ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ НА ЖНІВЕ



З мэтай арганізацыі кантролю за супрацьпажарнымі мерапрыемствамі на тэрыторыі раёна работнікі дзяржаўнага пажарнага нагляду і афіцэрскі састаў Дзятлаўскага РАНС разам з карэспандэнтамі газеты “Перамога” праводзілі маніторынгі аб’ектаў народнай гаспадаркі. Асаблівая ўвага скіравана на аказанне дапамогі ў забеспячэнні пажарнай бяспекі аб’ектаў, звязаных з уборкай, захоўваннем і перапрацоўкай ураджаю; торфапрадпрыемстваў, базаў адпачынку, дзіцячых аздараўленчых летнікаў і іншых аб’ектаў і населеных пунктаў, размешчаных у лясной зоне, паблізу торфамасіваў.

Работнікамі дзяржаўнага пажарнага нагляду 6 жніўня былі праведзены маніторынгі 86 аб’ектаў, звязаных з уборкай, перапрацоўкай і захоўваннем ураджаю. Абследаваны 79 камбайнаў і 53 адзінкі сельскагаспадарчага транспарту.

Па выніках рэйдавых праверак было ўстаноўлена, што ва ўсіх сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах раёна, за выключэннем СВК “Граніт-Агра” (яны ўжо завяршылі ўборку) у месцах уборкі збожжавых адсутнічала тэхніка з плугамі.

У СВК “Вензавец” у час абследавання склада грубых кармоў у вёсцы Юравічы выявілася, што збудаванні не забяспечаны ў поўным аб’ёме першаснымі сродкамі пажаратушэння адсутнічае вада ў ёмістасцях, пажарныя шчыты не ўкамплектаваны мінімальным наборам ручных інструментаў, складзіраванне грубых кармоў выканана без належных праходаў у памяшканні склада.

На малочнатаварнай ферме ў вёсцы Явар будынкі не забяспечаны ў поўным аб’ёме першаснымі сродкамі пажаратушэння. Не было вады ў ёмістасцях, складзіраванне грубых кармоў выканана без належных праходаў на складзе, а таксама дапускаецца захоўванне кармоў на адкрытай пляцоўцы перад варотамі склада. Вароты склада МТФ у вёсцы Явар зачынены на замок, але не абмяжоўваюць доступ пабочных асобаў у памяшканне склада, у яго сцяне маецца скразная дзірка.

На збожжасушыльным комплексе вёскі Явар у памяшканні аператара дапускаецца курэнне, пра што сведчаць скарыстаныя запалкі і недакуркі ў аператарскай. Таксама паліваправод, які сілкуе сістэму цеплагенератара, негерметычны і мае падцёкі.

У СВК “Дварэц-Агра” камбайны былі не ўкамплектаваны супрацьпажарнымі палотнішчамі, будынкі збожжаскладоў у аграгарадку Дварэц не абсталяваны маланкаахоўнымі прыладамі, склады грубых кармоў у вёсцы Палонка, аграгарадку Дварэц не абаронены маланкаахоўнымі прыладамі.

У СВК “Слава працы” камбайны не ўкамплектаваны супрацьпажарнымі палотнішчамі завадской вытворчасці.

У СВК “Войневічы” была выяўлена работа пяці камбайнаў на двух участках без прыкрыцця тэхнікі, прыстасаванай для тушэння пажараў. Тэхніка, якая прыбыла пазней, не мела на рукаўнай лініі пажарнага ствала, неабходнага для падачы сродкаў для тушэння агню.

Кіраўнікам СВК былі патлумачаны патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі, па якіх у гаспадарках былі дапушчаны парушэнні.

З вопыту працы ратаўнікі-пажарныя прыходзяць да высноваў, што асноўная прычына надзвычайных сітуацый на аб’ектах аграпрамысловага комплексу звязана з адсутнасцю сістэмы штодзённага кантролю і патрабавальнасці адказных службовых асобаў.

Для таго, каб папярэдзіць пажары ў складах грубых кармоў, збожжа і на іншых аб’ектах сельгасвытворчасці, сярод шэрагу іншых мераў трэба таксама забяспечыць кругласутачную ахову гэтых аб’ектаў, выключыць выпадкі доступу на тэрыторыю пабочных асобаў.

У месцах уборкі збожжавых павінна быць арганізавана дзяжурства тэхнікі, прыстасаванай для тушэння пажару. Спецыялістам гаспадарак неабходна перыядычна замяраць тэмпературу ўнутры складаваных кармоў, каб не дапусціць іх самазагарання. Нарэшце, будынкі для захоўвання кармоў павінны абавязкова мець спраўную маланкаахову.

Тэхніка, якая выходзіць на жніво, павінна быць абсталявана першаснымі сродкамі пажаратушэння, іскратушыльнікамі выхлапных трубаў. Трактары, камбайны павінны праходзіць штодзённы тэхнічны агляд, у час якога будуць пільна правярацца сістэмы сілкавання, змазкі, запальвання. Яны павінны быць ачышчаны ад падцёкаў гаруча-змазачных матэрыялаў і саломістай масы.

А. БЯЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/