Яд



Тамара Кудзерава крычала так, што чуваць было нават на вуліцы, бо яе кватэра размяшчаецца на першым паверсе старой хрушчоўкі:
—Едзь, няўдаліца, едзь! Толькі ўнука рана ці позна я ў цябе забяру. Ты думаеш, цётцы сваёй патрэбна? У яе сям’я і свае клопаты. Ды ў вёсцы жыццё не мёд. Дзе там работу знойдзеш? Чым дзіця карміць будзеш? І дзе жыць?

Маладзенькая нявестка, Нэля, глытаючы слёзы, пакавала ў сумку свае небагатыя пажыткі, а папрокі свекрыві цяжкімі камянямі падалі і падалі на яе галаву. Муж сядзеў на канапе і быў раўнадушны да ўсяго на свеце. Ён з самай раніцы пахмяліўся і цяпер, як кажуць, хоць трава не расці. Пяцігадовы Андрэйка сінімі, як у мамы, вочкамі глядзеў то на яе, то на бабулю, і губкі яго крывіліся ад жалю — ён вельмі шкадаваў маму. У жыцці ён яшчэ нічога не разумеў, але ўжо ведаў, што яго мама вырасла сіратой, у школе-інтэрнаце, яе бацькі рана паўміралі і было ёй вельмі дрэнна. Яна пра гэта не раз гаварыла.

Нэля казала праўду. Як засталася круглай сіратой, яе аддалі ў школу-інтэрнат. А пасля атрымання атэстата сталасці пайшла вучыцца на повара. Там, у абласным цэнтры, і пазнаёмілася з Ігарам Кудзеравым. Малады гультай і п’яніца так задурыў ёй галаву, што неўзабаве зацяжарала, нарадзіла хлопчыка. Каб дзіця не расло без бацькі, яны з Ігарам распісаліся. Жыць сталі ў яго мамы — сквапнай і злоснай Кудзерыхі, як яе называлі ў доме. Яна папракала Нэлю і кавалкам хлеба, і сіроцтвам, і яе вясковым паходжаннем. А за свайго сына заўсёды заступалася, нават тады, калі ён падымаў на маладую жонку кулакі.

Цётка Нэлю з дзіцём, канешне, не чакала і прыезду яе не абрадавалася.
—І чаго табе ў горадзе не сядзелася? Муж піў? Свякроў крыўдзіла? Трэба было цярпець, бо ты сірата, заступіцца няма каму. А цяпер звалілася на маю галаву. І што рабіць будзем?

Пасля такога прыёму маладзіца не ведала, што і думаць. Аднойчы ішла ў магазін па хлеб, і слёзы самі каціліся з вачэй. Гэта заўважыла прадаўшчыца — добрая і спагадлівая жанчына. Адпусціўшы пакупнікоў і замкнуўшы магазін, яна сказала:
—Ведаю пра тваю бяду і хачу дапамагчы. У мяне ў раённым гарадку жыў брат. Нядаўна памёр, а кватэру на мяне перапісаў, бо быў адзінокі. Я яго да смерці дагледзела. Дам ключы, едзь туды з хлопчыкам і жыві. Платы ніякай не вазьму, бо ўсё роўна дом пустуе. І на работу зможаш уладкавацца, бо ў гарадку не хапае повараў. Я ведаю, бо мая нявестка там працуе. А хлопчыка свайго ў садок уладкуеш. Не плач, не прападзеш.

Так Нэля з Андрэйкам сталі жыць у невялікім утульным доме на ціхай вуліцы. Малы хадзіў у сад, яна — на работу. Былі задаволеныя і амаль шчаслівыя. Гэта было ў пачатку зімы. А ў верасні Андрэйка пайшоў у першы клас. Нэля купіла яму ўсё, што трэба, да школы. Калі з-за работы не мела часу завесці малога на заняткі ці сустрэць пасля іх, прасіла суседскую бабульку Альбіну. Яна з радасцю згадзілася дапамагаць.

