Вясновы настрой у “Праменьчыку"



Пастаянныя шэфы і памочнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна — гэта валанцёры гімназіі №1 г. Дзятлава.

Гімназісты разам са сваімі педагогамі Святланай Віктараўнай Лябецкай і Нінай Іванаўнай Трафімчык распрацоўваюць для наведвальнікаў “Праменьчыка" цікавыя забаўляльна-развіваючыя праграмы. Гэта гульні, віктарыны, трэнінгі.

Нядаўна гімназісты завіталі ў “Праменьчык”, каб павіншаваць сваіх падшэфных са святам вясны і прыгажосці. У гэты дзень на свята ў аддзяленне былі запрошаны і члены Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, бо добрым настроем заўжды хочацца падзяліцца.

Стартавала свята вясны дэбютным нумарам Анатоля Ляпешкі, які выканаў песню пад гітару. Анатоль толькі пачаў асвойваць музычны інструмент, і гэта было яго першае выступление перад шырокай аўдыторыяй, якое сябры падтрымалі апладысментамі. Радасць і вясновы настрой прысутным дарылі вядучыя: гімназісты Яўген Буцар і Арцём Пуйта. Прымушалі пабыць сур'ёзнымі і падумаць Даша Барысюк і Даша Лукашэня, якія праводзілі развіваючыя гульні, віктарыну, загадвалі загадкі. Музычны падарунак для “Праменьчыка" падрыхтавалі гімназісткі Вольга Лішык і Вікторыя Цітова. Дзяўчынкі выканалі некалькі песень пад гітару.

Не засталіся без віншаванняў і падарункаў наведвальніцы аддзялення Настасся Матвеева і Таццяна Рэгіневіч, якія святкуюць свае дні нараджэння вясной. Ну, і якое ж свята без сяброўскіх размоваў за кубачкам чаю. Дзякуючы прыватнай прадпрымальніцы Тэрэсе Раманаўне Кардаш, на святочным стале было шмат цукерак, якімі з задавальненнем частаваліся наведвальнікі “Праменьчыка" і іх госці.

В. САЛАМЕВІЧ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/