Вярнуліся з Брэста прызёрамі



Нядаўна ў горадзе Брэсце прайшла інтэрактыўная гульня "Кубак белавежскага зубра", прысвечаная 600-годдзю надання Белавежскай пушчы запаведнасці. Наша гімназія была запрошана да ўдзелу ў ёй. Каманда навуковага таварыства гімназістаў "Эверэст" у складзе Марыі Ражко, Алены Вішнарэўскай, Кацярыны Стракоўскай заняла 2 месца.

А перамагчы было няпроста, таму што сабраліся гімназісты з усіх куткоў Беларусі. Усяго ў гульні прымалі ўдзел дзесяць каманд. Рыхтавала дзяўчат да гульні Валянціна Генрыхаўна Багдановіч, настаўніца біялогіі гімназіі №1. Падзяліцца сваімі ўражаннямі ад гульні я папрасіла ўдзельніц.

— Раскажыце, як вы рыхтаваліся да гэтага конкурсу?

Алена Вішнарэўская:
— Было вельмі складана знайсці патрэбную літаратуру, шукалі ў раённай бібліятэцы, у Інтэрнэце, нават заказвалі ў абласной. Добра не ведалі тэматыкі, таму што пераліку пытанняў гульні арганізатары не давалі. Асабліва пакутлівай была ноч перад паездкай: не давала заснуць тая адказнасць, якую на нас усклалі, бо нашай гімназіі трэба было прадстаўляць усю вобласць.

— А якія эмоцыі вы перажывалі ў дарозе, яна ж была няблізкай?

Кацярына Стракоўская:
— Хваляванне. Увесь час здавалася, што мала прачыталі, не ўсё адшукалі, нечага недаглядзелі і таму не зможам годна выступіць.

— А як вас прынялі ў Брэсце?

Алена Вішнарэўская:
— Вельмі гасцінна. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №2 г.Брэста сустрэў нас і паказаў сваю гімназію, пазнаёміў з сістэмай работы, з лепшымі вучнямі.

— А як праходзіў сам конкурс?

Марыя Ражко:
— Усё праходзіла па аналогіі з тэлевізійнай перадачай "Свая гульня". Гульня складалася з трох тураў, у кожным з якіх было прапанавана па трыццаць пытанняў. Тэматыка пытанняў даволі разнастайная: гісторыя Белавежскай пушчы, памятныя даты Белавежскай пушчы, жывёльны і раслінны свет, геаграфія і турызм. На абмеркаванне адказу камандам адводзіўся пэўны час, пасля чаго неабходна было даць вычарпальны адказ. Сама гульня доўжылася дзве гадзіны.

— А калі вы даведаліся пра сваю перамогу?

Каіцярына Стракоўская:
— Пасля абеду ўдзельнікаў сабралі ў актавай зале для падвядзення вынікаў. Уявіце, што мы перажылі , калі пачулі, што наша каманда заняла другое месца. Навіна стала для нас нечаканасцю. Мы і падумаць не маглі пра такі вынік! Доўга прыходзілі ў сябе, абдымаліся, віншавалі адзін аднаго і нашага дырэктара Ігара Мікалаевіча Грынчука, які вазіў каманду ў Брэст. I толькі па дарозе дадому нарэшце адчулі ўвесь смак перамогі і гордасць за сябе. Прыехалі ў Дзятлава са спакойнай душой і адчуваннем задавальнення. На другі дзень нас на лінейцы віншавала ўся гімназія.

Юлія ЯКАЎЧЫК, вучаніца гімназіі №1 г.Дзятлава.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/