На дварэ гаспадарыў кастрычнік. Некалькі дзён запар ліў дождж, шумеў вецер, абтрасаючы з дрэў пажоўклае лісце. Аднойчы прыцемкам у дзверы нехта пастукаў. Нэля баялася адчыняць.
—Гэта са школы, — пачуўся знадворку прыемны жаночы голас. — Нам трэба пагутарыць.

Парог пераступілі дзве маладыя жанчыны: настаўніца Андрэйкі і сацыяльны педагог.
—Нас дырэктар накіравала, а яму з аддзела адукацыі загадалі праверыць скаргу, што паступіла на вас.
—Якую скаргу? — не зразумела Нэля. — Хто на мяне мог паскардзіцца?
—Тамара Кудзерава. Гэта ваша свякроў?
—Былая...
—Дык вось яна скардзіцца ў аддзел адукацыі, што Андрэйка жыве ў дрэнных умовах, маўляў, хлопчыку няма чаго есці, у хаце брудна... — неяк разгублена прамовіла сацыяльны педагог, гледзячы на чыстыя ходнічкі на падлозе, акуратна засланы стол.
—Няпраўда! — са слязамі ў голасе закрычала Нэля. — Гэта яна са злосці. Казала, што рана ці позна адбярэ ў мяне сына... Паглядзіце, вось яго ложачак, вось тут ён рыхтуе ўрокі, — маладая жанчына правяла настаўніц у другі пакой. Усюды была чысціня і парадак.
—Хадзем да халадзільніка. Я пакажу, колькі ў нас прадуктаў. А яшчэ ў падвале ёсць слоікі з памідорамі, гуркамі, капустай, варэннем. Хочаце паглядзець?
—Мы вам верым... Прабачце, не па сваёй волі прыйшлі, — сказала Андрэйкава настаўніца.

Калі жанчыны пайшлі, Нэля села на табурэтку і горка заплакала.
—За што яна з мяне
здзекуецца? За што?
—Мамачка, не плач, ты самая лепшая на свеце, — гладзіў яе па твары Андрэйка, і ад дотыку пяшчотных родных ручак яе яшчэ больш разбіраў жаль.
—Я не буду, сынок, плакаць. Настаўніцы ж пераканаліся, што ў нас ўсё ў парадку, і больш не будуць верыць ніякім плёткам, — супакойвала і сына, і саму сябе Нэля.

Але дзе там! Скаргі пасыпаліся ў аддзел адукацыі, як бульба з дзіравага мяшка. Былая свякроў, відаць, вырашыла зусім даканаць яе. На што спадзявалася? Што маладзіца, не могучы змагацца з несправядлівасцю, пачне піць, дрэнна сябе паводзіць? І тады ў бабулі будзе шанец забраць унука.
Па кожнай такой скарзе-паклёпе да яе прыходзілі з праверкай.

Сваімі недарэчнымі пытаннямі, нібы ядам, атручвалі маладой жанчыне жыццё. Бачылі ж, што ўсё ў парадку, але ішлі, бо іх сюды пасылалі. Маўляў, раз ёсць скарга, то трэба рэагаваць. Настаўнікі, самі таго не хочучы, уцягнуліся ў брыдкую інтрыгу, якой даўно трэба было пакласці канец. І невядома, чым бы ўсё закончылася, каб аднойчы Нэля не расказала пра сваю горкую долю стрыечнаму брату, які жыў у гэтым жа гарадку.

—Дай мне адрас сваёй свякрухі, — запатрабаваў ён.
—А што ты будзеш рабіць?
—Ведаю што...

Праз пару дзён брат патэлефанаваў Нэлі:
—Усё, цяпер будзеш жыць спакойна, без скаргаў і правяральшчыкаў, без яду, якім цябе травілі на працягу многіх месяцаў.
—А што ты зрабіў?
—Ды нічога асаблівага. Паехаў у абласны цэнтр і схадзіў да пракурора. Усё яму расказаў. Няхай твая былая свякроў яшчэ падзякуе, калі на яе справу не завядуць. За паклёп і здзекі...
—Не трэба, — са слязамі прамовіла Нэля. — Няхай яе Бог асудзіць. А табе вялікі дзякуй, выратавальнік мой... Праўду кажуць людзі, што сябры пазнаюцца ў бядзе...

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/