З ДЗІЦЯЧЫМ САДАМ – З НАРАДЖЭННЯ



На пачатку лістапада дзіцячы садок №2 горада Дзятлава ўзначаліла Святлана Васільеўна Ус. Вопытны педагог, яна 13 гадоў працавала выхавальніцай у гэтай навучальнай установе, таму ведае яе “знутры” і да дробязяў. Карэспандэнтка гутарыць з загадчыцай дзіцячага садка пра работу ўстановы, выхаванне дзяцей і навацыі ў дашкольнай педагогіцы.

-- Святлана Васільеўна, што новага ў дзіцячым садку з’явілася ў гэтым навучальным годзе?
-- Гэты навучальны год мы пачалі займацца па новай дашкольнай праграме. Згодна з ёй, у нашай навучальнай установе, апроч асноўнага адукацыйнага працэсу, аказваецца шэраг дадатковых платных паслугаў. Для дашкольнікаў 4-6 гадоў гэта харэаграфія, займальная англійская мова і ручное ткацтва (работа з тканінай, ніткамі, паперай). Для старэйшых дзяцей працуе бясплатны гурток па шахматах, заняткі ў якім вядзе Мікалай Іванавіч Венславоўскі. хочацца прадставіць яшчэ адну паслугу – мацярынскую школу, якая прадастаўляецца дзецям ад нараджэння да трохгадовага ўзросту. Матулі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку змогуць, пры жаданні, запісацца ў такую “школу” і некалькі разоў на тыдзень наведваць дзіцячы садок, дзе займацца з дзецьмі і даваць практычныя рэкамендацыі па выхаванні будуць нашы педагогі. Больш за тое, мамы, якія толькі чакаюць з’яўлення на свет дзіцяці, таксама змогуць наведаць мацярынскую школу і атрымаць кансультацыі прафесіяналаў. Для тых бацькоў, хто хоча развіваць сваіх дзяцей у звыклай хатняй абстаноўцы, па жаданні будуць аказаны гувернёрскія педагагічныя паслугі. Праўда, гэта будзе каштаваць даражэй, чым заняткі ў сценах садка.

-- Вы згадалі дасадкоўскае развіццё дзяцей. А ў колькі гадоў, на вашу думку, аптымальна аддаваць свайго сына ці дачку ў садок на поўны дзень, каб яны пачувалі сябе тут добра?
-- Мяркую, бліжэй да двух гадоў. Гэта менавіта той час, калі дзеці прасцей адаптуюцца да незнаёмай сітуацыі, а бліжэй да трох гадоў з’яўляецца падзел на “сваіх” і “чужых” і ўпэўненасць, што мама пастаянна павінна быць побач. Аднак, збіраючыся ў садок, устанавіце дома строга вытрыманы рэжым дня.

-- Што павінна ўмець дзіця, каб яго прынялі ў дашкольную навучальную ўстанову?
-- Найперш, адпаведнае ўзросту ўменне абслугоўваць сябе: самастойна трымаць лыжку, відэлец, хадзіць у прыбіральню, апранаць на сябе некаторыя рэчы.

-- Калі нашы дзеці штодзень удзельнічаюць у занятках у дзіцячым садку, бацькам дома не трэба з імі займацца?
-- Абавязкова трэба. І тут справа нават не ў тым, чым канкрэтна вы будзеце займацца дома. Дзецям трэба ўвага мамы і таты, неабходна размаўляць, гуляць, нешта ствараць са сваімі бацькамі, адчуваць іх клопат пра сябе. Усе вы чулі пра крызісы ўзросту ў дзяцей. Такія здараюцца, калі дзецям не хапае ўвагі блізкіх, яны адчуваюць сябе адзінокімі. І наадварот, праз размову і сумесныя справы з бацькамі ідзе развіццё і правільнае станаўленне дзяцей.

-- Ці павінны выпускнікі дзіцячага садка ўмець чытаць? Калі так, то што ім тады рабіць у першым класе школы?
-- Праграма дашкольнага навучання і падрыхтоўкі да школы не абавязвае дзяцей навучыцца чытаць. Старэйшыя садкоўцы павінны добра рабіць гукавы аналіз слова: з якога гука пачынаецца, якія гукі ў ім ёсць. А наконт чытаць... гэта, хутчэй пажаданне, імкненне бацькоў і здольнасці дзяцей, кожны з якіх развіваецца па-свойму. Даводзілася мне чуць і выказванні плана “А маё дзіця ў тры гады ўжо ведае літары”. Гэта выдатна, але ці ўмее ваша дзіця само мыць рукі, апранацца, ці ведае, якога колеру сонца? У пагоні за развіццём маленькіх вундэркіндаў мы часта прамінаем галоўнае. А, між тым, усяму свой час, свая чарга і логіка. Дашкольная навучальная ўстанова, перш за ўсё, дапамагае дзецям паступова развівацца адпаведна свайму ўзросту.

