ЯК ЗАСЦЕРАГЧЫСЯ АД ШАЛЕНСТВА



Шаленства – смяротнае захворванне. Лячэння няма. Адзінай мерай папярэджання шаленства з’яўляецца правядзенне лячэбна-прафілактычных прышчэпак. На шаленства могуць заразіцца ўсе свойскія і дзікія жывёліны, а таксама птушкі. Заразіцца магчыма праз укус, драпіну ці асліненне ад хворай жывёліны.

У 2011 годзе былі зарэгістраваны 17 выпадкаў шаленства: 14 лісаў, 2 каровы, 1 тхор. У 2012 годзе зарэгістраваны 5 выпадкаў лабараторна пацверджанага шаленства: 4 лісы, 1 каза. У 2013 годзе шаленства выяўлена ў 2 лісаў.

У 2012 годзе па антырабічную дапамогу звярнуўся 51 чалавек (57 – у 2011 годзе), у тым ліку 13 дзяцей да 18-гадовага ўзросту. Лячэбна-прафілактычныя прышчэпкі супраць шаленства прызначаны 40 чалавекам.

За 5 месяцаў 2013 года па дапамогу звярнуліся 12 чалавек. Тут трэба адзначыць, што адмовіліся ад лячэбна-прафілактычнай вакцынацыі супраць шаленства ці самавольна спынілі прышчэпкі 3 чалавекі – яны вельмі рызыкуюць, і не толькі здароўем, але і сваім жыццём.

Меры прафілактыкі і абароны ад шаленства наступныя:
-- належыць строга захоўваць правілы ўтрымання сабак, катоў, іншых жывёлін, штогод рабіць ім прышчэпкі ад шаленства;
-- пазбягаць кантакту з дзікімі і бяздомнымі жывёлінамі;
-- выяўляць насцярожанасць у выпадку незвычайных паводзінаў жывёліны, у тым ліку свойскай; пра незвычайныя паводзіны жывёлін паведамляць у ветэрынарную службу;
-- пры выяўленні трупаў жывёлін не кранаць іх, не знімаць скуру; у абавязковым парадку паведаміць пра знаходку ў ветэрынарную службу;
-- не варта забіваць свойскую жывёліну, якая пакусала ці падрапала чалавека. За жывёлінаю павінна быць устаноўлена 10-дзённае медыцынскае назіранне.

У выпадку ўкусу жывёліны трэба неадкладна і як мага глыбей прамыць рану канцэнтраваным мыльным растворам (такі раствор забівае 80 працэнтаў вірусаў), а затым звярнуцца па дапамогу ў медыцынскую ўстанову для вырашэння пытання, ці мэтазгодна прызначаць курс прышчэпак супраць шаленства.

У будныя дні па дапамогу трэба звяртацца ў траўматалагічны кабінет раённай паліклінікі ці ў медыцынскую ўстанову па месцы жыхарства; у выхадныя і святочныя дні, начны час – у прыёмнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы.

Ведайце, што кожны прапушчаны дзень пры падазрэнні на заражэнне – павялічвае пагрозу для жыцця. Чым раней пачаты прышчэпкі, тым болей надзейна ахоўваюць яны ад захворвання на шаленства.

Інфармацыю пра меры прафілактыкі шаленства можна атрымаць у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі (тэл. 26513), у Дзятлаўскай ветстанцыі (тэл. 21805), у цэнтральнай раённай бальніцы (тэл. 22209).

Н. ЗАСЕКА, загадчыца лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы.
М. ДЗЯДОВІЧ, доктар-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/