Вяртаючыся да перажытага



Маё першае знаёмства з прыгожым пісьменствам пачалося з вершаў. Спакушаў рытм і зачароўвала мелодыка ўвабраных у форму і нязвыкла выкладзеных слоў.

I на шчасце, нібы з вышыні неба, мне былі пасланыя «Пагоня» Максіма Багдановіча і «Ты, мой брат, каго зваць беларусам» Алеся Гаруна. Упершыню прачытаўшы чуйна-жывыя радкі, я задыхнуўся ад іхняй арганнай, вадаспаднай музыкі. I гэтага, мусіць, было даволі, каб пачаў рыфмаваць сам. А потым дапамог і абнадзеіў Купала.

Кніжка яго выбраных твораў з партрэтам валошкавага колеру і кавалачкам чырвонага арнаменту на жаўтлявай кардоннай вокладцы ляжала поруч з падручнікамі на маім ясеневым стале, як Біблія перад набожным чалавекам.

Яе падараваў сусед, сірата, трохі старэйшы за мяне, які, напэўна, і сам набыльваў, як кажуць у нас, вершамі.

Да беларускасці і нацыянальнай самасвядомасці прывучалі кніжкі Антона Навіны (А. Луцкевіча) і Адама Станкевіча.

У гадоў 14—15 я ўжо ведаў, што беларусы мелі сваю дзяржаўнасць, а ў 15—17 з усёю маладою запальчывасцю і экстрэмізмам ужо думаў, як адрадзіць і вярнуць былую дзяржаўную веліч — княства Літоўскае.

А наўкруга мяне панавала беспрасветная сталіншчына — прымусовая пазыка і прымусовыя запісы ў калгас, — непісьменныя, абыякавыя да ўсяго, апрача хіба вечарынкаў, панажоўшчыны і гарэлкі, вясковыя аднагодкі. Папраўдзе ўспамінаюцца вядомыя вершы Мікалая Някрасава:

В неведожой глуши, в деревне полудикой
Я рос средь буйных дикарей...

Як падняўся вышэй усяго гэтага, як пашэнціла зразумець, што ёсць іншы свет, да якога трэба ўсімі магчымымі і немагчымымі сіламі цягнуцца і падымацца, як здолеў нарэшце паступіць ва універсітэт. I які ўсё ж гэта, калі глянуць з сённяшняй далечыні, займальны, поўны душэўных прыгодаў, неапісаны, не засведчаны мною час загадкавай маладосці.

А з якою ўпартасцю і нязрушным спадзяваннем у тыя гады чыталіся звінючыя, іскрыстыя радкі Багдановіча, нібы сам ты гартаваў і каваў востры да адчаю меч:

Ведай, брат жалады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цвёрдыя, быццаж з каження...
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш...

Сапраўды, толькі бязмерная, неўтаймаваная вера і гарачае спадзяванне, як на крыллях, нясуць чалавека да яго жаданай, неспатольненай мэты.

Усе кніжкі мае — няспраўджаны пошук чагосьці страчанага ў жыцці — кахання, чалавечнасці, нязрушанай праўды, узаемнай павагі, запрацаванага акрайца хлеба.

Дарэчы, на гэта скіроўвае нас і назва вядомай французскай эпапеі — «У пошуках страчанага часу» (Марсель Пруст).

Міця Корсак з маіх раманаў — гэта ў нейкай долі я сам.

Алеся... Напэўна ж, мая маці, што, выйшаўшы замуж за нялюбага, хацела задушыць сваё дзіця. I вось наперакор усяму — злосці, адчаю, помсты, нялюбасці — радзіўся я.

О, які ненапісаны драматычны твор сатлеў на маім стале. Гэтае нялюбае дзіця робіцца любым сынам.
За кадрам, як кажуць, застаецца значна больш, чым высвеціла кінастужка.

Я перажыў вайну. У чэрвені 41-га мяне каля чыгуначнага моста абстраляў чорны (хоць ён срэбны, як лёд, і чорны, як лёд, на сонцы) месершміт. А праз тыдзень, 30 чэрвеня, я застаўся без хаты — на месцы яе смуродзіла чорнае пажарышча і бялела печ з кароткім, абваленым комінам.

У маі 44-га на палявой дарозе мяне расстрэльвалі — але Бог сцярог, пуля чапіла толькі калашыну штаноў, — двое адурэлых ад атрутнага самагону данскіх казакоў з паходнай арміі атамана Паўлава, што слугоўваў немцам.

Сёння, прыгадваючы свае падлеткавыя гады і вайну, перажываю за падзеі на Балканах. Малюся, каб югаслаўскае Косава не стала Косавам беларускім. Бо мы, беларусы, ніколі не мелі спакою абароненасці. Ніхто і ніколі не затуліў нас ад бяды. Нас не спытаўшы, як праўдзіва пісаў Якуб Колас, нас дзялілі і намі — дарам ад сябе — гандлявалі. Асабліва нашай спрадвечнай зямлёю.

Шчаслівы, што ад беларускасці не адвярнуліся мае сыны. Хіліцца да ўсяго беларускага і не цураецца, не зракаецца роднага слова і дзесяцігадовы ўнук Чэслаў.

Бо, як заўважыў Герцэн, лёгка вяшчаць разумныя ісціны з-за кафедры, цяжэй выхаваць адно сваё дзіця. Не дзіва, што многія з нашых народных не навучылі роднаму слову сваіх дзяцей і ўнукаў. Як і кіраўнікі дзяржавы.

Якая, зрэшты, безнадзейнасць — зварот да праўдзівай незалежнасці не бачыцца і ў далёкім абсягу.
Асцерагаюся, каб мы не заплацілі вялікай цаны за сваю абыякавасць да ўсяго нацыянальнага і не прынеслі бяды і шкоды нашым будучым пакаленням. Але я ўтаймую сваю крыўду і адчай. Застануся з непахісным і нязрушным спадзяваннем у душы. Так лепш — жыць з надзеяй.

15 красавіка 1999 года

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/