Яркі талент і непаўторнае майстэрства: М.Несцярэўскі



Значная падзея ў мастацкім жыцці Беларусі адбылася сёлета. 30 сакавіка члену Саюза мастакоў, ганароваму жыхару г. Дзятлава, майстру ганчарнага круга і пэндзля Мікалаю Лаўрэнцьевічу Несцярэўскаму споўнілася 80 гадоў.

Творчасць М . Несцярэўскага добра вядома не толькі аматарам выяўленчага мастацтва, але і шматлікім жыхарам нашай краіны.

У сваёй творчасці Мікалай Лаўрэнцьевіч паспяхова працягвае традыцыі народнай творчасці, распрацоўвае пластыку простых ганчарных форм, акцэнтуе асноўную ўвагу на вытворчасць побытавых рэчаў, здаўна вядомых на Беларусі. Даведзеныя да дасканаласці рукой майстра, формы ўражваюць сваёй прыгажосцю.

Мікалай Несцярэўскі вядомы і як майстра манументальнай керамікі. Ён стварыў шэраг цікавых дэкаратыўных твораў у грамадскіх будынках Мінска і Валгаграда, Светлагорска і Салігорска. Працаваў над афармленнем аэрапорта "Мінск-2". Яго творы сталі своеасаблівым эстэтычным кампанентам прасторавага асяроддзя. Дэкаратыўныя пласты і фрагменты роспісу інтэр'ера ўпрыгожвалі адзін з самых маляўнічых і па-мастацку завершаных аб'ектаў метро - станцыю "Плошча Якуба Коласа". Дзякуючы таленту Мікалая Лаўрэнцьевіча, гэтая станцыя стала адной з самых беларускіх па духу побач са станцыяй "Купалаўская". Мікалай Несцярэўскі лічыць сябе беларусам, таму што шмат у яго беларускіх матываў і вобразаў.

Работы таленавітага майстра знайшлі сваё месца ў Нацыянальным музеі Беларуси Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, у музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (фонд А. Белага). Але самы важкі уклад у мастацкую скарбонку майстра зрабіў для Дзятлаўшчыны.

Фонды Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея налічваюць каля 190 работ аўтара. Амаль усе яны перададзены мастаком у дар музею. Галоўным укладам Мікалая Лаўрэнцьевіча для музея з'яўляюцца: калекцыя дэкаратыўных скульптур аб'ёмных формаў, серыя керамічных плакетак дзяржаўных дзеячаў старажытнай Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага - полацкіх князёў, вялікіх князёў літоўскіх і каралёў Рэчы Паспалітай, а таксама галерэя керамічных партрэтаў дзеячаў Беларускага Адраджэння. Гэтыя работы - у шэрагу роўных з самымі каштоўнымі шэдэўрамі сучаснага беларускага мастацтва, як і ўся творчасць Мікалая Лаўрэнцьевіча, сапраўды нацыянальная па духу і зместу.

Але не толькі шэдэўрамі нацыянальнага прыкладнога мастацтва знакаміты гэты мастак. У творчым багажы яго было шмат выставаў і пленэраў. Вось і ў гэтым годзе пройдуць юбілейныя выставы і творчыя вечарыны мастака ў Палацы мастацтваў г. Мінска і гісторыка-краязнаўчым музеі г. Дзятлава. Галоўны рэдактар "Слонімскай газеты" Сяргей Чыгрын вядзе вялікую работу па арганізацыі выставы твораў мастака на яго радзіме - у Беластоку.

Я не памятаю тага выпадку, калі б Мікалай Лаўрэнцьевіч завітаў у музей без падарункаў. Вось і гэты год абяцае быць насычаным. Па дамоўленасці з мастаком усе святкаванні пераносяцца на больш позні час. Мастак рыхтуецца грунтоўна. Дзятлаўчане атрымаюць чарговы падарунак - калекцыю работ аўтара. Хто як не мы, музейныя работнікі, чакаем хуткай рэканструкцыі помніка архітэктуры 18 стагоддзя палаца Радзівілаў пад гісторыка-краязнаўчы музей, дзе пачэснае месца зоймуць работы мастака, якія захоўваюцца ў запасніках.

Сёння Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі - адзін з самых паважаных і вядомых у рэспубліцы мастак-кераміст. Тая адзіная сцяжынка прызвання вывела яго на шырокую дарогу прызнання. Гэты нястомны, шчыры, шырокай душы і сэрца чалавек і сёння працягвае працаваць і клапаціцца пра тое, каб, дакрануўшыся да прыгожага, сцвярджалася лепшае ў людзях і радавала іх, а мілы яго сэрцу горад Дзятлава квітнеў і радаваў прыхільнікаў яго таленту творамі "рук і душы".

I. ЯКАЎЧЫК, галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага музея.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/