Як працуюць лазні



Дзятлаўскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праведзены чарговы рэйд-праверка санітарна-тэхнічнага стану лазневага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

На Дзятлаўшчыне размешчана 20 лазняў, але памыцца тут можна далека не ўсюды. Сем лазняў ужо даўно не працуюць. Пустуючая лазня размешчана, напрыклад, у вёсцы Войневічы. У гэтым населеным пункце жывуць больш за дзвесце чалавек. Дарэчы, далека не ў кожным доме жыхароў гэтай вёскі ёсць водаправод, так што пытанне "Дзе памыцца?" тут вельмі актуальнее.

Сіратліва стаіць былы лазнева-пральны комплекс у вёсцы Міроўшчына (жыхароў — каля 400 чалавек), у якім калісьці можна было не толькі папарыцца і скарыстацца паслугамі пральні, але нават пагуляць у більярд і пачаставацца ў буфеце гэтага комплексу.

Некаторыя з дзеючых лазняў знаходзяцца ў жахлівым стане. Напрыклад, у г. п. Наваельня лазня працуе, а адначасова ў ёй праводзіцца ремонт (фота 2). Трэці год. Пра парушэнні на гэтым аб'екце расказаў галоўны доктар Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксей Малашанка:
— Пытанне па гэтай лазні набалелае: у будынку працякае дах, дзейнічаюць толькі душавыя кабіны, а вось парныя і мужчынская зала знаходзяцца ў стане "замарожанага" рамонту. Таму мужчыны і жанчыны вымушаны карыстацца ў розныя дні адным і тым жа памяшканнем. Гэтая лазня знаходзіцца на балансе Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Мы ўжо зрабілі прадпісанне, каб рамонт быў завершаны ў кароткія тэрміны.

Таксама зроблена прадпісанне пра забеспячэнне функцыянавання лазняў у вёсках Лапушна (СВК "Граніт-Агра"), Войневічы (СВК "Войневічы"), Падвялікае, Дзянісава (СВК "Слава працы"), Раклевічы (СВК "Русь Агра''), Міроўшчына (ААТ "Дзятлаўская сельгастэхніка").

У процівагу "негатыўным" лазням, ёсць і тыя, на якія не толькі люба-дорага паглядзець, але і памыцца ў іх, ды і чаем з прысмакамі пачаставацца. Да такіх, напрыклад, належыць лазня ў вёсцы Вензавец (СВК "Вензавец").

Н. ТРАХІМОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/