаны кантроль за выяўленымі "новымі" асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, арганізавана ўзаемадзеянне з наркалагічнымі службамі па фарміраванні аб'ектыўных спісаў грамадзян, у адносінах да якіх неабходна ажыццяўляць прафілактычныя меры ўздзеяння. Прынята рашэнне ініцыіраваць накіраванне прапановаў у органы сацыяльнай абароны па размяшчэнні нядужых і інвалідаў у інтэрнаты для састарэлых грамадзян з кругласутачным знаходжаннем.

Начальніку аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама I. Кухарэвічу даручана арганізаваць абследаванне ўмоваў пражывання дзяцей у шмтадзетных і сацыяльна ненадзейных сем'ях, а таксама сем'ях, у якіх знаходзяцца малалетнія дзеці, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы; праінфармаваць раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях аб выяўленых няспраўнасцях у рабоце печаў, электраправодкі і іншых пытаннях, звязаных з забеспячэннем пажарнай бяспекі. Будуць актыўна праводзіцца тэматычныя заняткі ў навучальных установах па пытанні выканання мераў пажарнай бяспекі, у тым ліку напісанне сачыненняў, правядзенне конкурсаў малюнка і г.д. Таксама будуць абмяркоўвацца на бацькоўскіх сходах сітуацыі з гібеллю людзей пры ўзнікненні пажараў, даводзіцца да бацькоў інфармацыя аб неабходнасці пастаяннага нагляду за малалетнімі дзецьмі і выканання правілаў бяспечных паводзінаў у быце.

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама сумесна з пассельвыканкамамі правядуць абследаванне матэрыяльна-бытавых умоваў жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асобаў, якія пацярпелі ад наступстваў ваенных дзеянняў, адзінокіх пажылых людзей, адзінокіх інвалідаў першай, другой групы з мэтай аказання неабходнай дапамогі ім (з улікам выяўленых патрэбаў) у рамонце пячнога ацяплення, электратэхнічнага абсталявання, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і своечасовай замене ў іх няспраўных батарэяў.

Падрыхтавала да друку I. ГАЛОМЗІК.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/