ВЫРАШЭННЕ ПРАБЛЕМЫ - СПРАВА АГУЛЬНАЯ



Глабальнай мэтай правядзення Сусветнага дня прадухілення самагубстваў з'яўляецца змяншэнне ўзроўню суіцыдаў сярод насельніцтва. Згодна са статыстычнымі дадзенымі самагубствы - 13-ая па ліку прычына смяротнасці ў свеце. На прадухіленне гэтых трагедый скіраваны шэраг мерапрыемстваў, якія аб'ядноўваюць намаганні многіх ведамстваў, структураў грамадства.

На жаль, праблема суіцыдаў -- у ліку злабадзённых для Беларусі. Яна закранае эканамічны бок развіцця краіны. Гэта страты, звязаныя са скарачэннем колькасці працаздольнага насельніцтва, расходы на сістэму прафілактыкі самагубстваў, лячэнне людзей, у якіх былі суіцыдальныя спробы. Праблема датычыцца і дэмаграфічнай сітуацыі: самагубствы, як прычына смяротнасці, у Беларусі займаюць чацвёртае месца пасля сардэчна-сасудзістых хваробаў, новаўтварэнняў, хваробаў органаў дыхання.

У сувязі з гэтым у Нацыянальнай праграме дэмаграфічнай бюяспекі на 2011-2015 гады запланаваны шэраг мерапрыемстваў па прафілактыцы суіцыдаў.

На гэта скіраваны і Комплексны план па прафілактыцы суіцыдальных паводзін на 2009-2012 гады. Ён акцэнтуе ўвагу на інфармаванне насельніцтва аб дзейнасці службаў, якія дапамагаюць людзям у розных крызісных сітуацыях. І ў гэтым важная своечасовая дапамога менавіта тым людзям, якія знаходзяцца ў групе рызыкі.

Прафілактыка суіцыда з'яўляецца не толькі медыцынскай праблемай. Яна ўключае ў сябе сацыяльныя, псіхалагічныя, рэлігійныя і непасрэдна медыцынскія фактары рызыкі. Згодна са статыстыкай, на колькасць суіцыдаў уплываюць пара года, праблемы ў асабова-сямейных адносінах, праблема ва ўзаемаадносінах з соцыумам.

Большая колькасць самагубстваў адбываецца ў стане алкагольнага ап'янення. Гэта, а таксама наркотыкі, як адзначаюць дактары зніжае антысуіцыдальны бар'ер.

Аказанне дапамогі ў крызіснай сітуацыі немагчыма без удзелу такіх спецыялістаў, як псіхатэрапеўт і псіхолаг. У Беларусі забяспечаны шырокі доступ псіхатэрапеўтычнай дапамогі для насельнітцва. Яшчэ раз нагадаю, што спецыялізаваную медыцынскую дапамогу можна атрымаць па "тэлефоне даверу" - 170( званок бясплатны), па "тэлефоне даверу" Дзятлаўскай раённай бальніцы - 21984 (у час работы паліклінікі"). Псіхалагічную дапамогу можна атрымаць і ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвнаня насельніцтва па тэлефоне 2-71-53.

К. ЧЫЎЧЫШ, доктар-псіхіятр раённай бальніцы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/