З Адзінага дня інфармавання



У час сустрэч інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама на Днях інфармавання ў красавіку і маі бягучага года з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства быў зададзены шэраг пытанняў, на якія далі адказ раённыя службовыя асобы.

Пытанне з калектыва прадпрыемства раёна электрычных сетак: "Якія ёсць перспектывы развіцця малога прадпрымальніцтва і стварэння новых рабочых месцаў у Дзятлаўскім раёне ў 2011 — 2012 гадах? Што зроблена і што будзе рабіцца ў гэты час?

Адказ намесніка старшыні райвыканкама А. Жыдко і начальніка ўпраўлення па працы, сацыяльнай абароне і занятасці райвыканкама Л. Васюкевіч: за 2010 год наймальнікамі ўсіх формаў уласнасці створаны 273 рабочыя месцы. У 2011 годзе плануецца стварыць каля 250 рабочых месцаў. За студзень — сакавік былі створаны 76 рабочых месцаў (гэта 30 працэнтаў ад гадавога плана) і яшчэ 10 месцаў у красавіку — усяго 86 рабочых месцаў за 4 месяцы.

У 2011 годзе за сродкі пазабюджэтнага дзяржаўнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва плануецца стварыць 14 рабочых мёсцаў: 5 месцаў у дзятлаўскім філіяле "Гроднааблпаліва", 9 месцаў — у камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Акрамя таго, на рэспубліканскім узроўні разглядаецца пытанне будаўніцтва пятага цукровага завода. Магчыма, месцам яго будаўніцтва стане Дзятлаўскі раён. У гарпасёлку Наваельня на прадпрыемстве "Суперпакінвест" (сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю) будзе наладжана вытворчасць папяровай тары. Колькасць рабочых месцаў на прадпрыемстве складзе ад 16 да 25 чалавек у трохзменным рэжыме работы. У Наваельні будуецца і завод па рафінацыі і дэзадарацыі алею. Увядзенне яго ў эксплуатацыю запланавана на канец 2011 года. Тут будуць створаны каля 25 рабочых месцаў.

Пытанне: ці магчыма перасяленне Казлоўшчынскага дома культуры ў будынак былога ўнівермага?
Адказ начальніка аддзела культуры райвыканкама В. Шыцько.
Пытанне раглядалася ў раённым выканаўчым камітэце. Было прынята рашэнне аб стварэнні ў будынку былога ўнівермага культурна-баўленчага цэнтра. У гэтым Цэнтры меркавалася размесціць ўстановы культуры гарадскога пасёлка: Дом культуры, бібліятэкі, музычную школу. У 2009 годзе былі пачаты работы па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі. Ацэначны кошт рэканструкцыі ўнівермага пад культурна-баўленчы цэнтр склаў 3,5 мільярда рублёў. Сродкаў раённага бюджэту для фінансавання рэканструкцыі недастаткова, робяцца захады для пошуку дадатковых сродкаў у абласным і рэспубліканскім бюджэтах.

Пытанне работнікаў СВК "Хвінявічы": чаму ў магазін вёскі Хвінявічы нярэдка завозіцца мясная прадукцыя, тэрмін рэалізацыі якой на зыходзе?
Адказ намесніка старшыні Дзятлаўскага райспажыўтаварыства В. Баравік: мясная прадукцыя ў Хвінявічы завозіцца штотыдзень па аўторках і чацвяргах Ашмянскім мясакамбінатам, па панядзелках і пятніцах — са склада ў Казлоўшчыне. Прыняты меры для недапушчэння да рэалізацыі пратэрмінаваных тавараў і завозу тавараў, тэрмін рэалізацыі якіх на зыходзе. Магазін узяты на кантроль, ён правяраецца таваразнаўцай рознічнага гандлёвага участка №3 Л. Якшук.

Жыхары Дзятлава просяць паведаміць, куды падзеліся некалькі туевых дрэўцаў, пасаджаных у верасні 2008 года на алеі Маці ў час акцыі "3 дабрадзейным агнём ад гроба Гасподня"?
Адказ дырэктара жылкамунгаса Ю. Залеўскага: туі, высаджаныя ў верасні 2008 года на вуліцы Навагрудскай ля алеі Маці, былі перасаджаны брыгадай жылкамунгаса ў красавіку 2011 года да стэлы на вуліцы Чапаева. Патрэба перасадкі ўзнікла з-за таго, што, падросшы, дрэўцы пагоршылі вугал агляду для вадзіцеляў транспартных сродкаў на перакрыжаванні вуліц Навагрудскай і Чапаева.

