ВЫЯЎЛЕНЫ ПАРУШЭННІ Ў ААТ “БЕЛКАРД”



Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці прымяненне санкцый абмеркаваў у прысутнасці работнікаў праверанага прадпрыемства
Дзяржаўныя кантралёры Гродзенскай вобласці прадоўжылі практыку ўдасканалення формаў і метадаў работы. Разбор выяўленых парушэнняў праводзіцца ў прысутнасці работнікаў праверанага прадпрыемства. Прадстаўнікі КДК дакладна і даходліва тлумачаць факты і прычыны учыненых парушэнняў і, што самае галоўнае, памер штрафных санкцый.

Гэтым разам новы падыход быў прыменены на ААТ “Белкард” у Гродне. Супрацоўнікі КДК агучылі вынікі пазапланавай праверкі прадпрыемства. У прыватнасці, выяўлена незаконная (празмерная) выплата штогадовага аднаразавага ўзнагароджання (гадавога бонуса) па выніках работы ААТ “Белкард” за 2012 год кіраўнікам і асобным работнікам прадпрыемства ў суме звыш 610 мільёнаў рублёў – з прычыны невыканання даведзенага ААТ “БАТЭ” (кіруючая кампанія холдынга “Аўтакампаненты”) паказчыка па аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал, які фактычна склаў 18123 мільёны рублёў пры даведзеным у бізнес-плане заданні ў 21000 мільён рублёў. Выконваючы абавязкі кіраўніка прадпрыемства толькі за адзін месяц на гэтай пасадзе ў 2012 годзе атрымаў узнагароджанне ў памеры большым за 160 мільёнаў рублёў.

Матэрыялы праверкі перададзены ў праваахоўныя органы. Варта пры гэтым адзначыць, што да завяршэння праверкі незаконна выплачанае (празмернае) ўзнагароджанне было вернута ў касу таварыства ў памеры 417 мільёнаў рублёў.

Кіраўнікі прадпрыемства не прынялі дастатковых мер для выканання заканадаўства, якое рэгулюе парадак уліку, захоўвання лому і адыходаў чорных металаў.

Прадпрыемствам дапушчана перавышэнне тэрмінаў правядзення знешнегандлёвых аперацый. Выяўлена несвоечасовае паступленне грашовых сродкаў на суму 139 тысяч расійскіх рублёў пры экспарце паслугі па перавозцы груза. Заканадаўствам устаноўлены 90-дзённы тэрмін правядзення знешнегандлёвай аперацыі, а фактычна ён склаў ад 308 да 361 каляндарнага дня.

Пры рэалізацыі знешнегандлёвага дагавора па імпарце на суму звыш 2,2 мільёна расійскіх рублёў з другім расійскім прадпрыемствам перавышэнне тэрміна правядзення знешнегандлёвай аперацыі склала 493 каляндарныя дні. Абсталяванне (казлавы электрычны кран) не паступіла да сёння.

Калектыву ААТ “Белкард” была патлумачана сутнасць выяўленых парушэнняў, па чыёй віне яны дапушчаны і патлумачаны адпаведныя патрабаванні заканадаўства.

Шэраг службовых асобаў трымалі справаздачу аб тэмпах мадэрнізацыі таварыства, мерах для змяншэння складскіх запасаў і атрымання непастаўленага абсталявання.

Выніковы вердыкт наступны: штрафныя санкцыі для таварыства зменшаны ў чатыры разы і склалі 158,2 мільёна рублёў. Для параўнання: максімальны памер спагнанняў за выяўленыя парушэнні мог дасягнуць 654,3 мільёна рублёў.

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/