ВЯСКОВАЯ ХАТА: ЯЕ HAPOДHЫ ІНТЭР'ЕР



Па роду дзейнасці часта даводзіцца бываць у вёсках раёна. Сустракаюць яны працяглымі вуліцамі, абапал якіх стаяць хаты. Вокнамі, нібыта вачамі, яны "ўглядаюцца” ў вясковае жыццё. А яно ў цяперашніх сельскіх населенных пунктах няспешнае, нават паступова сыходзіць з іх. Аб чым сведчаць пусты я хаты з забітымі вокнамі, што некалі руплівы гаспадар абрамляў прыгожымі разнымі налічнікамі або аканіцамі, да вырабу якіх майстар падыходзіў творча і з фантазіяй. Аб тым, што вясковая хата жылая, нагадвае дымок, які няроўнай стужкай віецца над комінам.

Назіраючы за стужкай дыму, міжволі ўзгадваеш, што нездарма сімвалам жыцця, яго крыніцай ва ўяўленнях беларусаў, іншых славянскіх народаў, ды і не толькі іх, была печ. Будуючы хату, печы адводзілі пачэснае месца. Яна і крыніца цяпла, і карміцелька, і нават у лекавых мэтах выкарыстоўвалі яе нашы продкі. Няма нічога лепшага, як, прастудзіўшыся, паляжаць на печы. Глядзіш, і хваробу як рукой зніме.

Печ спрадвеку была звязана з жанчынай. Яна — ахоўніца ачага, яна гаспадыня. Зранку вясковыя кабеты ўжо завіхаліся ля печы, ставілі ў яе чыгуны і чыгункі з ежай — з дапамогай вілак або па-руску “ўхвата”. Гэты гаспадарчы інвентар стаяў побач з печчу.

Гарэў агонь, у чыгунках варылася ежа, на патэльні пякліся блінцы, а па хаце разліваўся ні з чым не параўнальны водар простых, і ў той жа час такіх смачных вясковых страваў. Зусім як у Коласа: “Яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне, і ўжо пры печы з чапялою стаяла маці...”.

Нездарма паэму “Новая зямля” лічаць “энцыклапедыяй беларускага сялянскага жыцця”, яго побыту, які адыходзіць у нябыт. Аб яго традыцыях можна даведацца толькі ў бабуляў і дзядуляў, ды і ў работнікаў музеяў, у экспанатах якіх захоўваецца народны посуд, мэбля, іншыя атрыбуты вясковага ўжытку. Дарэчы, у яго даволі цікавыя назвы, у многім незразумелыя сучаснаму гарадскому чалавеку. Мяркую, цяпер мала хто дакладна адкажа на пытанне, што такое качарэжнік, чапяла, зэдлік, услон.

Каб запоўніць “прабелы" па тэме вясковай этнаграфіі, звернемся да работнікаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

- Месца ля печы, дзе стаяў неабходны пячны інвентар, і называўся качарэжнікам. Тут стаялі вілкі, рыдлёўка, венік, памяло, качарга - ёю варочалі вуглі або папраўлялі дровы ў печы. Магчыма, качарга і стала вытворнай назвай для адпаведнага гаспадарчага кутка. А вось чапялою называлася прылада, якой трымалі патэльню, — тлумачыць Ірына Станіславаўна Якаўчык, галоўны захавальнік фондаў раённага музея.

- Калі ж казаць далей пра інтэр'ер традыцыйнай хаты, то нельга не ўзгадаць “бабін кут", або інакш яго называл! мыцельнік. Ён размяшчаўся супраць печы каля ўвахода. Тут стаяла кадка з вадою і драўляным каўшом, а на лаве — драўляныя вёдры, даёнка, сальнік, бельчык -драўляны посуд, які нагадваў невялікую кадачку з накрыўкай. У бельчыку, або інакш яго называлі яшчэ кубельчык, насілі ежу на жніво або сенакос. Былі і кубельчыкі, у якіх захоўвалі мяса або сала. Увогуле, у вясковай гаспадыні было шмат посуду, які выконваў адведзеную толькі яму ролю.