-- Дадатковыя заняткі ў садку сёлета праводзіце сваімі сіламі ці запрашаеце спецыялістаў з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі?
-- Амаль усе дадатковыя заняткі праводзяць педагогі дзіцячага садка. За апошнія гады да нас прыйшлі працаваць маладыя, творчыя, крэатыўныя педагогі, якія побач з вопытнымі спецыялістамі настойліва і неардынарна працуюць з дзецьмі, працуюць на вынік. У нас праходзяць і выставы дзіцячай творчасці, і тэатральныя прадстаўленні, гульнёвыя праграмы. На занятках выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя спосабы навучыць і зацікавіць дзяцей. Новае і надзвычай папулярнае – інтэрактыўная дошка, на якой дзеці могуць самі выканаць заданні, рухаючы прадметы на экране, і пачуць у адказ “Малайчына!”. Найбольш актыўна такая дошка выкарыстоўваецца на занятках па музыцы і развіцці маўлення.

-- Маўленчая праблема, на жаль, вельмі актуальная сярод сучасных дзяцей. Ці шмат выхаванцаў дзіцячага садка патрабуюць удзелу дэфектолага-лагапеда і якім чынам вы дапамагаеце ім?
-- Поўнае станаўленне маўлення ў дзяцей павінна прайсці да пяці гадоў. Аднак усе, хто наведвае нашу установу адукацыі, праходзяць праверку маўлення ў спецыяліста-лагапеда. Па выніках такой праверкі тыя, хто патрабуе ўдзелу спецыяліста, залічваюцца ў пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для індывідуальных і групавых заняткаў па выпраўленні маўлення. Займацца дзеці, як правіла, пачынаюць з сярэдняга ўзросту, калі ёсць відавочныя праблемы маўлення – з малодшага. Апроч таго, у дзіцячым садку працуе спецыяльная маўленчая група для дзяцей з сур’ёзнымі парушэннямі маўлення. Там з дзецьмі пастаянна працуе вызвалены настаўнік-дэфектолаг і два выхавальнікі таксама з дэфекталагічнай адукацыяй. Усяго ў навучальнай установе працуюць чатыры настаўнікі-дэфектолагі.

-- Якія яшчэ спецыялізаваныя ці профільныя групы дзейнічаюць на базе дзіцячага садка?
-- Гэта санаторная група, якую дзеці наведваюць па медыцынскіх паказаннях. А калі казаць аб профільных – працуе беларускамоўная група, дзе вялікая колькасць заняткаў, гульняў праходзіць па-беларуску, дзе родная мова гучыць у бытавых сітуацыях.

-- Наколькі актыўна бацькі ўдзельнічаюць у жыцці навучальнай установы?
-- Так, усталявалася трывалае і плённае супрацоўніцтва. Работа з бацькамі праводзіцца ў форме бацькоўскіх сходаў, дзіцячых ранішнікаў, забаўляльных праграм. Меркавалася праводзіць дні адчыненых дзвярэй, калі бацькі могуць папрысутнічаць на занятках у сваіх дзяцей, аднак гэта ідэя не была актыўна ўспрынята. Таму справаздачы дасягненняў будзем праводзіць у форме калектыўных сустрэч. Да таго ж, штогод бацькі нашых садкоўцаў аказваюць дапамогу ў правядзенні рамонту, за што ім вялікі дзякуй.

-- Святлана Васільеўна, у новым статусе загадчыцы дзіцячага садка на што б вам хацелася змяніць перш за ўсё?
-- Дзіцячы садок №2 вядзе сваю гісторыю з 1986 года. За амаль 30 гадоў, вядома, прыспела пара рамонту. Шмат чаго было зроблена на працягу апошніх гадоў, але многае яшчэ вымагае нашага ўдзелу. Гэта першае і, я лічу, самае важнае на сёння. Дзеці павінны навучацца, спаць, гуляць, харчавацца ў камфортных для сябе ўмовах. Самыя лепшыя шпалеры ці мадэрновая прыгажосць у пакоях – гэта важна, але дабротная падлога і герметычныя вокны – вось што сёння мае першаступеннае значэнне. Вялікі дзякуй спонсарам (сярод іх ААТ “Поспех”) за дапамогу ў правядзенні рамонту. Што тычыцца навучальнага працэсу, тут ніякіх глабальных пераменаў не патрабуецца: кожны педагог ведае сваю справу, адказна і граматна выконвае яе. Усе нашы намаганні будуць накіраваны на стварэнне бяспечных умоваў для дзяцей, адпаведнасці якасці адукацыі і выхавання сучасным патрабаванням.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/