Юрый Белавус:"Люблю сваю сям'ю, работу і прыроду"



Нямала на Дзятлаўшчыне добрасумленных, працавітых людзей, у чыіх руках спорыцца работа. I адзін з такіх — Юрый Аркадзьевіч Белавус, які працуе электрагазазваршчыкам на "Дзятлаўскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм".

3 СОНЦАМ, ВЕТРАМ I ДАЖДЖОМ

Дзяцінства Юрыя прайшло ў вёсцы Пацавічы, што каля Казлоўшчыны. Сям'я была невялікая. Маці Тэрэза Аляксандраўна працавала будаўніком, бацька — столярам на дрэваапрацоўчым камбінаце. Падрастала малодшая сястра Галіна.

3 малых гадоў дзяцей прывучалі працаваць па гаспадарцы. Бацька навучыў сына сталярнаму майстэрству. Юра хадзіў вучыцца ў Казлоўшчынскую сярэднюю школу. А па-за вучобай разам са сваімі сябрамі гуляў у футбол, валейбол, купаўся на рэчцы, вудзіў рыбу. А калі на возеры, што ля самай яго хаты, узімку вада пераўтваралася ў лёд, хлапчукі гулял і ў хакей. Як і многія равеснікі, ён збіраў паштовыя маркі і карабкі з-пад запалак, каб потым паказаць іх сябрам, параўноўваючы, чыя калекцыя большая і прыгажэйшая.

— Тады не было, як зараз, камп'ютараў, інтэрнэту. Але мы заўсёды знаходзілі, чым заняцца, ніколі не сядзелі дома, і не важна, якое надвор'е было. Мне падабалася гуляць з нашымі сабакамі і катамі, ніколі іх не крыўдзіў, не біў. 3 сябрамі мы вельмі любілі катацца на конях — у той час амаль у кожным двары трымалі коней. Нават не памятаю, у колькі год упершыню пачаў ездзіць вярхом. Памятаю, быў у нас жарабец па мянушцы Орсік. Часта вадзіў купаць яго на возера. Я сядзеў вярхом на Орсіку, а ён мог пераплыць возера, — кажа Юрый Аркадзьевіч, і ў гэты час яго вочы напоўніліся цеплынёй ад успамінаў дзяцінства.

- З малых гадоў мне падабалася рамантаваць тэхніку. Памятаю, у нас было радыё — вялікае такое. Я шмат разоў разбіраў і збіраў яго. Дзед, калі ўбачыць гэта, пачынаў лаяцца, каб я радыё не чапаў. А бабуля, наадварот, цішком ад дзеда дазваляла мне яго разбіраць. I прас я навучыўся рамантаваць, і веласіпед.
У той час на ўсю вёску быў толькі адзін тэлевізар — маленькі, чорна-белы. Усёй вёскай мы хадзілі яго глядзець. Першы фільм я ўбачыў, калі мне было пяць гадоў — "Чатыры танкісты і сабака".

МУЖЧЫНСКАЯ РАБОТА

Сваю прафесію Юрый Аркадзьевіч абраў не выпадкова.

- Калі я яшчэ вучыўся ў восьмым класе, у той час у Казлоўшчыне пракладвалі водаправод і каналізацыю. Я часта хадзіў глядзець — мне падабалася, як працуюць рабочыя. Гэта работа здавалася мне цікавай, сур'ёзнай і па-сапраўднаму мужчынскай, — кажа Юрый Аркадзьевіч.

Таму, скончыўшы школу, дарэчы, толькі на "чатыры" і "пяць", у 1981 годзе Юрый паступіў у Казлоўшчынскае спецыяльнае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча на спецыльнасць "Электрагазазваршчык". У час вучобы Юрый, якога заўсёды цягнула да тэхнікі, канчаткова зразумеў, што гэта — яго.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1984 годзе хлопца прызвалі служыць у войску. Трапіў Юрый ажно ў ГДР, у аўтамабільныя войскі.

— У Германіі вельмі прыгожа. За час службы я крыху навучыўся размаўляць на нямецкай мове. Немцы даволі цікавыя суразмоўцы — з імі выпадала пагутарыць у час, калі мы неслі патрульную службу.