- А якой мэбляй была абстаўлена вясковая хата?
- Убранства хаты было даволі простае. Стол, услон, зэдлік, куфры для захавання вопраткі, лавы, паліцы, палаці, люлька, кроены. Кожны прадмет мэблі стаяў на сваім, адведзеным яму традыцыямі месцы. Так, напрыклад, вялікая доўгая шырокая дошка, якую замацоўвалі на ножках або калодках, называлася лавай. Звычайна ў хаце іх было дзве, стаялі яны ўздоўж сцяны, ля вакон, сходзіліся ў чырвоным куце. Тут магла стаяць і дзежка з хлебам. На лавах не толькі сядзелі, але і спалі, асабліва калі ў хаце заставаліся начаваць госці. Спалі і на палацях -на насціле з дошак, які размяшчаўся ля печы.

Згодна з традыцыйнай планіроўкай вясковай хаты, схема якой ёсць у экспанатах нашага музея, месца па дыяганалі ад печы адводзілася для чырвонага кута, або покуці. Тут стаяў стол, а ўверсе чырвонага кута, пад столлю размяшчаліся абразы, упрыгожаныя тканымі ручнікамі-”набожнікамі”. За абразамі трымалі бутэльку з асвенчанай вадой, якая лічылася лекамі ад многіх хваробаў.

Такім чынам, покуць з’яўляўся своеасаблівай часткай храма ў хаце, самым пачэсным месцам у ей, што адлюстроўваецца і ў народных прымаўках: “Шануй покуць у хаце, як родную маці", “Добрага госця на покуць садзяць".

Для захоўвання вопраткі да з'яўлення шафаў шырока выкарыстоўваліся куфры. Яны ігралі вялікую ролю і ў вясельным рытуале. Дзяўчына, рыхтуючыся стаць нявестай, а пасля і жонкай, рыхтавала пасаг, які складвала ў куфар.

Калі пасля вяселля дзяўчына пераязжала жыць да мужа, яна забірала і куфар. Ён, дарэчы, яшчэ і адмыслова ўпрыгожваўся — кветкавым або геаметрычным узорам.

- А якія яшчэ асаблівасці планіроўкі традыцыйнай беларускай хаты?
- Абавязковай яе адметнасцю былі сені. Гэты пакой выкарыстоўваўся для гаспадарчых мэтаў, тут ставілі вёдры, цэбры, маслабойкі, іншы гаспадарчы інвентар. У сенях стаялі і драбіны, па якіх гаспадары маглі залезці “на гару", дзе віселі каўбасы. Шэраг прадуктаў захоўваўся і ў кладоўцы, якую інакш называлі каморай.

Веранда, як частка пабудовы, пачала з'яўляцца толькі ў 20 стагоддзі. Я к і драўляная падлога. Да канца 19 стагоддзя падлога ў вясковай хаце была земляная або глінабітная, інакш яе называлі “ток”. Рабілі яе наступным чынам: зямлю спачатку раўнялі, затым сыпалі на яе сырую гліну. Па ей білі вострым! канцамі драўляных малаткоў. Рабілі так некалькі разоў, затым падлогу трамбавалі калодай, а пасля вальком. Такім чынам падлога станавілася вельмі цвёрдай.

Вядома, такая падлога не была вельмі цёплай. Увогуле, для таго, каб як мага менш выходзіла цяпло, у хаце рабілі высокія ганкі і нізкія дзверы. Для ўцяплення хаты выкарыстоўвалася і прызба - беларускі аналаг вядомай рускай “завалінкі”. Калі ж казаць пра будоўлю хаты, то пачыналася яна з выбару месца і будаўнічых матэрыялаў. Дрэва, згодна з народнымі ўяўленнямі, трэба ссякаць, калі месяц знаходзіўся ў поўні: яно будзе трывалае. Не бралі на будоўлю дрэвы, паваленыя непагаддзю.

А вось выбіраючы месца для будучай хаты, гаспадар кіраваўся як практычным поглядам — суседства, набліжанасць да вадаёма, так і народнымі традыцыямі, згодна з якімі забаранялася будаваць хату на скрыжаванні дарог і на закінутых шляхах.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/