Вяртанне



Маленькая Зіна стаяла ля мамінай труны і вочкамі, поўнымі слёз, глядзела на нежывы родны твар. Яна, хоць і хадзіла ўсяго ў другі клас, добра разумела, што страціла самага дарагога чалавека. А тры брацікі, якія былі малодшыя за яе, не разумелі нічога. Ды і дзе ім зразумець, калі меншаму было ўсяго адзін годзік і адзін месяц. Мала старэйшыя і два другія. У роднай вёсцы Малыя Краглі, што на Дзятлаўшчыне, іх шкадавалі ўсе, дапамагалі як маглі. Але асноўны цяжар зваліўся на тату, а найбольш — на бабу Любу. Прынамсі, яна і выгадавала сірот.

Зіна вельмі маладой выйшла замуж і пераехала жыць да мужа ў Кіеў. Нарадзіла дачушку Наташу. Але жыццё ў маладых не склалася, і яна вярнулася да бабулі.

Праз нейкі час спаткала добрага хлопца — ваеннаслужачага Віктара Тадарэнку і пераехала да яго ў пасёлак Гезгалы. Працаваць пайшла ў вайсковую часць. Тут, у Гезгалах, нарадзіліся Марына і Вова. Не паспелі малыя падрасці, як бацькі пераехалі працаваць у Прыморскі край. Жылі непадалёку ад Уладзівастока. Там на свет з’явіліся Аксана, Андрэй, Оля, Пеця і Арцём.

— Жылося нам добра, але я не магла без слёз слухаць песню, дзе ёсць словы: “Хоть та земля теплей, но родина милей...” Так хацелася вярнуцца ў родную Беларусь, на сваю любую Дзятлаўшчыну! І муж быў не супраць, толькі прапанаваў дапрацаваць да пенсіі. Згадзілася. А каб было куды вяртацца, напісала пісьмо ў калгас “Расія”, які цяпер называецца “Русь-агра”. Ведала, што гэта моцная гаспадарка, што справа працавітым рукам заўсёды знойдзецца. Неўзабаве атрымала адказ, маўляў, прыняць можам, работы і сапраўды хапае, толькі з жыллём цяжкавата. Але нешта знойдзем. І вось нарэшце мы з мужам і пецярымі дзецьмі накіраваліся ў маю любую Беларусь. Сем чалавек пасяліць — не жарты. Спачатку нас прыняў да сябе брат Анатоль, які жыве ў Дзятлаве. Усе мы пайшлі працаваць у калгас “Русь-агра”. Я — у паляводства. Хоць ужо і была на пенсіі, але не сядзець жа без справы. Муж, а таксама Андрэй, Арцём і Пеця — трактарыстамі, Оля — цялятніцай на Раклевіцкую ферму, Марына — мама чацвярых дзетак — даяркай. Словам, ніхто не застаўся без працы.

Зінаіда Сцяпанаўна па-добраму ўражана, як іх прынялі ў гаспадарцы. Што называецца, з адкрытымі абдымкамі. Прайшло зусім мала часу, як і жыллё далі: у вёсцы Норцавічы, у былым будынку школы, які цяпер пераабсталяваны пад кватэры. А калі ў Раклевічах яшчэ больш вырас аграгарадок і на Новай вуліцы ўзвялі шмат дабротных дамоў, ім таксама прапанавалі справіць наваселле.

Так склалася, што Андрэй пераехаў жыць у Дзяржынскі раён, але там таксама працуе ў сельскай гаспадарцы. А ўсе астатнія тут, у Раклевічах. Праўда, цяпер на трактары толькі тата і Арцём. Пеця працуе ў калгасе токарам. Арцём, Пеця і Оля жывуць з бацькамі, бо сваіх сем’яў яшчэ не маюць, а вось Марынінай сям’і таксама далі добраўпарадкаваны новы дом побач з бацькоўскім.

