ЯК ПРАГНАЦЬ АДЗІНОТУ?



У пасёлку Гезгалы, у будынку былога дзіцячага санаторыя "Ластаўка", размясцілася бальніца сястрынскага догляду. Тут знайшлі сабе прытулак нямоглыя пажылыя людзі, жыхары нашага раёна. Гэта ўсяго сем палат, па чатыры ложкі ў кожнай, але, калі перавесці не ў лічбы, а ў чалавечыя лёсы -- атрымліваецца даволі шмат. Для многіх жыхароў гэтай установы бальнічная палата -- апошні прыпынак на дарозе жыцця. Тут чыста і цёпла, сняданак, абед і вячэра -- па распарадку. Але чаму такі глыбокі сум у вачах пацыентаў? На жаль, ім цяжка ўставаць з ложкаў -- баляць і не трымаюць ногі. Таму не бывае прагулак на свежым паветры, яно прыходзіць сюды толькі праз фортку. Сцены бальніцы аддзяляюць нямоглых людзей ад знешняга свету. А як хочацца ім зазірнуць туды, у вялікае жыццё, дзе па вуліцах шпарка бегаюць машыны, ходзяць дзеці і дарослыя, дзе кожную хвіліну штосьці адбываецца. А тут жыццё нібыта спынілася...

Можна было б паслухаць радыёпрыёмнік, але ён толькі адзін на сем палат, і той належыць аднаму з пацыентаў. Тэлевізар знаходзіцца ў асобным пакоі, і да яго цяжка дайсці. Застаецца толькі спадзявацца, што, прачытаўшы гэтыя радкі, які-небудзь добры чалавек або некалькі людзей расшчодрацца і падораць гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду радыёпрыёмнікі, каб у кожнай палаце быў свой. Тады бабулі і дзядулі будуць ведаць апошнія навіны, які сёння дзень тыдня, колькі ўжо гадзін, якое надвор'е чакаецца заўтра. Будзе весялей, з'явяцца новыя тэмы для размоваў.

Яшчэ адна не менш значная праблема для пацыентаў -- нязручныя ложкі. Яны новыя і прыгожыя, але вельмі высокія. Бабулі не могуць з іх злезці самастойна, без чужой дапамогі. З радасцю яны памянялі б гэтыя ложкі на іншыя, няхай і не новыя, але больш зручныя, каб хто-небудзь з прадстаўнікоў улады ці спонсараў заняўся гэтай праблемай.

Пацыенты бальніцы з радасцю сустракаюць тых, хто вырашыў іх наведаць. Многія старыя маюць багаты жыццёвы вопыт, іх памяць захавала шмат яркіх успамінаў, якімі яны шчодра дзеляцца з наведвальнікамі.
Не песціў лёс жыхарку вёскі Стараельня васьмідзесяцігадовую Ядвігу Маркаўну Дударчык, юнацтва якой апалена вайной. Яна перажыла нямецкі палон, голад, страх, здзекі. Пасля вайны выйшла замуж за былога франтавіка, які меў пятнаццаць узнагародаў. Разам вырасцілі дзяцей, але муж, сын і дачка Ядвігі Дударчык ужо памерлі, засталіся толькі ўнукі. Як удзельніцу Вялікай Айчыннай вайны і ўладальніцу трох ордэнаў, Ядвігу Маркаўну ў Дзень Перамогі віншаваў сельскі Савет, прыязджала раённая дэлегацыя. Гэта вельмі мудрая жанчына, якая можа расказаць шмат цікавага. Ёй я прысвяціла адзін са сваіх вершаў. Ён Ядвізе Маркаўне вельмі спадабаўся, яна шчыра падзякавала і папрасіла перапісаць вершаваныя радкі для дзвюх унучак. Я выканала просьбу, і цяпер мы добрыя сяброўкі.

Увагі заслугоўваюць іншыя пацыенты Гезгалаўскай бальніцы. Напрыклад, Алеся Фёдараўна Капковіч, якая ў маладосці была статнай і прыгожай, мела моцны мілагучны голас, любіла спяваць. Яна не пайшла замуж -- разам з сястрой дапамагалі жонцы брата-нябожчыка гадаваць пяцерых дзяцей. У старасці страціла зрок і не можа хадзіць. Яна і цяпер любіць спяваць, вельмі ўдзячная медперсаналу за догляд.

У той жа палаце ляжыць Ганна Анатольеўна Жых. Яна мне расказала, што ў свой час скончыла Віленскі чыгуначны тэхнікум. Працавала правадніцай, начальнікам цягніка.

З чыгункай быў звязаны лёс яшчэ адной пацыенткі -- Ірыны Канстанцінаўны Белай з Выгады, якая працавала білетным касірам на станцыі.

Ніна Цімафееўна Забаўская больш за сорак гадоў працавала ў лабараторыі Дзятлаўскай райбальніцы, цяпер таксама знаходзіцца тут.

Па словах Сігізмунда Юльянавіча Дзядовіча, ён жыў нейкі час у Крыме. Там засталіся яго родныя, якія клікалі да сябе, але дзядуля вырашыў застацца на Дзятлаўшчыне. Ён пакуль ходзіць сам і можа любавацца прыгажосцю мясцовых краявідаў.

У Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду знаходзяцца пацыенты з Азяранаў, Міроўшчыны, Яцвезі, Жукоўшчыны і іншых куткоў Дзятлаўшчыны. Па іх аповедах можна вывучвць гісторыю і геаграфію нашага раёна. Яны жывуць сціпла, на догляд не скардзяцца, вельмі ўдзячныя персаналу бальніцы за складаную, але такую патрэбную работу.

Напрыканцы майго аповеду хачу падзякаваць раённай уладзе за тое, што клапоцяцца аб састарэлых жыхарах нашага раёна, якія не могуць абысціся без дапамогі. Ніхто не ведае, якой будзе яго старасць. Варта заўжды дапамагаць тым, хто не мае падтрымкі блізкіх, хто застаўся адзін. Ім я прысвячаю радкі свайго верша.

Вам цяжка ўжо сёння і жыць, і хадзіць,
А варта і з гэтым мірыцца,
Бо выкрасліў Бог шмат жыццёвых дарог,
Пакінуў адну -- да яго далучыцца.

В. ХРЫШЧАНОВІЧ, жыхарка пасёлка Гезгалы

_____________________________________________________________________________________________________
Ищите корпоративные информационные системы для автоматизации различных сфер бизнеса? Мы вам можем быстро помочь решить эту проблему! Именно для вас линейка продуктов Terrasoft, таких как системы класса crm, Service Desk и многие другие. Для компаний работающих в сфере управления взаимоотношениями с клиентами это именно то, что надо.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/