ЯК СТАЦЬ ЛЯСНІЧЫМ ЯШЧЭ Ў ШКОЛЕ



Мяркую, не кожны ведае, што, акрамя дзевяці лясніцтваў, якія ўваходзяць у склад ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, існуюць яшчэ некалькі школьных лясніцтваў, дзе ляснічыя, памочнікі ляснічых і майстры – самі школьнікі. Адно з іх, з самай даўняй гісторыяй і прагрэсіўнай сучаснасцю – Лявонавіцкае школьнае лясніцтва.

На сёння школьнае лясніцтва налічвае 15 чалавек, вучні 7-11 класаў. Усе носяць спецыяльную форму лясной аховы са знакамі адрознення і з маладых каранёў разумеюць адказнасць чалавека за прыроду. Нязменны куратар лясніцтва – настаўніца хіміі і біялогіі Лявонавіцкай сярэдняй школы Людміла Іванаўна Самусевіч.

-- Школьнае лясніцтва на базе нашай школы існуе з 1973 года. Сярод сённяшняга пакалення юных лесаводаў – дзеці тых, хто пачынаў справу. Гэта традыцыя нашай школы, наш гонар і пераемнасць пакаленняў, – кажа яна.

Удзельнікі школьнага лясніцтва дапамагаюць старэйшым па сваіх сілах і магчымасцях: прымаюць удзел ва ўсіх акцыях па ачыстцы лесу ад смецця, садзяць дрэвы, прымаюць удзел у зборы шышак, насення і лекавай сыравіны. Таксама юныя лесаводы робяць кармушкі для птушак, рамантуюць шпакоўні і нават дапамагаюць ляснічым ахоўваць ялінкі ад аматараў “халяўных” лясных прыгажуняў.

За лясніцтвам замацаваны 103 гектары лесу, так што школьнікі не па размовах ведаюць, што такое лясная работа. Яны распрацоўваюць калектыўныя праекты, каб потым даць рэкамендацыі старэйшым “калегам” па паляпшэнні эфектыўнасці работы з лесам. Напрыклад, апошняе даследаванне школьнага лясніцтва звязана з вывучэннем каранёвай сістэмы сасновых парод на лесапавале. Штотыдзень юныя работнікі лесу сустракаюцца з ляснічым Анатолем Сліжом і работнікамі Лявонавіцкага лясніцтва, каб каардынаваць сумесныя намаганні па ахове і абароне лесу.

-- Пасля распрацоўкі праекта па ствалавых шкодніках дрэваў мы змаглі высветліць, дзе на тэрыторыі Лявонавіцкага лясніцтва ачагі заражэння, і паведаміць пра гэта ляснічаму, – расказвае ляснічы школьнага лясніцтва, вучаніца 11 класа Маргарыта Бойка.

Удзельнікаў школьнага лясніцтва можна назваць не проста юнымі натуралістамі і эколагамі, а сапраўднымі спецыялістамі ў сваёй справе. Яны са сваімі праектамі бяруць удзел у экалагічных конкурсах рознага ўзроўню, і амаль заўсёды – з узнагародамі. Яны былі адзначаны дыпломам 3-й ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Малым рэкам – вялікі клопат”, дыпломам 2-й ступені Міністэрства лясной гаспадаркі – за конкурс “Квітней, мой лес”, сталі прызёрамі экалагічнага конкурсу “Зямля – наш дом”.

Акрамя гэтага, лявонавіцкія школьнікі вучацца ў “Школе юнага лесавода” ў Мінску, дзе двойчы на год асвойваюць вучэбны курс, праходзяць вытворчую практыку і нават абараняюць дыпломную работу перад педагогамі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта! У мінулым годзе выпускнікамі двухгадовай “лясной школы” сталі двое ўдзельнікаў школьнага лясніцтва, і двое – былі залічаны на першы год навучання. Выпускная работа Маргарыты Бойка пад назвай "Вывучэнне паспяховага росту лясных культур асноўных лесастваральных парод" была адзначана як найбольш цікавая і змястоўная.
Яшчэ адна адметнасць Лявонавіцкага школьнага лясніцтва – унушальна абстаўлены экалагічны музей, дзе размяшчаюцца сярод іншага экспанаты, прадастаўленыя ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”.

Першая экспазіцыя “Лес – наша багацце”, якая ўтрымлівае муляжы флоры, фаўны і грыбоў беларускіх лясоў. Летась удзельнікі школьнага лясніцтва ў дэкаратыўна-прыкладным стылі аформілі план экалагічнай сцяжыны, за што былі ўганараваны дыпломам першай ступені ў конкурсе такіх праектаў.
Наступныя вітрыны дэманструюць форму лясной аховы і знакі адрознення. Першапачаткова яна была сіняга колеру (што наглядна дэманструюць стэнды музея), цяпер – зялёная.

Немалаважная частка экспазіцыі – архіўныя фотаздымкі, прадастаўленыя колішнімі ўдзельнікамі школьнага лясніцтва, і ўзнагароды за конкурсы розных гадоў, першая з якіх датуецца 1973 годам.

-- Мы маем шмат сертыфікатаў дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава, – заўважае Людміла Іванаўна. – Мы з імі пастаянна плённа супрацоўнічаем.

У школьным лясніцтве заўважаюць, што пры садзеянні ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” у будучым музей пашырыцца. А калі і чым – гэта пакуль што трымаецца ў сакрэце.

У лістападзе школьнікі наведалі “альма матар” лясных работнікаў рэспублікі – Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі.

-- Нам паказвалі аўдыторыі і камп’ютарны клас, у якім працуюць будучыя лесаводы, тлумачылі выгоды прафесіі, – адзначае самае адметнае для сябе вучань 11 класа і майстар школьнага лясніцтва Павел Шалесны.
А вучань 10 класа, майстар школьнага лясніцтва Юрый Андура (яго тата Мікалай Мікалаевіч працуе майстрам у Лявонавіцкім лясніцтве) пасля паездкі ва ўніверсітэт дакладна вырашыў для сябе, што будзе паступаць на лясную спецыяльнасць. Хоча быць ляснічым у адным з беларускіх лясніцтваў.

-- Што ж значыць “берагчы лес” для нас, не спецыялістаў? – пытаюся ў юных лесаводаў.
-- Клопат пра лес пачынаецца з акуратнасці, ашчаднасці і ветлівасці з прыродай у час адпачынку і прагулак па лясным масіве, – разважае вучаніца 10 класа і памочнік ляснічага школьнага лясніцтва Марыя Шалесная. – А працягваецца ўдзелам у акцыях і суботніках па ачыстцы лесу ад смецця, да якіх запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Юнакі і дзяўчаты, якія з малога бачаць і разумеюць лясную работу, актыўна ў ёй ўдзельнічаюць, спадзяюцца на паспяховае паступленне па адпаведнай спецыяльнасці. А ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” плануюць стварэнне на тэрыторыі нашага раёна школьных лясніцтваў, вопыт работы якіх пазітыўны як для самой арганізацыі, так і для школьнікаў.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/