ЯК ЗАХАВАЦЬ ЗРОК



З дапамогай зроку мы ўспрымаем каля 80% інфармацыі. Каб захаваць гэтую магчымасць як мага даўжэй, за зрокам трэба сачыць з юных гадоў.

Дапаможа зрабіць гэта правільны рэжым дня, ранішняя гімнастыка. Яна паляпшае дзейнасць сэрца і лёгкіх, развівае мускулатуру, павышае абмен рэчываў і агульны тонус арганізма, садзейнічае выпрацоўцы добрай постаці. Яна дазволіць захаваць правільную позу ў час заняткаў, што вельмі важна для зроку.

За партай ці сталом трэба сядзець, не горбячыся. Для гэтага школьная мэбля павінна адпавядаць росту. Пры правільнай пасадцы вучань сядзіць без напружання на працягу ўрока. Пры чытанні і пісьме адлегласць ад вачэй да кнігі павінна быць 30-35 сантыметраў.

Адным з галоўных фактараў папярэджання блізарукасці ў школьным узросце з'яўляецца правільнае асвятленне, асабліва гэта датычыцца вячэрняга часу. Трэба карыстацца настольнай лямпай з абажурам. Моц лямпы -- 60-75 ват. Абажур настольнага свяцільніка павінен быць не празрыстым, з дакладнай ніжняй мяжой, якая знаходзіцца на ўзроўні вачэй -- тады лямпа не будзе бачна. Заняткі за сталом з паліраванай паверхняй ці пакрытым шклом -- шкодныя для зроку. Прамяні святла, падаючы на такую паверхню, адбіваюцца і аказваюць слепячае ўздзеянне. Таму паверхня стала павінна быць матавая.

Працяглыя заняткі, падоўжанае чытанне стамляюць арганізм. Пасля школы варта 2-3 гадзіны адпачыць, лепш за ўсё на свежым паветры. І толькі пасля гэтага варта пачынаць выконваць хатнія заданні.

Школьнікам патрэбна абмяжоўваць прагляд тэлевізійных праграм да двух разоў на тыдзень. Адлегласць ад экрана да вачэй павінна быць да 5 метраў. Нельга забывацца пра асвятленне пакоя ў час тэлевізійнага прагляду. Трэба, каб крыніца асвятлення знаходзілася за гледачамі. Працягласць телеперадач для малодшых школьнікаў складае 40-60 хвілін, для старэйшага звяна -- 1-2 гадзіны.

Калі ж выяўлены парушэнні зроку, варта не саромецца насіць правільна падабраныя акуляры. У адваротным выпадку блізарукасць будзе прагрэсіраваць.

Г. РАДОМСКАЯ, доктар-афтальмолаг Дзятлайскай раённай паліклінікі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/