—Жыллё ў нас цудоўнае! — радуецца Зінаіда Сцяпанаўна. — Ёсць усе бытавыя зручнасці, вялікі агарод, падсобныя памяшканні. А якая наўкола прырода! Адразу за нашай вуліцай раскінуўся калгасны сад, дзе ўжо шпакі радуюць наваколле сваімі спевамі.

Гэтая мілая працавітая жанчына шчаслівая, што вярнулася ў родны край, дзе ўсё так блізка і дорага сэрцу. Шчырай любоўю да Беларусі пранікліся і яе дзеці.

—Я ў раннім дзяцінстве засталася сіратой, але не прапала, дзякуючы добрым людзям, — кажа гаспадыня ўтульнага катэджа. — Колькі іх сустракала на сваім жыццёвым шляху! Разумных, спагадлівых, бескарыслівых. Вось і тут. Калі стала цяжка працаваць у паляводстве, узялі прыбіральшчыцай у калгасную кантору, а ў начны час працавала вартаўніком на будоўлі, калі побач узводзілі новыя катэджы.

—Зінаіда Сцяпанаўна, у Вас на Далёкім Усходзе засталіся яшчэ трое дзяцей. Не захацелі сюды ехаць?
—Не захацелі. Ім падабаюцца тыя мясціны, кожны знайшоў сваё месца ў жыцці. Наташа і Вова — у Хабараўску. Наташа атрымала вышэйшую адукацыю і працуе ў адміністрацыі Хабараўскага краю. Вова завочна вучыцца ва універсітэце і працуе ахоўнікам у адной з фірм. У пасёлку пад назвай Порт Ваніна жыве Аксана. Яна скончыла тэхнікум і працуе на харчовым камбінаце.

У Зінаіды Сцяпанаўны і Віктара Уладзіміравіча Тадарэнкаў шасцёра ўнукаў: пяцёра тут і адна ўнучка на Далёкім Усходзе. Што і казаць: часцінка мацярынскага сэрца засталася там, у Прыморскім краі.

—З Наташай, Вовам і Аксанай падтрымліваеце сувязь? — пытаю ў мамы вялікага сямейства.
—А як жа! — адказвае. — Цяпер, калі ў кожнага ёсць мабільны тэлефон, гэта не праблема. Дзеці звоняць, расказваюць пра сваё жыццё. Іншы раз і парады просяць. Сумуем, вядома, без іх, але нічога не зробіш. Гэта быў іхні выбар — застацца на Далёкім Усходзе. І з ім нельга не лічыцца.

Ад гэтай працавітай, добразычлівай жанчыны сыходзіць нейкі спакой і гаспадарлівасць. З вуснаў заўсёды гатова сарвацца шчырая ўсмешка. Яна не шкадуе для людзей добрага слова. Што ўжо казаць пра ўнукаў! Калі я ездзіла ў Раклевічы, дома з бабуляй былі Пятруша і Саша (Саша — гэта дзяўчынка). Два светленькія, як сонейкі, маленькія чалавечкі, прыгожыя, як сама вясна. Яны прадаўжальнікі роду Тадарэнкаў. Гледзячы на гэтую дружную працавітую сям’ю, хочацца верыць, што ў нашых аграгарадкоў ёсць будучыня, раз у іх падрастаюць такія слаўныя дзеткі. Значыць, будзе каму працаваць на зямлі.

На развітанне Зінаіда Сцяпанаўна папрасіла:
—Падзякуйце праз газету кіраўніцтву “Русь-агра” за ўсё тое добрае, што зрабілі і робяць для маёй вялікай сям’і, а найперш старшыні гаспадаркі Яўгену Сямёнавічу Варгану, старшыні выканкама мясцовага Савета Аляксандру Віктаравічу Маркушэўскаму. Ды і ўсім мясцовым людзям. Нам сярод іх так добра і ўтульна, як бывае добра толькі дома...

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/