Выстава таленавітых людзей Дзятлаўшчыны



На Дзятлаўшчыне шмат таленавітых людзей. У гэтым можа пераканацца кожны, хто наведае гісторыка-краязнаўчы музей у Дзятлава.

Там адкрылася выстава работ народных майстроў. Чаго тут толькі няма! Вышыванкі, рэчы, зробленыя з бісеру, саломкі і іншае.

Як толькі заходзіш у залу на другім паверсе, дзе і размешчаны ўсе гэтыя дзівосы, у вочы адразу кідаецца шматузор’е ручнікоў, вышытых Таццянай Загорцавай з пасёлка Наваельня. Прыгожыя рознакаляровыя кветкі вышыты і гладдзю, і крыжыкам. А які цудоўны арнамент з дробных кветачак, квадрацікаў. Кожная рэч непаўторная, мае сваю асаблівую адметнасць. Да таго ж усе ручнікі Таццяны Васільеўны аздоблены далікатнымі карункамі. Тоненькімі, нібыта з павуціны сатканымі.

Алена Жылінская перадала на выставу сваю творчую работу пад назвай “Божы храм”. Тут цэлая кампазіцыя. На зялёным дыване — праваслаўны храм, зроблены з танюткіх дошчачак. Дзверы храма адчынены. Да яго вядзе дарожка, зробленая з карычневага бісеру. Такое ўражанне, што на гравійку нядаўна прайшоў дождж. Абапал дарожкі — кветнікі. Таксама з бісеру. З яго ж зроблены і дрэвы. Лужок і храм абнесены маляўнічым плотам.

Нельга не захапляцца і майстэрствам Ірыны Антропавай з вёскі Дварэц. Ірына Віктараўна зрабіла дзівоснае пано і назвала яго “Вясна святочная”. У рамцы на фоне суравога палатна — кветкі з тканіны. Колер някідкі, але на іх глядзіш, не зводзячы вачэй, да таго прыгожа і маляўніча. Тут жа галінкі вербалозу, якія толькі што распусціліся. На іх прыселі беленькія матылькі і нейкая дзівосная пярэстая птушачка. Як жывая. Здаецца, яшчэ імгненне, і яна ўзмахне крыламі і з рамкі пальецца цудоўная песня. Гэтае пано і сапраўды стварае святочны вясновы настрой. У кожнага, хто яго ўбачыць, становіцца хораша на душы.

Можна толькі ўявіць, колькі часу і руплівай працы затраціла Таццяна Васільеўна, якая дробненькім далікатным крыжыкам вышыла іконы “Маці Божая Пачаеўская” і “Неўпіваемая чаша”. Бездакорна падабраны ніткі па колеры. Пры дапамозе розных адценняў адлюстраваны вобразы святых.
Ларыса Ненартовіч з пасёлка Гезгалы славіцца сваім майстэрствам далёка за межамі Дзятлаўскага раёна. Яе вырабы з саломкі — сапраўдныя творы мастацтва. Яна стварае такія рэчы, ад якіх цяжка адарваць погляд. Больш за тое, Ларыса Васільеўна вучыць свайму майстэрству мясцовых дзетак. Дзякуючы ёй многія авалодалі пляценнем з саломкі, далучыліся да цудоўнага свету мастацтва.

І ад тых работ, што Ларыса Ненартовіч паказала на выставе ў музеі, проста вачэй не адарваць. “Ваза з вербамі”, “Ваза з кветкамі” нібы пранізаны сонцам, цяплом.

Ларыса Васільеўна, што называецца, майстар на ўсе рукі. Яна ўмее не толькі рабіць цудоўныя рэчы з саломкі, але і прыгожа вышывае. У гэтым можна пераканацца, гледзячы на карціну пад назвай “Хрыстос уваскрэс”, якая таксама размешчана на выставе. А якая дзівосная яе работа — пано “Касцёл”!
Прынёс у музей свае работы і дзятлаўчанін Анатоль Герасіменка. Ужо шмат гадоў Анатоль Сяргеевіч захапляецца разьбой па дрэве. І не толькі сам стварае прыгожыя рэчы, але і вучыць свайму майстэрству дзятлаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак.

Трэба сказаць, што Анатоль Герасіменка таленавіты не толькі ў гэтай справе, але і ў многіх іншых. Да прыкладу, ён цудоўна іграе на баяне. А як спявае! Ён — адзін з самых актыўных удзельнікаў народнага хору “Ветэраны ў страі”, які ўжо шмат гадоў дзейнічае пры Дзятлаўскім раённым доме культуры. Без гэтага таленавітага няўрымслівага чалавека не абыходзіцца ні адзін канцэрт. Да таго ж ён выконвае і сольныя нумары.

Уражваюць таксама работы Аляксандры Шалеснай з вёскі Лозкі, Святланы Грос з вёскі Данілавічы, Ганны Абрамавай з пасёлка Гезгалы, Рамуальды Добыш з пасёлка Казлоўшчына ды і ўсе астатнія.
Прынамсі, ні адзін з экспанатаў гэтай цудоўнай выставы не пакідае наведвальнікаў музея раўнадушнымі. Усе прымушаюць думаць, разважаць.

Падобныя выставы ладзяцца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі не ўпершыню. Запомнілася выстава карцін братоў мастакоў Івана і Юрыя Козелаў. Яны нарадзіліся ў вёсцы Гнаінскія. Цяпер жывуць у Мінску. Іхнія работы выкананы з высокім прафесіяналізмам. Многія карціны напісаны ў родных мясцінах, адлюстроўваюць прыроду і звычаі Дзятлаўскага краю.
Надоўга запомнілася наведвальнікам музея і выстава скульптур нашага славутага земляка Мікалая Несцярэўскага, які таксама жыве ў Мінску. Гэты таленавіты чалавек афармляў адну са станцый метро ў нашай сталіцы.

Усе майстры, чые работы экспанаваліся ці экспануюцца на выставах у музеі, маюць сапраўды залатыя рукі, творчую душу. Хочацца спадзявацца, што мы яшчэ не раз убачым іх цудоўныя творы ў залах, будзем імі захапляцца, радавацца сустрэчы з прыгожым.

Шчыры дзякуй супрацоўнікам музея за тое, што пастаянна падтрымліваюць сувязь з народнымі майстрамі, цікавяцца іх новымі работамі і потым праз выставы знаёмяць з імі ўсіх жыхароў раёна. Гэта пакідае ў памяці добры след.

Леанарда Юргілевіч, www.gs.by

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/