ВЯСЁЛЫЯ ЭСТАФЕТЫ МОЛАДЗІ



Абласныя "Дажынкі-2015", якія праходзілі ў Дзятлаве, былі адметныя. Сельскай вясёлай эстафетай, якая сёлета праводзілася на свяце ўпершыню. Удзел у ёй прынялі 17 моладзевых каманд з розных раёнаў вобласці.

Сельская эстафета была скіравана на захаванне традыцый беларускай вёскі, падтрымку сельскагаспадарчых прафесій, прапаганду здаровага ладу жыцця. Яна падарыла ўдзельнікам і гасцям "Дажынак" зарад бадзёрасці, ycмешкі і добры настрой. Арганізатарамі эстафеты выступілі ўпраўленне ідэалагічнай рабоды, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, абласны камітэт ГА "БРСМ", камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама, Дзятлаўскі райвыканкам.

Дзятлаўшчыну на мерапрыемстве прадставіла зборная моладзевая каманда ў складзе Яўгена Баброўскага, Сяргея Смурагі, Вікторыі Якаўчык, Таццяны Туровіч, Наталлі Кароль, Вольгі Кастусік, Івана Усцімава, Аляксея Ляшэвіча, Аляксандра Хаванскага, Аляксея Вараб'я.

Стартавала "Сельская вясёлая эстафета" конкурсам "Рэпка" па матывах вядомай казкі. Пераапранутыя ў касцюмы казачных герояў удзельнікі каманд на хуткасць паўтарылі ўвесь сюжэт вядомай казкі, каб выцягнуць імправізаваную рэпку.

У час наступнага конкурсу "Сельская эстафета" ўдзельнікі каманд атрымалі вясёлыя заданні на хуткасць — данесці яйкі на лыжках, прабегчы з каромыслам, з мяшком бульбы і іншыя.

Выстава-конкурс "Багаты ўраджай" паказала, наколькі ў моладзі багатая фантазія, развіты мастацкі густ і пачуццё гумару. Неабходна было сфарміраваць фігуры з садавіны і агародніны. Як расказала карэспандэнтцы газеты Вольга Кастусік, дзятлаўская каманда ўзгадала, што нядаўна быў Хэлоўін, а таму на іх выставе з'явіўся чалавек з галавой-гарбузом, а паглядзець на яго прыпоўз цікаўны вусень.

У конкурсе "Недзіцячы апетыт" прапанавалі паўдзельнічаць самым галодным удзельнікам каманд. У дзятлаўчан ініцыятыву праявіла мышаня — Аляксей Варабей. Неабходна было за дзве хвіліны з'есці максімальную колькасць сасісак. Лёша не падвёў каманду. Атрымалася спрэчная сітуацыя, бо аднолькавую колькасць сасісак з'елі прадстаўнікі некалькіх раёнаў. Журы давялося аб'явіць другі тур спаборніцтва, у якім вызначыўся наш Аляксандр Хаванскі. У выніку дзятлаўчане атрымалі-такі перамогу ў гэтым конкурсе. Забягаючы наперад, зазначу, што і суцяшальны прыз — некалькі кілаграмаў сасісак — напрыканцы эстафеты атрымала менавіта наша каманда.

Па ўмовах конкурсу "Сельскі аркестр" неабходна было выканаць хіт, "узброіўшыся" дапаможнымі рэчамі. Гледачы актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў, а з некаторымі нават пусціліся ў скокі.

Конкурсы "Яблычны снайпер", "Аграрны баскетбол", "Боўлінг" сабралі самых трапных, а конкурс "Баі падушкамі" — самых смелых удзельнікаў.

Напрыканцы спаборніцтваў журы падвяло вынікі і назвала пераможцаў. Першае месца ў "Сельскай вясёлай эстафеце" заняла моладзевая каманда з Мастоў. На другую пазіцыю выйшаў Карэліцкі раён. Трэцімі сталі Ашмяны. Удзельнікі дзятлаўскай каманды засталіся задаволеныя спаборніцтвамі. Яны адзначылі, што ўсе прапанаваныя конкурсы былі вясёлыя і цікавыя, а таму падарылі моладзі зарад бадзёрасці, выдатны
настрой і станоўчыя эмоцыі.

КАЎКЕЛЬ І.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/