Яшчэ адзін "Праменьчык" надзеі



Вясна. Гэта час, калі вяртаюцца з выраю птушкі, каб напоўніць вясёлым шчабятаннем ледзь прагрэтае пасля зімы паветра. Час, калі распускаюцца першыя кветкі, яшчэ кволыя і няўпэўненыя, але такія прыгожыя і жаданыя пасля зімовых сцюжаў. Час, калі адкрываюцца, радуючыся сонцу і цяплу, напаўняюцца каханнем, дабрынёй і пяшчотай чалавечыя сэрцы. Кожная вясна ў нашым жыцці асаблівая і непаўторная, і толькі ад нас саміх залежыць, наколькі светлай яна будзе.

Зрабіць сёлетнюю вясну больш сонечнай і запамінальнай удалося наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык", якое працуе на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Днямі яны ладзілі сапраўднае свята вясны, з пажаданнямі, віншаваннямі, музыкай і пачастункамі.

Першай са святам прысутных павіншавала загадчыца аддзялення Т. С. Нікіпорчык і прадставіла гасцей, якія завіталі на мерапрыемства. Гэта былі В. Ю. Берднікава, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, Г. М. Чура, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", I. П. Іванашка, дырэктар ЦСАН, У. А. Нічыпар, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

Усе госці атрымалі невялікія падарункі, зробленыя рукамі наведвальнікаў "Праменьчыка". Задаў тон святочнаму настрою Віталь Крэйдзіч песняй "Ружовы вечар". Цыганскі танец выканалі Каця Васільева, Саша Калодка, Таня Уласевіч.

В. Ю. Берднікава падзякавала Т. С Нікіпорчык і кіраўніцы гуртка прыкладной творчасці А. П. Калюцік за дабрыню і неабыякавасць да выхаванцаў. Яна зазначыла, што наведвальнікі аддзялення робяць сваімі рукамі сапраўдныя цуды. Бог шчодра надзяліў іх талентамі і ўменнямі. Іх вырабы з дапаможнага матэрыялу — гэта непаўторныя творы, у якія ўкладзена часцінка душы.

Валянціна Юльянаўна пажадала "Праменьчыку" далейшых поспехаў і веснавога настрою. Не забывацца пра мам, якія на сваіх плячах нясуць праблемы дзяцей, параіла наведвальнікам аддзялення Г. М. Чура. Яна прачытала ім цёплыя вершы-пажаданні.

Да віншаванняў і пажаданняў далучыліся I. П. Іванашка і У. А. Нічыпар.

Мерапрыемства доўжылася. Вершы ўласнага сачынення прачыталі Юля Шах, Людміла Лявошка і Таццяна Рэгіневіч. Выдатны настрой і зарад станоўчых эмоцый атрымалі прысутныя ад прапанаваных конкурсаў.

Свята атрымалася вясёлым і запамінальным. Напрыканцы мерапрыемства Т. С. Нікіпорчык падзякавала за плённае супрацоўніцтва работнікам культуры: Максіму Маліноўскаму, Марыне Шыкуць і Івану Каско.

Дарэчы, Іван Каско і тэатр-студыя "Мелодыя душы" запрашаюць "Праменьчык" на ўсе свае пастаноўкі, інваліды з'яўляюцца іх шчырымі і пастаяннымі паклоннікамі, ведаюць увесь рэпертуар тэатра, за што асаблівы дзякуй.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/