ЯК ГАТОВЫ ДА ЗІМЫ - 2013/2014



18 снежня пленум раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК з удзелам старшыняў прафсаюзных камітэтаў прадпрыемстваў галіны абмеркаваў падрыхтоўку прадпрыемстваў і арганізацый раёна да работы ў зімовы перыяд і забеспячэнне тэмпературнага рэжыма на рабочых месцах і ў санітарна-бытавых памяшканнях адпаведна санітарных нормаў

Пытанні стварэння здаровых і бяспечных умоваў працы работнікаў не аднаго разу былі разгледжаны на пасяджэннях прэзідыума і пленумах раённага камітэта прафсаюза. Эфектыўнасць работы любога працаўніка прама залежыць ад таго, як арганізавана яго працоўнае месца, якія створаны ўмовы вытворчага быту: ці ёсць умовы, каб пераапрануцца, вымыць рукі, прыняць душ, перакусіць, высушыць рабочую вопратку і абутак. Працоўны кодэкс, калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў і арганізацый, санітарныя нормы абавязваюць наймальніка стварыць для работніка нармальныя ўмовы працы: забяспечыць належны тэмпературны рэжым, узровень асвятлення працоўнага месца, патрэбны набор санітарна-бытавых умоваў.

Трэба адзначыць, што за мінулы год наймальнікі шмат паклапаціліся ў гэтым кірунку. Як станоўчы прыклад назаву работу адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта СВК “Граніт-Агра”. У 2013 годзе быў капітальна адрамантаваны адміністрацыйны будынак, куплена новая мэбля, апараты для пітной вады. У бытавым пакоі рамонтнай майстэрні мехдвара заменена падлога, куплены новыя сталы і шафы для вопраткі, мікрахвалевая печ, апараты для пітной вады. Ва ўсіх цэхах рамонтных майстэрняў сельгаспрадпрыемства, бытавых памяшканнях жывёлагадоўчых фермаў наладжаны пячны абагрэў. У лазні РММ у
Круцілавічах заменены абагравальны кацёл, абшыўка парылкі.

Станоўча трэба адзначыць работу і адміністрацыі Боркаўскага крухмальнага завода. На прадпрыемстве, дзе працуюць крыху больш за 20 чалавек, абсталявана, лічы, міні-сталовая з халадзільнікам, электраплітамі, мікрахвалевай печчу, утульным пакоем для харчавання і пакоем для адпачынку. Вядома, гэта запатрабавала выдаткаў, але зробленае паспрыяла росту прадукцыйнасці працы людзей, яе выніковасці.

Значны аб’ём работ па мадэрнізацыі і паляпшэнні ўмоваў працы выкананы ў СВК “Жукоўшчына”. Праз рэканструкцыю і тэхнічнае пераабсталяванне малочна-таварных фермаў “Зачэпічы” і “Краглі” значна палепшаны ўмовы працы жывёлаводаў, абсталяваны утульныя пакоі для харчавання і адпачынку, душавыя пакоі і туалеты. У канчатковым выніку і праз гэта палепшаны вынікі работы названых фермаў.

Станоўчай ацэнкі заслугоўвае і работа для паляпшэння санітарна-бытавых умоваў працы адміністрацыі і прафсаюзных камітэтаў Дзятлаўскага вінна-гарэлачнага завода, Дзятлаўскага ПМС, сельгастэхнікі, Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў, міжраённай ветэрынарнай лабараторыі.

Аднак, застаецца і шэраг нявырашаных праблемаў. Назаву самыя вострыя. У адміністрацыйным будынку СВК “Дварэц-Агра” з-за няўплаты за спажытую электраэнергію адключана электразабеспячэнне, сістэма абагрэву працуе неэфектыўна, у некаторых кабінетах тэмпература не падымаецца вышэй за +5 градусаў. Не абаграваюцца памяшканні рамонтнай рамонтнай майстэрні СВК “Белагурна”. Няма пячнога абагрэву ў пакоях для адпачынку МТФ “Вензавец” і фермы “Нагорнікі” СВК “Вензавец”. Не абсталяваны санітарна-бытавыя памяшканні і абагрэў пакою адпачынку МТФ “Войневічы” аднайменнай гаспадаркі.

Нярэдка ў бытавых памяшканнях і пакоях адпачынку не стае элементарнага парадку, не своечасова завозяцца дровы для пячнога абагрэву, не ўцеплены дзверы і вокны. Урэшце ўсе гэтыя хібы і недаробкі адмоўна ўплываюць на мікраклімат у працоўных калектывах і вынікі яго працы.
Зусім побач Навагоднія і Калядныя святы. Прафсаюзныя лідары абавязаны паклапаціцца пра святочную атмасферу на кожным прадпрыемстве: у адміністрацыйным будынку і структурных падраздзяленнях. Прафсаюзных актывістаў чакаюць з Дзедам Марозам, Снягуркай, віншаваннямі і падарункамі.

У. КАЗАК, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/