Пасля заканчэння службы ў 1986 годзе Юрый атрымаў вадзіцельскія правы.

Вярнуўшыся з арміі, уладкавауся шаферам у аўтабазу. Але гэта работа не спадабалася, і ён звольніўся. У Лідзе на заводзе "Оптыка" вывучаўся на токара, потым працаваў там год. Але ў рэшце рэшт зразумеў, што праца электрагазазваршыка яму падабацца куды больш. I, нягледзячы на тое, што маладому спецыялісту абяцалі даць у Лідзе кватэру, Юрый вярнуўся на радзіму. Тут у чэрвені 1988 года ён уладкавауся электрагазазваршчыкам на Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, што ў Казлоўшчыне.

— Мне падабаецца сам працэс работы: трэба падумаць, як прыварыць, як падшыпнікі правільна выразаць, і не проста зрабіць, а так, каб з гэтай адрамантаванай ці новай дэталлю тэхніка добра працавала. Вось такая, можна нават сказаць, творчая работа. Зразумела, калі ў выніку ўсё атрымалася, усё зроблена добра — адчуваеш задавальненне, — кажа Юрый Аркадзьевіч.

За гады працы Юрыю Аркадзьевічу неаднойчы прапаноўвалі работу на іншых прадпрыемствах. Але ён не хацеў пакідаць роднае мястэчка. Тым больш, што прыкіпеў да гэтага прадпрыемства, яго калектыву.

— Наша брыгада добрая, ды і ўвесь калектыў — адзін аднаму дапамагаем. Маладых вучым, калі трэба, паказваем, што ды як, гультайнічаць не дазваляем.

СЯМ'Я

У 1990 годзе малодшая сястра Юрыя Галіна выходзіла замуж. На вяселлі сястры ён сустрэў сваю будучую жонку Ірыну, якая была дружкай на вяселлі. Адразу яны спадабаліся адзін аднаму, а праз год згулялі ўласнае вяселле. У 1992 годзе нарадзіўся сын Вадзім, а праз тры гады — Андрэй. Вадзім пайшоў па шляху бацькі: вучыцца ў Казлоўшчынскім вучылішчы на электрыка. Малодшы сын будзе будаўніком.

— Добра жывём з жонкай, — кажа Юрый Пятровіч. — Хаця, здараецца і сварымся. Але потым заўсёды мірымся, прыходзім да агульнага меркавання ў тым, з-за чаго пасварыліся. Дзе саступім адзін аднаму, дзе прабачым. Але, перш-наперш, муж павінен паважаць жонку, а жонка - мужа, і тады ўсё будзе ў ладзе і згодзе.

ДЛЯ ДУШЫ

Юрый Аркадзьевіч мае ўласны дом.

— На участку пасадзіў яблынькі, грушы, вішні, пладовыя кусты. Цяпер усё дае плады. На падворку пасадзіў бярозу, якая напамінае мае дзяцінства — каля бацькоўскай хаты расце прыгажуня бяроза. Надта ж мне падабаецца гэта дрэва, — гаворыць Юрый Аркадзьевіч.

Калі выдаецца час, ён наведваецца да сваіх бацькоў у родныя Пацавічы, каб дапамагчы ім.

— Дапамагаць бацькам, якія цябе выгадавалі — гэта святое. Тым больш — тут мая радзіма, як кажуць, "свой родны кут мне мілы".

Яшчэ Юрый Аркадзьевіч — аматар "ціхага палявання".

— Гэта мая слабасць. Усе ядомыя грыбы збіраю. Умею гатаваць грыбны суп і піражкі з грыбамі. Таксама гатую для сваёй сям'і шашлык і юшку, але, праўда, не часта.

Майстэрня па рамонце тэхнікі, дзе знаходзіцца працоўнае месца Юрыя Аркадзьевіча, летам напоўнена вясёлым звонкім шчабятаннем ластавак. Яны вядуцца тут пад самым дахам. Кажуць, што ластаўкі і буслы
селяцца там, дзе ёсць добрыя людзі. А птушак не падманеш.

Н.ТРАХІМОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/