Як святыню Айчыну беражыце



Пад такой назвай прайшла канцэртная праграма ў Наваельнянскім доме культуры.

Яе адкрыла юная ўдзельніца гуртка "Ельнічка" Паліна Ходар песняй "Азірніся навокал". Затым да прысутных у зале мужчын са словамі віншавання з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь звярнулася старшыня выканкама Наваельнянскага пассавета Ірына Кунахавец. Яна пажадала прадстаўнікам моцнай па-ловы чалавецтва міру і радасці, дабрыні і шчасця.

Віншавальныя музычныя падарункі ўручылі ўдзельнікі мясцовай мастацкай самадзейнасці. Прысутныя ў зале цёпла прымалі фальклорны гурт "Світанак", салістаў Паліну Сівову, Карыну Шэнаеву, Віку Анушкевіч. Спадабаліся забаўляльная праграма "Абы здароўе", якую правяла ўдзельніца аб'яднання "Забавушка" Кацярына Нагорная, і гумарыстычная праграма, з якой выступілі тэатр-мініяцюр "Арлекін" і драматычны калектыў "Мельпамена".

Прыемны настрой стваралі танцавальныя нумары калектываў "Альянс" і "Калейдаскоп", салісты вакальнага гурта "Маладосць" Аляксандр Карповіч, Аніта Каўшук, Марына Кекшук, а таксама салісты фальклорнага гурта Алена Анушкевіч і Ганна Кізік.

Наогул, усе ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Наваельнянскага дома культуры пастараліся, каб канцэртная праграма атрымалася яркай, цікавай, вясёлай.

Веры ў новы дзень, поспехаў і бадзёрасці духу, цеплыні і натхнення пажадала мужчынам з нагоды свята і ўсім прысутным у зале Ангеліна Калмыкова ў сваёй заключнай песні "Новы дзень".

Падрыхтавала да друку I. МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/