Пытанне работнікаў СВК "Хвінявічы": вада ў вадаправодзе вёскі Хвінявічы дрэннай якасці, з вялікім утрыманнем жалеза, ржавага колеру. На якасць вады не аднаго разу скардзіліся, але перамен да лепшага не адбылося. Калі якасць вады ў вадаправодзе будзе прыведзена да спажывецкай нормы?
Адказ дырэктара жылкамунгаса Ю. Залеўскага: у праграме "Чыстая вада", тэрмін рэалізацыі якой разлічаны да 2015 года, запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады. Пасля выдзялення патрэбных сродкаў праблема будзе вырашана.

Пытанне жыхароў Хвінявічаў: у вёсцы Хвінявічы старыя камунікацыі. Часта здараюцца авары і парывы вадаправоднай сеткі. Пасля рамонту парываў нярэдка застаюцца недаробкі: сапсаваны пад'язны шлях, неасфальтаваныя плямы на дарозе. Чаму рамонт не даводзіцца да канца?
Адказ дырэктара жылкамунгаса Ю. Залеўскага: парывы вадаправодных сетак, цепласетак былі ліквідаваны пасля ўзнікнення. На сёння абнаўленне цепласетак у Хвінявічах склала 81 працэнт. Месцы рамонтаў цепласетак будуць заасфальтаваны ў чэрвені 2011 года. Каналізацыйныя сеткі наша прадпрыемства не раскопвала — яны знаходзяцца на балансе і абслугоўванні СВК "Хвінявічы".

Пытанне жыхароў Хвінявічаў: чаму не рэгулярна вывозіцца смецце ад дамоў вёскі Хвінявічы? У камунгасе тлумачаць, што гэта адбываецца з-за таго, што не заключены дагаворы на вываз смецця з жыхарамі вёскі. Тым часам людзі плацяць грошы за гэтую паслугу.
Адказ дырэктара жылкамунгаса Ю. Залеўскага: пытанне вывазу смецця будзе адрэгулявана на працягу чэрвеня 2011 года.

Пытанне работнікаў СВК "Хвінявічы", жыхароў Парэцкага сельскага Савета: чаму вельмі доўга цягнецца рамонт абутку ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, ці нельга яго паскорыць?
Адказ дырэктара камбіната бытавога абслугоўвання У. Мармыша: у сакавіку — красавіку з прычыны ўзросшага сезоннага попыту на паслугу абутак, здадзены ў рамонт непасрэдна ў абутковую майстэрню ў Дзятлаве, рамантавалі на працягу тыдня, што не супярэчыць нарматывам. Сёння абутак рамантуецца на працягу дня. Але калі абутак здаюць у рамонт на комплексным прыёмным пункце, у тых жа Хвінявічах, то працягласць рамонту павялічваецца з прычыны таго, што дастаўка з прыёмнага пункта і вяртанне адрамантаванага абутку адбываецца не штодзень.

Пытанне работнікаў прадпрыемства раёна электрычных сетак: чаму ў пасялковай бальніцы Казлоўшчыны не хапае дактароў?
Адказ галоўнага доктара цэнтральнай раённай бальніцы В. Кароткага: сёння ў Казлоўшчынскай пасялковай бальніцы маюцца 3 стаўкі ўчастковага доктара-педыятра, 2 стаўкі доктара-стаматолага, 0,5 стаўкі доктара-афтальмолага, 1 стаўка доктара-тэрапеўта стацыянара, 1 стаўка загадчыка бальніцы. На 1 чэрвеня 2011 года ўсе стаўкі заняты, у тым ліку і па сумяшчальніцтве. Працуюць сем дактароў, каэфіцыент сумяшчальніцтва складае 1,3 (сярэдні па цэнтральнай раённай бальніцы). Адзін малады доктар знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём да трох гадоў. Дадатковае увядзенне ставак дактароў вузкіх спецыялізацый не плануецца, бо колькасць дактароў адпавядае нарматыву для колькасці насельніцтва.

Падрыхтаваў да друку
А. МЯЦЕЛІЦА, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/